Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Удзельнікі праграмы «Бусел» у гэтым годзе маюць шанец атрымаць каштоўны прыз!
Навіна арганізацыі ад 31 ліпеня 2015 года
Што адбываецца ў межах адукацыйнай праграмы «Бусел», як удалося за 3,5 гады аб`яднаць больш за 250 груп-удзельнікаў, якія карысныя веды дае праграма і як можна атрымаць каштоўны прыз?
З 2012 года шмат школьных гурткоў, маладзёвых груп па ўсёй Беларусі праводзяць свае даследванні белага бусла ў межах нацыянальнай Адукацыйнай праграмы «Бусел». Праграма распрацавана і зараз каардынуецца спецыялістамі АПБ і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах (Інстытут заалогіі). Падрыхтоўка і выданне яе матэрыялаў стала магчымай у рамках праекта Ciconia-Belarus пры фінансавай падтрымцы Фонду «CICONIA» (Ліхтэнштэйн).
Сама праграма складаецца з кніжкі, дзе можна знайсці цікавыя звесткі пра буслоў, прапановы канкрэтных заданняў або напрамкаў даслеваванняў, іншую карысную інфармацыю, напрыклад, як дапамагаць буслам пры небяспечных выпадках, і г.д. На асобных аркушах дадаюцца матэрыялы для капіравання, што могуць спатрэбіцца ў рабоце па праграме, пры вывучэнні і ахове буслоў, да таго ж іх зручна распаўсюджваць сярод зацікаўленых.
Бяручы ўдзел у гэтай справе, моладзь набывае новыя веды і даследніцкі вопыт, далучаецца да вывучэння і аховы белага бусла, знаёміцца з навуковымі падыходамі, якія ўжываюцца не толькі ў нашай краіне.
У мінулым годзе быў выдадзены першы нумар Інфармацыйнага бюлетэня з вынікамі работы па праграме ў 2013. Зараз рыхтуецца наступны нумар бюлетэня, які плануецца выдаць напрыканцы года.
Усяго за 3,5 гады існавання Адукацыйнай праграмы «Бусел» кніжкі, інфармацыйныя бюлетэні, налепкі атрымалі больш за 250 груп-удзельнікаў, сярод якіх клубы АПБ «Кралыты Дазор», гурткі «Зялёных школ» і іншыя.
Трэба адзначыць, што сябры праграмы былі аднымі з самых актыўных ўдзельнікаў 7-га Міжнароднага перапіса белага бусла ў мінулым годзе. Дзякуючы ўлікам на асобных пляцоўках, мы дазналіся, што колькасць буслоў у нашай краіне павялічылася за апошнія 10 год амаль на 4%! Па папярэдніх дадзеных, атрымалася, што на Беларусі гняздуе каля 22-22,5 тысяч пар гэтых птушак!
На жаль, у мінулым годзе анкетныя ўлікі ахапілі не ўсе раёны краіны, арганізатары так і не дачакаліся звестак з некаторых з іх. Гэта Полацкі і Расонскі раёны Віцебскай вобласці, Ельскі, Жлобінскі, Лельчыцкі, Лоеўскі і Рагачоўскі раёны Гомельскай вобласці, Ашмянскі раён Гродзенская вобласці, Бярэзінскі, Салігорскі, Старадарожскі і Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці. Таму ў 2015 годзе ўлікі буслоў на Беларусі працягваюцца, бо трэба даведацца пра іх колькасць ва ўсіх кутках краіны. Удзельнікі праграмы і ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у дадатковым зборы матэрыялаў аб колькасці буслоў у бягучым годзе.
Мы шчыра ўдзячныя ўсім педагогам, навучэнцам, усім без выключэння ўдзельнікам, якія ўжо далучыліся да праграмы «Бусел» і штогод дасылаюць нам справаздачы аб сваёй працы. Атрыманне сабраных на працягу выканання праграмы дадзеных, а таксама разнастайнай інфармацыі аб працы вучняў і настаўнікаў мае важнае значэнне. Усе, нават невялікія ініцыятывы, з’яўляюцца важным унёскам у рэалізацыю, развіццё і пашырэнне праграмы, таму варта іх апісваць і дзяліцца з іншымі.
Таму пасля праведзенай на працягу года работы мы заклікаем дасылаць вынікі працы і звесткі аб буслах на адрас ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (а/с 306 г. Мінск, 220050) ці непасрэдна каардынатару праграмы. Матэрыялы просім накіроўваць да нас не пазней за 15 кастрычніка 2015 г.
Дасылая гадавую справаздачу, калі ласка, не забудзьцеся пазнычыць наступныя пункты:
1) Поўная назва і адрас школы ці іншай установы, гуртка.
2) Імя і прозвішча настаўніка (кіраўніка групы).
3) Кантактая інфармацыя для сувязі (тэл., е-mail, паштовы адрас)
4) Якія заданні праграмы выконвалі (можна праставіць нумары, згодна з прыведзеным у кнізе, ці назвы заданняў)?
5) Колькі асоб бралі ўдзел у праграме, у тым ліку настаўнікаў, вучняў, іншых?
6) Вынікі выканання некаторых заданняў:
а) Колькасць гнёздаў, за якімі праводзіліся назіранні – лічба;
б) Колькасць кармавых тэрыторый, за якімі праводзіліся назіранні – лічба.
7) Ці падрыхтаваны ўласныя інфармацыйныя матэрыялы? Калі так, пазначце, якія — буклет, плакат, насценгазета або іншае.
8) Анкеты інвентарызацыі гнёздаў, назірання за гняздом ці апісання кармавой дзялянкі можна знайсці ў дадатках да праграмы. Калі вы выконвалі гэтыя заданні, просім іх запоўніць і даслаць каардынатарм.
9) Калі выконваліся іншыя заданні, не пазначаныя ў нашай праграме, просім падрабязна апісаць іх.
Усе атрыманыя намі звесткі, незалежна ад аб’ёму інфармацыі ці мастацкага афармлення, аднолькава важныя для нас. Бо за кожным радком ці лічбаю стаяць гадзіны крапатлівай працы і шчырыя маладыя сэрцы, напоўненыя любоўю да буслоў і турботамі аб іх долі. Таму будзем ўдзячныя за далучэнне выразак з газет, буклетаў, фатаграфій, малюнкаў вучняў і інш. Інфармуем, што ўсе дасланыя звесткі могуць быць вольна выкарастаныя куратарамі ў інфармацыйных матэрыялах праграмы, што папулярызуюць праграму: у навінах, інфармацыйным бюлетэні, на сайце і г.д. Самі матэрыялы не вяртаем!
І яшчэ адна важная абвестка! У гэтым годзе ўпершыню вырашана адзначыць лепшых удзельнікаў праграмы «Бусел». У конкурсе аўтаматычна будуць прымаць удзел усе групы, што дашлюць свае гадавыя справаздачы аб працы па праграме ў 2015 годзе (можна дадаць таксама і ранейшыя вынікі). Тая група, што пераможа ў конкурсе, атрымае каштоўны прыз і Сертыфікат ад Фонду «CICONIA»!!! Пераможцы будуць мець магчымасць прапанаваць свае варыянты прыза і пажаданні з улікам таго, што больш патрэбна іх камандзе для працы па праграме.
Ірына Самусенка, каардынатар адукацыйнай праграмы “Бусел”
ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», вул. Акадэмічная, 27, Мінск, 220072, тэл.: +17 284 25 04 (служб.), +375 29 192 29 58 (маб., Velcom)
Даведка: нагадваем, што электронная версія праграмы размешчана на сайце АПБ у спецыяльным раздзеле, дзе яе можна спампаваць, раздрукаваць ці іншым чынам выкарыстоўваць у адукацыйнай, прыродаахоўнай і асветніцкай дзейнасці:
‘Асобныя матэрыялы Адукацыйнай праграмы «Бусел»:
Інфармацыйны бюлетэнь па праграме Бусел
Прэзентацыя адукацыйнай праграмы «Бусел»
Дадатковыя матэрыялы для капіравання
Падзяліся артыкулам у сацсетках: