Фонскаломба: у Беларусі адзначаны 65-ы від стракоз

ад 19 чэрвеня 2015 года

На сайце www.florafauna.by з’явілася новая страказа: Фонскаломба (Sympetrumfonscolombii) стала 65-м відам для Беларусі. Пра інвазію, запаздаласць адкрыцця і магчымасць паназіраць за стракозамі для любога жадаючага распавядае “Калумб” беларускай фонскаломбы, арнітолаг Дзяніс Кіцель.

На сайце www.florafauna.by з’явілася страказа, якой дагэтуль не было ў спісе відаў беларускіх стракоз. Страказа Фонскаломба (Sympetrum fonscolombii) стала 65-м такім відам. Пра інвазію, запаздаласць адкрыцця і магчымасць паназіраць за стракозамі для любога жадаючага распавядае “Калумб” беларускай фонскаломбы, арнітолаг Дзяніс Кіцель. 

Фота - Д.Кіцель

Першая сустрэча з фонскаломба адбылася ў арнітолага Дзяніса Кіцеля 31 траўня пад час назіранняў за птушкамі на рыбгасе “Волма” у Чэрвенскім раёне. Але разуменне таго, што гэта новы від, прыйшло праз некалькі гадзін пасля фотаздымка.

— Страказу я ўбачыў акурат на дарозе, — расказвае Дзяніс. – Справа ў тым, што род Sympetrum не заўсёды трымаецца вады: ім падабаюцца палянкі, узвышшы. Хутка сфатаграфаваў і спачатку не прыдаў асаблівай увагі. Пазжэй разглядзеў фотаздымак і зразумеў: гэта новы від. Насамрэч адкрыццё можна лічыць запаздалым: у Латвіі, напрыклад, гэты від зарэгістраваны яшчэ ў 2009 годзе. Напэўна, і ў нас гэтая страказа была раней, але на гэта не звярталі дастаткова ўвагі, спецыялістаў няшмат.  

Фота - Д.Кіцель

Экспертам было дастаткова фотаздымка, каб падцвердзіць: гэта насамрэч фонскаломба. Гэты від адметны тым, што ў некаторыя гады здзяйсняе інвазію ў паўночныя арэалы. Напэўна, 2015 стаў годам інвазіі гэтай страказы ў Беларусь: від адзначаны ўжо ў некалькіх месцах.

5 чэрвеня з’явіліся звесткі пра 1 самца на рыбгасе “Чырвоная Зорка” ў Жыткавіцкім раёне, 6 чэрвеня 3 маладыя самкі і 1 дарослы самец былі адзначаны ў Маларыце на возеры Ваенным.  

Што будзе надалей з новым для Беларусі відам і ці вярнуцца яны ў нашу краіну наступным летам – невядома. Але у гэтым годзе фокскаломба можа  сустракацца ў многіх месцах: звярніце ўвагу і вы!

Даведка: што рабіць, калі вы бачыце страказу?

Калі вы ўбачылі страказу – паспрабуйце сфатаграфаваць яе. Эксперт вы ці не – ў дадзеным выпадку неістотна. Галоўнае – паспрабуйце зрабіць як мага больш якаснае фота. Загрузіце фотаздымак на сайт “Біяразнастайнасць Беларусі”, эксперты дапамогуць вызначыць від! Магчыма, менавіта ваша фота прынясе навукоўцам новую карысную інфармацыю, а краіне – новы від. У “Назіраннях” ёсць адмысловы раздзел “Стракозы”. Паглядзіце, што адзначаюць другія людзі, і дадавайце свае назіранні!

Фонскаломба ўжо занесены на сайт "Біяразнастайнасць Беларусі"

Апошнія рэгістрацыі стракоз на www.florafauna.by

— У краінах-суседзях адзначана шмат стракоз, якія патэнцыяльна могуць быць і ў нашай краіне. Таму ёсць усе шанцы адзначыць новыя для Беларусі  віды, — адзначае Дзяніс і запрашае далучацца і звяртаць на стракоз больш увагі. 

За плячыма Дзяніса Кіцеля дагэтуль было тры рэгістрацыі новых для Беларусі птушак: горная пліска (2009), чайканосая крычка (2012) і пячураўка-зарнічка (2014). Фонскаломба стала першай (і, думаецца, не апошняй) страказой, якую арнітолаг адкрыў для Беларусі. 

Вікторыя Церашонак, інфармацыйная служба АПБ 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: