Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вясковыя ластаўкі вяртаюцца!
Навіна арганізацыі ад 13 красавіка 2015 года
«Жывая вясна» ўжо атрымала больш за 650 паведамленняў пра вяртанне ў Беларусь белых буслоў. А 4 чалавекі ўжо паспелі ўбачыць і вясковых ластавак! Часцей глядзіце ў неба: ці ёсць ластаўкі ў вашым наваколлі?Сярод птушак “Жывой вясны” на першым месцы пакуль – белы бусел: мы ўжо атрымалі больш за 650 паведамленняў пра вяртанне птушкі-сімвала. Але апошнімі днямі – новыя дадзеныя: на сваіх крылах прыносяць вясну і вясковыя ластаўкі! Часцей глядзіце ў неба: ці ёсць ластаўкі ў вашым наваколлі?
Сыходзячы з дадзеных Клуба 200 – аб’яднання сябраў АПБ, якія цікавяцца назіраннямі птушак –вясковую ластаўку ў нашай краіне бачылі ўжо 4 чалавекі. Так 12 красавіка Андрэй Шэўчык назіраў вясковую ластаўку ў Калінкавічах. У гэты ж час у вёсцы Парахонск Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ўпершыню ў гэтым годзе назіраў вясковую ластаўку і Стас Верталь.
На тэрыторыі нашай краіны вызначаюць тры віды ластавак: гарадская, вясковая і ластаўка-зямлянка. Вясковыя прылятаюць самымі першымі, за імі – гарадскія.
— На днях у нашай краіне з’явіліся першыя вясковыя ластаўкі. Гэта сведчыць аб тым, што стала цяплей і ўжо ёсць даволі шмат лятучых казурак — корму нашых ластавак Другая палова красавіка – гэта час вяртання асноўнай колькасці машкаедных птушак. Хутка з’явяцца камышоўкі, лескі, цвыркуны, пячураўкі і зязюлі, напачатку траўня чакаем свіргулёў,– распавядае спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы.
Нагадаем, што ўдзельнічаць у кампаніі “Жывая Вясна” – проста і прыемна. Калі вы ўпершыню ў гэтым годзе ўбачылі белага бусла, вясковую ластаўку, звычайную зязюлю, чорнага свіргуля або шчурку-пчалаедку – запомніце колькасць птушак, месца назірання і занясіце гэтыя дадзеныя адным з прапанаваных спосабаў:
Першыя фота і малюнкі ўжо прыходзяць на конкурсы “Жывой Вясны”. Спяшайцеся, сябры, час ляціць вельмі хутка! У чэрвені пераможцы атрымаюць каштоўныя падарункі, не застануцца без увагі ўсе ўдзельнікі конкурсаў.
На сённяшні момант на афіцыйнам сайце кампаніі ад нашай краіны зарэгістравана 690 назіранняў, пакуль мы на 2-м месцы пасля Македоніі.
Карына Салавей, каардынатар кампаніі “Жывая вясна”
springalive@ptushki.org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: