Дзесятак скрынь — падарунак вушатым совам Камянеччыны!

ад 24 лютага 2015 года

Новыя скрыні для птушкі 2015 года — вушатай савы — з`явіліся на Камянеччыні дзякуючы акцыі «Вугляны для вушатай савы».

Штодзённыя сюрпрызы веснавога надвор’я і нават калектыўная нязначная прастуда не змаглі перакрэсліць планы аматараў птушак з Берасцейшчыны актыўна адпачыць і папрацаваць разам для птушак і людзей, а дакладней – для птушкі года 2015, вушатай савы.

Менавіта з гэтай нагоды, 21 лютага ў Белавежскай пушчы ля ваколіц вёскі Вугляны Камянецкага р-на Брэсцкай вобласці сіламі Юркі Бакура, Дзяніса Табунова, Рамана Шкабары і Вадзіма Пракапчука адбылася акцыя “Вугляны для вушатай савы”. Пад час развешвання даўно знаёмыя сябры абмеркавалі шэраг пытанняў, якія датычацца біятэхніі, біялогіі вушатай савы, узаемаадносін начных драпежных птушак і людзей, і шмат чаго іншага. 

Новыя скрыні - падарункі для птушкі 2015 года

Варта сказаць, што скрыні былі пабудаваныя вучнямі гімназіі г. Маларыта. Дзякуй вам! Спадземся, хутка совы заселяцца ў "новабудоўлі"! 

Удзельнік акцыі Юрка Бакур

Усяго ў ваколіцах вёскі Вугляны сябрамі было развешана дзевяць скрынь у выбраных і калегіальна абмеркаваных падыходзячых біятопах. 

Удзельнік акцыі Раман Шкабара

А калі ўлічыць яшчэ vip-скрыню ад Хэлен Кларк (першая асоба ў ПРААН), якую яна зрабіла пад час свайго візіту ў Беларусь у 2014 годзе (павешана летам мінулага года сіламі вядомага знаўцы і “біятэхнолага” вушатай савы Дзяніса Кіцеля, Івана Іванюковіча і Вадзіма Пракапчука), то атрымліваецца прывабная лічба – дзесяць! 

Скрыня Хэлен Кларк

Цяпер будзем сачыць, наколькі ўдалым будзе засяленне і канчатковая занятасць скрынь ужо сёлета. Чакайце навін! 

Удзельнік акцыі Дзяніс Табуноў

…Зіма яшчэ нагадвала аб сваёй прысутнасці льдом на затоках ракі Лясная, гілямі і чародкамі амялушак, аднак першая песня палявога жаўрука, курлыканне журавоў, мітусня гаманлівых шпакоў і гогат ужо прыляцеўшых мясцовых шэрых гусей падказвалі: хутка вясна! Не паспеем азірнуцца, як абудзіцца лес і яго таямнічыя начныя птушыныя драпежнікі, дзеля якіх і адбылася акцыя “Вугляны для вушатай савы”.

Вадзім Пракапчук

Фота аўтара

 Дзякуем нашым сябрам за такую добрую справу і спадзяемся, што совам будзе ўтульна ў новых “хатках”! А што вы ўжо зрабілі для птушкі 2015 года? Дасылайце нам свае фотаздымкі і аповеды! 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: