Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вушатай саве — паўгады!
Навіна арганізацыі ад 7 ліпеня 2015 года
Ліпень дорыць радасць у выглядзе сонечнага надвор’я, а вушатая сава тым часам святкуе паўгады ў статусе птушкі года! Прапануем разам узгадаць самыя цікавыя моманты кампаніі ў нашым дзённіку птушкі года.Ліпень дорыць радасць у выглядзе сонечнага надвор’я, а вушатая сава тым часам святкуе паўгады ў статусе птушкі года! Прапануем разам узгадаць самыя цікавыя моманты кампаніі ў нашым дзённіку птушкі года.
19 лістапада 2014
На ўрачыстым узнагароджанні пераможцаў конкурсаў кампаніі «Зязюля – птушка 2014 года» мы абвясцілі, што птушкай 2015 года ў Беларусі стала вушатая сава.
Нагадваем, што кандыдаты на Птушку года 2015 вызначаліся як прапановай з боку АПБ, так і шляхам апытанкі на сайце www.ptushki.org, прыняць удзел у якой мог кожны жадаючы жыхар Беларусі. Такім чынам кандыдатамі на Птушку года 2015 былі сіняя сініца, сава вушатая, цецярук, баталён. Канчатковае рашэнне прымалася з дапамогай галасавання ўдзельнікамі З’езда АПБ ў студзені. Вушатая сава перамагла ў складанай барацьбе – з розніцай усяго ў 3 галасы!
5 студзеня
На сайце АПБ з’явілася інструкцыя, якім чынам пабудаваць домік для птушкі года. Мы ўжо ведаем, што сава вушатая не будуе гнёздаў, а займае “кватэры” гракоў, варон, крумкачоў ці сарок, але месцамі назіраецца дэфіцыт падобных пабудоваў. Таму сава часта не адмаўляецца ад падарунка – новага жытла, зробленага чалавекам. А вы ўжо пабудавалі домік для савы? Не? Тады выпраўляйцеся, каб у наступным годзе мець прыемнае суседства.
15 студзеня
Адбыўся заачацвер, на якім спецыяліст па прыродаахоўным пытанням АПБ Сямён Левы распавёў пра асаблівасці жыцця гэтай птушкі і адказаў на пытанні. Спампаваць прэзентацыю вы можаце тут. Заачацвяргі з АПБ адновяцца ўжо гэтай восенню, а пакуль нашыя патэнцыйныя выступоўцы вандруюць ды набіраюцца ўражанняў для новых сустрэч.
21 лютага
Сябры АПБ з Берасцейшчыны ўласным прыкладам паказалі, якім чынам можна дапамагчы птушцы года. Сустрэліся чацвёра сяброў Юрка Бакур, Дзяніс Табуноў, Раман Шкабара і лакальны каардынатар праекта "Прырода важная для ўсіх" Вадзім Пракапчук 21 лютага ў Белавежскай пушчы ля ваколіц вёскі Вугляны Камянецкага р-на Брэсцкай вобласці ды зладзілі акцыю “Вугляны для вушатай савы”, пад час якой развесілі каля 10 скрыняў, якія дагэтуль пабудавалі вучні з гімназіі Маларыты. Дзякуй хлопцам і дзеткам за добрую справу!
Вясна 2015
Жыхары сталіцы маглі пазнаеміцца з птушкай года ў транспарце: каля 300 лістовак у якасці сацыяльнай рэклямы былі размешчаны ў наземным транспарце Мінска.
1 красавіка
У Сусветны дзень птушак Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла паштовую марку “Вушатая сава”з серыі “Птушка года” тыражом 70 тыс экзэмпляраў! Вы зжо набылі?
27-30 сакавіка
Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ пры падтрымцы нацыянальнага парка «Белавежская пушча» ды аграсядзібы «Залессе» зладзілі традыцыйны летнік “Начныя жыхары ляСОЎ”. Сёлета галоўнымі тэмамі летніку, акрамя савінай, сталі Бернская канвенцыя і «Смарагдавая сець» у Беларусі, а таксама лясная сэртыфікацыя па сістэме FSC. Праграма была насычанай: будоўля скрыняў для соў, шпацыры ў пошуках птушак па балоце і лесе (у тым ліку начныя!), кожны з удзельнікаў меў магчымасць далучыцца да сапраўднага маніторынгу развешаных гнездавых скрыняў. Восенню вельмі раім патрапіць на “Савіны фэст”, які адбудзецца ў Залессі.
29 сакавіка
У Лошыцкім парку адбылася экскурсія для клуба “Рэдкая птушка” – адной з катэгорый сяброўства АПБ. Экскурсію праводзіў знакаміты сававед Дзяніс Кіцель, які ў перапынках паміж сумеснымі птушынымі назіраннямі лёгка адказваў на самыя незвычайныя пытанні.
Удзельнікам экскурсіі давялося не толькі пабачыць гаспадыню гэтага года – вушатую саву, але і стаць сведкамі размяшчэння на дрэвах 2-х гнездавых скрыняў для птушкі года.
Сябры клуба “Рэдкая птушка” мужна перанеслі экскурсію –назіраць, як на тваіх вачах чалавек без страхоўкі лезе на дрэва і знаходзіцца там разам са скрыняй на вышыні 10 метраў – відовішча не для слабанервовых. Скрыні паспяхова былі развешаны, а ўдзельнікі экскурсіі засталіся задаволеныя і трошкі збянтэжаныя – да канца экскурсіі не верылася, што вушатая сава жыве зусім побач!
19 красавіка
Гродзенскае аддзяленне АПБ зладзіла акцыю ў мясцовым заапарку па будоўлі скрыняў для вушатай савы. Падчас мерапрыемства наведвальнікі заапарка пад кіраўніцтвам арнітолагаў вучыліся будаваць кватэры для птушак года. Гатовыя скрыні адправіліся ў заказнік “Азёры”, які дапамог з будаўнічымі матэрыяламі. Нават самыя маленькія гарадзенцы прынялі ўдзел у добрай ініцыятыве, падрабязны фотаагляд тут. Дзякуй Гарадзенскаму аддзяленню АПБ і ўдзельнікам акцыі!
Травень
Мы атрымалі справаздачу ад арнітолага Дзяніса Кіцеля па маніторынгу ўжо існуючых штучных гняздоўяў вушатых соў– у мінулым годзе на тэрыторыі Маларытскага раёна былі развешаны 50 скрыняў. Гняздоўі былі размешчаны з большага ў тых месцах, дзе раней жылі совы, але скрыні з часам сапсаваліся. У выніку былі правераны 60 домікаў. Апынулася так, што 10 з іх былі заселеныя (20%). Праверка праводзілася, калі гнездавы сезон яшчэ не быў скончаны, але нават па папярэднім вынікам можна сказаць, што год для вушатай савы добры. Аб асноўных пагрозах для гнездавання птушкі года, а таксама незвычайных знаходак у гнездах, падрабязней можна прачытаць тут.
Свае гнёзды праверыў і арнітолаг Уладзімір Іваноўскі. Справаздача па Віцебскім рэгіёне размешчана на сайце "Птушкі штодня".
5 чэрвеня
У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя АПБ прапанавала дзеткам паўдзельнічаць у конкурсе малюнка на асфальце "Як вушатая сава снедае?". Больш за 200 фота мы атрымалі ў гэтым годзе на паштовую скрыню кампаніі. У акцыі прынялі ўдзел звыш 400 чалавек. Дзякуючы цудоўным работам нашых маленькіх таленавітых сябраў АПБ, цяпер усе ведаюць, што галоўны рацыён птушкі года – мышападобныя грызуны. Нас вельмі парадавалі новыя ўдзельнікі конкурсу з праекта "Аб'ядноўваючыся вакол прыроды", які АПБ пры падтрымцы ЕС ладзіць на тэрыторыях, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Наша сям'я расце!
28 чэрвеня
У Дзень моладзі на мерапрыемстве “Супер парк” мы разам з дзеткамі не толькі разважалі, як зрабіць парк Горкага лепей, але і малявалі любімых крылатых сяброў – шэраг малюнкаў быў прысвечаны вушатай саве.
Вялікі дзякуй усім, хто ўжо паспеў прыняць удзел у кампаніі, вы натхняеце астатніх сваім добрым прыкладам! Дзякуй, сябры, што дасылаеце свае лісты і фотаназіранні на нашыя электронныя паштовыя скрыні – яны поўныя добрых словаў і цёплага стаўлення да птушак і прыроды ўвогуле. Расповеды, якія мы атрымліваем, з’яўляюцца ў адмысловай суполцы “Птушкі года” ў Фэйсбуку (далучайцеся!), а бывае, што і на сайце – так атрымалася са шчырай гісторыяй дзяўчынкі Яніны.
Якія цікавосткі яшчэ хавае “Птушка года” ?
Карына Салавей,каардынатар кампаніі “Птушка года”
Падзяліся артыкулам у сацсетках: