3 000 птушак ля нашых кармушак

ад 19 студзеня 2015 года

Больш за 700 удзельнікаў акцыі“Птушкі ля кармушкі-2015» у мінулыя выходныя падкармілі звыш 3000 птушак. Вынікі акцыі — тут!

Больш за 700 удзельнікаў акцыі “Птушкі ля кармушкі-2015» у мінулыя выходныя падкармілі звыш 3000 птушак

17-18 студзеня пачаставацца на кармушкі завіталі птушкі 25 відаў. Часцей за іншых бачылі сініцу вялікую (755 асобін), на другім месцы – верабей дамавы (590 асобін), на трэцім – верабей палявы (567 асобін). Таксама было шмат шызых галубоў і зелянушак, прыляталі каўкі  і сарокі. Поўны спіс птушак можна спампаваць тут.

Топ-10 птушак акцыі

— Сярод цікавых назіранняў варта адзначыць  рэгістрацыі дзвух відаў чырвонакніжных дзятлаў – беласпіннага дзятла і зялёнай жаўны. Але пакуль мы не маем фотаздымкаў, і таму гэтае назіранне магчыма адносіцца да іншых падобных, больш звычайных відаў дзятлаў – вялікага дзятла і сівой жаўны, — каментуе вынікі акцыі спецыяліст АПБ па прыродаахоўным пытанням Сямён Левы.

Сойка ў Мінску. Фота - Алег Пахомаў

Звычайны таўстадзюб на вул.Бірузова, Мінск

Вялікая сініца ў Дзятлава. Фота - Лаура Юодайціс

Акцыя была багата на цікавыя расповеды і  фотаназіранні. Вось такі водгук мы атрымалі з в.Мішневічы Шумілінскага раёна:

“У гэтым годзе вучні нашай школы вырашылі прыняць удзел у акцыі "Птушкі ля кармушкі”, але назіраць за птушкамі мы пачалі ўжо даўно.  Разам са сваёй настаўніцай Ільясевіч Таццянай Уладзіміраўнай мы назіралі не толькі за зменамі ў надвор'і, але і за птушкамі, бо многія з іх могуць лічыцца сапраўднымі жывымі барометрамі. Ля нашай школы ўстаноўлены стацыянарныя кармушкі, яны падзелены паміж класамі і ўсе дзеці прымаюць удзел у іх падкормцы. Робім мы гэта кожны дзень, бо ведаем, што голад больш небяспечны для птушак, чым холад. Але больш цікавыя назіранні мы зрабілі дома, бо там у нас таксама есць кармушкі. Я хачу расказаць пра звычайнага пярэстага дзятла. Ля майго дома растуць чатыры сасны. Зімой на іх галінках шмат шышак. Дзяцел прылятае кожны дзень імі ласавацца..Яшчэ вывешваем на нітачцы кавалачкі несалёнага сала для сінічак, яны гэту страву вельмі любяць. Але аказалася, што і мой знаёмы дзяцел не супроць паласавацца сальцам. Ён прылятае да пачастунка, спачатку ўладкоўваецца на яблыню, а калі сінічкі разлятаюцца, напэўна яго баяцца, — дзяцел, нібы сапраўдны кароль, пачынае ласавацца. Толькі сойкі не баяцца дзятла, але цярпліва чакаюць сваю чаргу. Раней я ніколі не чытала і не чула, што дзятлы з сойкамі такое ядуць.”

Удзельнікі акцыі з в.Мішневічы, Шумілінскі раён, Віцебская вобласць

Прыемна было атрымаць вялікую колькасць назіранняў  ад Барысаўскага і Слуцкага аддзяленняў АПБ. У Барысаве “Птушкі ля кармушкі” адбыліся ў экалагічным цэнтры. Падчас акцыі прайшлі 4 экскурсіі для навучэнцаў мясцовых школ. Якія птушкі часцей за ўсё завітваюць пачаставацца? Як самастойна зрабіць кармушку з яловых шышак? Удзельнікі акцыі атрымалі адказы на гэтыя пытанні падчас адмысловай прэзентацыі.

З дапамогай сайту randomus.ru 10 значыкаў з выявамі птушак, якія прылятаюць на кармушкі, знайшлі сваіх пераможцаў! Па выніках латарэі наступныя ўдзельнікі атрымаюць на працягу тыдня па пошце значакі: Ліза Васількова, Дар’я Гарбач, Валянціна Грыцкевіч, Таццяна Дзіковіч, Алег  Ламакін, Анатоль Бараноўскі, Ганна Маркевіч, Аляксандр Максімюк,  Жанна Машуціна, Аляксей Клімковіч. Віншуем!

Вялікі дзякуй усім удзельнікам акцыі за падтрымку птушак узімку, цікавыя дадзеныя і цудоўныя фотаздымкі!  

Больш фотаздымкаў з акцыі шукайце тут.

Карына  Салавей, каардынатар акцыі "Птушкі ля кармушкі" 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: