17-18 студзеня — акцыя «Птушкі ля кармушкі»!

ад 17 студзеня 2015 года

Чарговая зіма – гэта чарговая акцыя «Птушкі ля кармушкі». Запрашаем 17 і 18 студзеня 2015 года! Як прыняць удзел, хто можа завітаць на кармушку і якія падарункі разыграе АПБ сярод удзельнікаў?

Сябры, чарговая зіма – гэта чарговая акцыя "Птушкі ля кармушкі". Запрашаем да ўдзелу 17 і 18 студзеня 2015 года! 

Як прыняць удзел у акцыі? 17 і/ці 18 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак на вашай кармушцы і дашліце дадзеныя ў АПБ адным з наступных спосабаў: 

·         запоўніце электронную форму на сайце(адкрыецца 17 студзеня);

·         напішыце нам паведамленне на Facebook ці ВКонтакте;

·         напішыце паведамленне на info@ptushki.org.

Дзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі і фотаназіраннямі ў сацыяльных сетках і па электроннай пошце. Раптам менавіта вам пашэнціць сустрэць рэдкі від на сваёй кармушцы? Падрыхтуйце пачастункі для птушак загадзя! Што падабаецца пернатым, можна паглядзець тут.

Сіняя сініца. Фота - Руслан Завадзіч

Сярод  удзельнікаў акцыі гэтага года, якія паведамяць свае лічбы адным з прыведзеных спосабаў, АПБ разыграе 10 значыкаў з птушкамі, якія часцей за іншых наведваюць кармушкі: зелянушка, гіль, палявы і дамавы верабей.

Падлічы птушак - выйграй значык!

Таксама запрашаем далучыцца да назіранняў у Instagram. Зрабіце фота птушак, якія завіталі на вашу кармушку, выкладайце яго ў Instagram і пазначце агульным хэш-тэгам#птушкілякармушкі, па якім мы лёгка знойдзем вас!

Даведка АПБ: “Птушкі ля кармушкі” 2014 года

Амаль 7 тысяч асобін не засталіся галоднымі падчас акцыі ў мінулым годзе.  Усяго за трэція выходныя студзеня ў 2014 годзе на кармушкі завіталі птушкі 41 віду. Часцей за іншых бачылі вялікую сініцу (1648 асобін), на другім месцы – палявы верабей (1569 птушкі), на трэцім – дамавы верабей (1346 птушак). Таксама шмат было шызых галубоў (530 асобін) і гілёў (325 асобін), прыляталі каўкі (256) і звычайныя зелянушкі (191).

Вынікі акцыі 2014 года

Самая рэдкая птушка на акцыі 2014года — малінаўкаНазіралі прыгажуню толькі ў адным месцы – Брэсце. Сярод цікавых назіранняў і дзве берасцянкі ў г.Жодзіна, яны прыляталі да кармушкі сябры АПБ Віктара Гаўрыленкі. Падрабязней паглядзець, як прайшлі “Птушкі ля кармушкі-2014”, можна тут.

Шчыра жадаем цікавых птушыных назіранняў, няхай на вашую кармушку часцей завітваюць крылатыя госці, штодзённа ўздымаючы настрой!

Карына  Салавей, каардынатар акцыі “Птушкі ля кармушкі” 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: