Конкурсы і добрыя справы для вушатай савы

ад 26 лютага 2015 года

Хутка будзем сустракаць вясну! А што адбываецца ў межах кампаніі “Птушка года”? Прапануем вашай увазе агляд конкурсаў і падзеяў.

Усё болей птушак вяртаюцца на Радзіму і вясна неўзабаве завітае ў родны край. А што адбываецца ў межах кампаніі “Птушка года”? 

Фота - А.Іваноў

Вясна – час творчасці і новых ідэй. Прапануем сябрам АПБ паспрабаваць сваю моц у конкурсах, якія адбудуцца ў межах кампаніі “Вушатая сава – птушка 2015 года”! Мэты конкурсаў – паказаць прыгажосць вушатай савы, адметныя прыкметы, цікавыя асаблівасці яе жыцця, адзначыць станоўчую ролю птушкі ў жыцці чалавека.

Конкурсы  кампаніі даволі розныя, на любы густ дарослых і дзяцей. Калі вы займаецеся распрацоўкай ўрокаў, класных гадзін і пазашкольных заняткаў, маеце цікавыя ідэі наконт прыродаахоўных альбо асветніцкіх акцый, конкурс на лепшую метадычную распрацоўку, прыродаахоўную або асветніцкую акцыю дакладна для вас. Падзяліцеся сваімі ідэямі з калегамі!

Свае паэтычныя здольнасці можна паспрабаваць у літаратурным конкурсе “Найлепшы верш пра вушатую саву”. Шукайце незвычайныя рыфмы, расказвайце пра “вушы”, крылы ды птушанят у вершаванай форме і атрымлівайце прызы!

Аматараў ‘стрыт-арту’  заклікаем паўдзельнічаць 5 чэрвеня (Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя) у конкурсе малюнка на асфальце “Як вушатая сава снедае?”.

Нашым маленькім мастакам прапануем звярнуць увагу на мастацкія конкурсы – малюнка і вырабаў з прыродных матэрыялаў па фотаздымкам.

Падрабязныя ўмовы ўдзелу ў конкурсах і тэрміны падачы творчых работ, глядзіце, калі ласка, у далучаным файле:

Спампаваць палажэнне аб конкурсах у межах кампаніі  "Вушатая сава — птушка 2015 года"

Маляваныя віншаванні напрыканцы 2014 ад навучэнцаў мінскага клубу “Крылаты дазор” пад кіраўніцтвам І.Бірынай-Паўлавай

Найлепшыя конкурсныя працы можна будзе пабачыць на фінальнай выставе напрыканцы года, а таксама на штогадовым З’едзе АПБ у студзені 2016. Пераможцы атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі.

Шчыра жадаем поспехаў і творчага натхнення ўсім удзельнікам!

Што адбываецца ў жыцці вушатых соў у дадзены перыяд года, мы запыталі ў супрацоўніка па прыродаахоўным пытанням Сямёна Левага.

— Ужо зараз у прыцемках можна пачуць ціхі голас вушатай савы. Пакуль птушкі “ўхаюць” не актыўна. Але з кожным днём працягласць светавога дня расце і актыўнасць соў будзе павялічвацца. Некаторыя іншыя віды соў таксама пачалі праяўляць гнездавыя паводзіны. Вось чаму зараз – час пачаць вывучаць соў вашай мясцовасці, у тым ліку і птушкі 2015 года – вушатай савы! Усе сабраныя дадзеныя і занесеныя ў ан-лайн базу па біяразнастайнасці Беларусі  дапамогуць у стварэнні першага нацыянальнага і другога еўрапейскага Атласа гняздуючых птушак? – адзначае Сямён.

Шаноўныя сябры, калі вы ўбачылі ці пачулі вушатую саву ў сваёй мясцовасці, занясіце, калі ласка, гэтыя дадзеныя на сайт біяразнастайнасці Беларусі. Загаддзя вялікі дзякуй за назіранні!

Прыемна адзначыць,  што зусім нядаўна птушка года атрымала ў падарунак  10 скрыняў ад Брэсцкіх сябраў АПБ. Спадзяемся, што вясной скрыні стануць сапраўдным савіным домам! 

Фота - В.Пракапчук

Вельмі ўдзячны сябрам за добрую і карысную справу. Бярыце прыклад і далучайцеся да будовы штучных гняздоўяў!

Якім чынам зрабіць прытулак для птушкі года, чытайце ў аглядзе штучных гняздоўяў для соў арнітолага Дзяніса Кіцеля. 

Фота - Д.Кіцель
 

Шэраг цікавостак на працягу года адбудзецца ў сацыяльных сетках, таму сачыце за абвесткамі ў нашых афіцыйных суполках Укантакце і на Фэйсбуку, дзе ёсць і адмысловая старонка Птушкі года.

Абяцаем трымаць вас у курсе савіных справаў, шчыра жадаем сонечна-веснавога настрою і паболей цікавых назіранняў Птушкі года! 

Карына Салавей, каардынатар кампаніі “Вушатая сава – птушка 2015 года” 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: