«Жывая вясна-2015»: Беларусь — 5-я з 54 краін-удзельніц!

ад 15 чэрвеня 2015 года

“Жывая Вясна-2015” завершана, прапануем разам узгадаць самыя яскравыя моманты кампаніі! Птушкі, мерапрыемствы, конкурсы і іх пераможцы – тут!

“Жывая Вясна-2015” завершана, прапануем разам узгадаць самыя яскравыя моманты кампаніі! Птушкі, мерапрыемствы, конкурсы і іх пераможцы – тут! 

На працягу ўсёй вясны мы сустракалі прылёт пяці птушак-пасланак вясны: белага бусла, вясковай ластаўкі, звычайнай зязюлі, чорнага свіргуля і шчурак-пчалаедак. Свае назіранні можна было пакідаць на адмысловым сайце або дасылаць праз смс-паведамленне на 0841. На дадзены момант па ўсім свеце ў кампаніі паўдзельнічалі больш за 70 000 чалавек. Лічба не канчатковая, бо ў міжнародным фармаце кампанія доўжыцца да 21 чэрвеня. Ад нашай краіны паступіла звыш 3 000 назіранняў, з іх каля 2000 паступіла з Мінскай вобласці.  Дзякуючы ўсім удзельнікам кампаніі, Беларусь апынулася на 5-м месцы сярод 54 краін-удзельніц! Першае, другое і трэцяе  месца занялі Арменія, Македонія і Расія адпаведна. 

Белы бусел – бясспрэчны лідар назіранняў нашай краіны. Цікава, што сыходзячы з назіранняў усіх краін-удзельніц,  у гэтым годзе перамагла зязюля,  а ў мінулым годзе першай апынулася вясковая ластаўка. 

Сёлета “Жывая вясна” паўдзельнічала ў свяце “Гуканне вясны ў Вязынцы”,  дзе  дарослыя і дзеткі даведваліся больш пра птушак і нават маглі зрабіць сваю з паперы. 

Пляцоўка “Жывой вясны” працавала на Фестывалі кулікоў у Тураве, а таксама на ХIII Рэспубліканскім экалагічным форуме і міжнароднай экалагічнай выставе “Зялёны дом”. 



Напрыканцы кампаніі ў супрацоўніка па прыродаахоўным пытанням АПБ Сямёна Левага адбылася сустрэча з самымі яскравымі птушкамі “Жывой вясны” – шчуркамі-пчалаедкамі. Шчуркі-пчалаедкі – від, які ўваходзіць у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, АПБ будзе садзейнічаць перадачы месцаў іх гнездавання пад ахову. 

Фота - С.Левы
 

Завітала кампанія і ў рэгіёны. У Шумілінскім раённым аддзяленні “Жывую вясну” ўжо каторы год сустракаюць разам з народным святам “Саракі”. Адно з тлумачэнняў паходжання назвы свята звязана з птушкамі (сарокамі, жаўрукамі альбо кулікамі). На раўнадзенства пякуць з цеста “кулікі” і выстаўляюць іх на дах, а таксама ва ўсіх значных месцах. Такія смачныя  птушкі павінны прывабіць вясну, бо вяртанне птушак заўжды было звязана з яе надыходам. Нездарма існуе прымаўка «Саракі прыйшлі – вясну прыняслі».  Старшыня Шумілінскага аддзялення Іна Сінкевіч разам з дзеткамі і дарослымі пяклі птушачак, ладзілі віктарыны і гульні. 


Фота - Наталля Пятроўская
 

Цэлы шэраг мерапрыемстваў зладзілі ў Гродзенскім абласным аддзяленні АПБ. 1 красавіка, у Міжнародны дзень птушак у а.г. Азёры сумесна з Мінпрыроды, Рэспубліканскім ландшафтным заказнікам "Азёры" і  Азерскай санаторнай школай-інтэрнатам для навучэнчаў школы былі праведзены інтэрактыўныя прэзентацыі і экскурсія на птушак, пад час якой былі развешаны сінічнікі.

Фота - Т. Смыкоўская

Таксама была адкрыта фотавыстава “Нашы Птушкі-2015”, а дзетак вучылі рабіць птушак з войлака.

Фота - Т. Смыкоўская

Каля 100 чалавек прынялі ўдзел у конкурсах “Жывой Вясны”. Прыемна было атрымаць ад вас прыгожыя малюнкі ды фота: сустрэчы з птушкамі кампаніі не толькі адбыліся, але і патрапілі ў гісторыю! Варта адзначыць, што павысілася актыўнасць удзельнікаў з Магілёўскай і асабліва Гомельскай абласцей нашай краіны. У гэтых регіёнах пры фінанскавай падтрымцы Еўрапескага саюза зараз рэалізоўваецца праект АПБ "Аб'ядноўваючыся выкол прыроды", дзякуючы чаму ў нас з'явіліся актыўныя настаўнікі і памочнікі, дзясяткі клубаў "Крылатыя дазоры". Рады навінам, усходняя Беларусь! 

Хто апынуўся ў пераможцах у гэтым годзе? 

Конкурс малюнкаў меў назву “Ідэальны сад для птушак”. Удзельнікі дасылалі малюнкі, які адлюстроўваюць лепшыя месцы для жыцця птушак. Конкурсныя працы ацэньваліся ў дзвюх узроставых катэгорыях: 7-11  і 12-15 год.


У першай катэгорыі перамаглі:

1-е месца — Гасперовіч Аляксандра 

Гасперовіч Аляксандра

2-е месца — Сталярова Яўгенія

Сталярова Яўгенія

3-е месца — Болдырава Елізавета

Болдырава Елізавета
 

У другой узроставай катэгорыі:

1-е месца — Сыракваш Марыя 

Сыракваш Марыя

2-е месца — Шчэпкіна Валерыя 

Шчэпкіна Валерыя

3-е месца — Ляшэнка Надзея 

Ляшэнка Надзея

Пераможцамі фотаконкурса “Птушкі “Жывой вясны” сталі: 

1-е месца — Альшэўская Святлана 

Альшэўская Святлана

2- месца — Сцефановіч Яўген 

3 месца — Таццяна Каржыцкая 

Каржыцкая Таццяна
 

Дзякуй усім удзельнікам за яскравыя работы, непаўторныя і цікавыя! Пераможцы конкурсаў атрымаюць дыпломы, прызы і памятныя сувеніры ад АПБ. 

“Жывая Вясна-2015” перадае эстафету сонечнаму лету: наперадзе новыя птушыныя сустрэчы, удалыя фотаздымкі, прыгоды ды падарожжы. Няхай кожны дзень поўніцца яскравымі момантамі і падзеямі на прыродзе. АПБ падрыхтавала на лета новыя цікавосткі – заставайцеся разам з намі і птушкамі! 

Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая Вясна" ў Беларусі 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: