Пачалася «Жывая вясна-2015»!

ад 2 сакавіка 2015 года

1 сакавіка АПБ распачала чарговы сезон міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”. Запрашаем сустракаць птушак разам з намі!

Чароды палявых жаўрукоў і кнігавак ужо заўважаны ў веснавым небе, а гэта значыць, што зусім хутка і птушкі "Жывой вясны" вернуцца на Радзіму!
У прадчуванні сапраўднай вясны, 1 сакавіка мы распачынаем чарговы сезон міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”, ў якой Беларусь прымае ўдзел больш за 5 год. Запрашаем сустракаць птушак разам з намі! 

Каб прыняць удзел у кампаніі, трэба пазнаёміцца з 5 відамі птушак, якіх мы абралі і будзем сустракаць разам. Гэта белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка. Рэгулярна бывайце на прыродзе і прыглядайцеся да птушак. Калі вы ЎБАЧЫЦЕ або ПАЧУЕЦЕ абраныя намі віды – зарэгіструйце свае назіранні з дапамогай аднаго з прапанаваных варыянтаў:

  • на сайце пры дапамозе формы "ДАДАЦЬ НАЗІРАННЕ"
  • СМС-паведамленне на кароткі нумар 0841 (Абавязкова напісаць імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і від птушак), у адказ вы атрымаеце падарунак – спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны"!
  • напісаць сваё назіранне ў адмысловых суполках у сацыяльных сеткахFacebook і  Вконтакте.

— Галоўныя мэты кампаніі "Жывая вясна"– сабраць дадзеныя аб тым, як пералётныя птушкі вяртаюцца ў Еўропу, і далучыць як мага болей жыхароў нашай краіны да назірання за птушкамі і прыродай увогуле. Нават калі вы дагэтуль не захапляліся птушкамі, ніколі не позна пачаць. Дарэчы, вясна  для гэтага – самы спрыяльны час,  – распавядае супрацоўнік АПБ Карына Салавей. – Некаторыя людзі дзівяцца: “Як маё назіранне можа дапамагчы і на што яно ўплывае"? Але даволі простыя назіранні, зробленыя вялікай колькасцю людзей, насамрэч каштоўная крыніца інфармацыі па міграцыі птушак, заканамернасцям і зменам у іх штогадовых падарожжах. 

Птушкі "Жывой вясны": белы бусел © Bob, вясковая ластаўка © C. Korkosz, зязюля © Vogelartinfo

Галоўная перавага кампаніі ў тым, што яна мае вялікі геаграфічны абсяг і шматлікіх удзельнікаў па ўсёй Еўропе. Аналіз дадзеных за некалькі год зробіць мажлівым адзначыць тэндэнцыі ў прылётах птушак і паказаць, напрыклад, узаемасувязь паміж тэрмінамі прылётаў і кліматычнымі зменамі. Дарэчы, у мінулым годзе наша краіна заняла 4-е месца па колькасці назіранняў з 52 краін-удзельніц.  

У межах кампаніі ладзяцца 2 конкурса : “Найлепшае фота “Жывой вясны” (не мае ўзроставых абмежаванняў) і конкурс малюнкаў  “Ідэальны сад для птушак” (для дзетак да 16 год).  
Спампаваць умовы конкурсаў "Жывая вясна-2015".

Птушкі "Жывой вясны": чорны свіргуль © Snowmanradio, шчурка-пчалаедка © C.Korkosz

Няхай вясна будзе цёплай і радаснай, багатай на птушыныя спевы і цікавыя назіранні!



Карына Салавей, каардынатар кампаніі “Жывая вясна”,

+37529 2648766, springalive@ptushki.org 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: