«Рэдкіх птушак» становіцца ўсё больш!

ад 13 ліпеня 2015 года

Адразу папярэдзім чытачоў: гаворка пойдзе не пра птушак, а пра людзей. Людзей, якія з`яўляюцца сябрамі клуба АПБ “Рэдкая птушка”. Кожны год іх сяброўскі ўзнос перавышае ўзносы астатніх. Навошта яны плацяць болей?

Адразу папярэдзім чытачоў: гаворка пойдзе не пра птушак, а пра людзей. Людзей, якія з'яўляюцца сябрамі клуба АПБ “Рэдкая птушка”. Кожны год іх сяброўскі ўзнос перавышае ўзносы астатніх. Навошта яны плацяць болей? 

Фота-  Р.Завадзіч

З гісторыі

Катэгорыя “Рэдкая птушка” з'явілася ў АПБ у 2002 годзеі пачыналася з некалькіх чалавек. Зараз колькасць удзельнікаў складае больш за 90 чалавек.

Чаму варта быць “Рэдкай птушкай”?

– вы падтрымліваеце прыродаахоўную дзейнасць АПБ. Ваш узнос цалкам кампенсуе кошт матэрыялаў, а астатнія грошы ідуць на карысныя для птушак справы!

– вы маеце магчымасць далучыцца да адмысловых экскурсій, якія АПБ ладзіць спецыяльна для сяброў клуба;

– вы атрымліваеце значак з выявай птушкі, які можна з гонарам насіць і такім чынам дэманстраваць сваю прыналежнасць да АПБ і свой клопат пра дзікую прыроду. 

на экскурсіі ў пошуках шчурак

На што ідуць грошы “Рэдкіх птушак”?

У 2014 годзе грошы ўдзельнікаў “Рэдкай птушкі” пайшлі на падтрымку валанцёрскіх летнікаў на Тураўскім лузе і на праект спадарожнікавага сачэння за зязюлямі. У 2015 частка сродкаў выкарыстаная на маніторынг гнездавых скрыняў для птушкі года – вушатай савы.

Куды “лятаюць” сябры клуба? 

“Рэдкая птушка” ўжо шукала птушак на рыбгасах, у лясах і нават на сметніках, выпраўлялася на кар'еры ў пошуках шчурак-пчалаедак , праходзіла экалагічную сцежку адзінага ў краіне запаведніка – Бярэзінскага біясфернага. Сёлета мы ўдала выправіліся на пошукі вушатай савы. Яшчэ адна экскурсія (пакуль сакрэтная) запланаваная на восень. Далучайцеся – паедзем разам! 

на экскурсіі ў пошучах шчурак

Як стаць “Рэдкай птушкай”?

Далучыцца даволі проста: на старонцы www.ptushki.org/anketa запоўніце анкету сябра і пазначце катэгорыю “Рэдкая птушка”.Пасля гэтага аплаціце ўзнос – і вы ўжо сябра клуба!

Як сябру АПБ перавесціся ў катэгорыю РП?

Напішыце нам на адрас info@ptushki.org ці патэлефануйце +375 17 2630613 і паведаміце пра жаданне змяніць катэгорыю сяброўства. Мы скажам неабходную суму, якую трэбадаплаціць да вашага мінулага ўзносу.Пасля гэтага вас перавядуць у РП! Важна: кожны год перад аплатай сяброўскага ўзносу можна самастойна змяніць катэгорыю.

“Рэдкая птушка” –падарунак на народзіныці вяселле!

Цікава, што апошнім часам усё больш людзей набывае сяброўства ў клубе ў якасці падарункаў сваім сябрам. Гэта арыгінальны і сапраўдны сюрпрыз для чалавека. Потым большасць людзей працягвае сяброўства і на наступны год яны самастойна аплачваюць узносы. 

Дзе жывуць "Рэдкія птушкі"? 

Паглядзмце на адмысловай дыяграме (*складалася на момант, калі ў нас было яшчэ 85 сябраў) 

Я “Рэдкая птушка”!

Людзі прыходзяць да нас з розных прычын. Адны хочуць трапіць на экскурсіі, другія – больш даведацца пра птушак, трэція – патраціць грошы на нешта карыснае, чацвёртыя – кампенсаваць такім чынам сваю экалагічную пасіўнасць. Усе яны могуць з гонарам сказаць: «Я “Рэдкая птушка”».

Настасся Кузьміч, культурны арганізатар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: 

– Я вырашыла стаць карысным сябрам АПБ і таму абрала “Рэдкую птушку”, бо ведаю, што толькі ўзнос з такога сяброўства здольны фінансава падтрымаць ахову птушак нашай краіны. Я была валанцёрам на двух фестывалях АПБ і назірала за камандай, якая працуе ў гэтай арганізацыі. Людзі натхнёныя, цікавыя, прыгожыя. Усе дзяўчаты з “птушкавымі” завушніцамі ды каралямі, а ў іх заплечніках ці торбах – абавязкова бінокль, каб назіраць за ўлюбёнымі крылатымі паўсюль. Яны з натхненнем распавядаюць пра таленавітых арнітолагаў, нібы пра галівудскіх зорак. Карацей, цяпер я “Рэдкая птушка” і адчуваю сябе часткай чагосьці выдатнага!

Яўген Лабанаў, дырэктар экалагічнай арганізацыі “Цэнтр экалагічных рашэнняў”:

– Ахова беларускай прыроды – справа тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Нельга сядзець і чакаць, пакуль хтосьці зробіць гэта за нас: варта клапаціцца самім, а не разлічваць на іншых. Важна падтрымліваць экалагічныя ініцыятывы і арганізацыі, якія працуюць у гэтым кірунку. Маё сяброўства з АПБ – гэта мой асабісты ўнёсак у працу арганізацыі, дзейнасць якой я лічу важнай.

Віктар Кулік, кандыдат фізічных навук:

– Я зарэгістраваўся ў Клуб-200, пачаў назіраць за птушкамі, і натуральна “падсеў” на бердуотчынг! Удзел у спаборніцтвах падштурхнуў далучыцца да “Рэдкай птушкі”. Дзякуючы экскурсіям я магу больш шчыльна камунікаваць з арнітолагамі, атрымліваць новыя веды і бачыць новыя куткі Беларусі. Канешне, да Сямёна Левага і Дзяніса Кіцеля мне далёка, але ўсяму свой час. У гэтым годзе падцягну веды па куліках: прозвішча матывуе!

Галіна Шаціла, праектавальнік:

– На добрую справу заўсёды хочацца даць болей. Да таго ж, сума ў любым выпадку невялікая. Не заўсёды магу штосьці зрабіць для птушак, мая прафесія не звязаная з арніталогіяй. Але калі можна дапамагчы праз “Рэдкую птушку” – з радасцю карыстаюся такой магчымасцю.

Анатоль Кароткін, прадпрымальнік:

– Восенню прыходзіў у офіс пазнаёміцца з працай АПБ. Натхніўся і адразу стаў “Рэдкай птушкай”. Ведаеце, прыроду вельмі люблю. Па маладосці бываў і на паляванні, і на рыбалках. А зараз хачу толькі назіраць, замест стрэльбаў – бінокль ды фотаапарат. Птушак люблю: падкормліваю, будую домікі, у гэтым годзе замахнуўся паставіць платформу для буслоў. Буду далучаць да АПБ дзяцей і ўнукаў!

Джон Росман, дырэктар фонду “Экалагічны транспарт”:

– Я падтрымліваю АПБ і заўсёды захапляюся тым, што робіць арганізацыя. Насамрэч, калі я запаўняў анкету на сяброўства ў АПБ, не звярнуў асаблівай увагі на катэгорыю. І так выпадкова атрымалася, што я стаў “Рэдкай птушкай”. Бачыце, якая ўдача! Ужо 3 гады стараюся далучацца да экскурсій, таксама быў на Ельні, на патруляванні ласосяў, штогод прыходжу на з'езды. Развітвацца з АПБ не планую!

Вікторыя Церашонак 

Па матэрыялах часопіса "Птушкі і Мы" (№1(26) 2015) 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: