Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Рачная рана. Адна з першых перамог Захавальнікаў ТВП «Рака Лясная»
Навіна арганізацыі ад 9 лістапада 2015 года
Разрытыя берагі ракі Лясная ў спякотны год – сапраўдная катастрофа. Як мясцовыя жыхары і Захавальнікі ТВП ратавалі раку і як іх пачулі ўлады – у нашым прыкладзе.Разрытыя берагі ракі Лясная ў спякотны год – сапраўдная катастрофа. Як мясцовыя жыхары і Захавальнікі ТВП ратавалі раку і як іх пачулі ўлады – у нашым прыкладзе.
Здаецца, зусім нядаўна стартаваў праект «Прырода важная для ўсіх. Умацаванне аховы прыроды праз развіццё лідарства і ўдзелу мясцовага насельніцтва ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні», які рэалізуе АПБ пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Але колькасць Захавальнікаў Тэрыторыі, важнай для птушак “Рака Лясная” амаль штодня павялічваецца. Неабыякавыя да лёсу ракі людзi імкнуцца стаць Захавальнікамі ТВП. Прынамсі, яшчэ ў мінулым 2014 годзе, пасля катастрафічнага летняга замору на рацэ Лясная, колькасць зваротаў і актыўнасцяў ад грамадства была вельмі значнай. Як вынік – абласныя структуры камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і канцэрна “Белмеліявадгас” прынялі рашэнне спыніць шлюзавае рэгуляванне ракі Лясная на працягу 2015 года.
Гэты год выдаўся спякотным, з малай колькасцю ападкаў, і ўзровень вады ў рацэ апусціўся да мінімальных адзнак. Безумоўна, гэта адгукнулася на ўраджайнасці шматгадовых траў сельгаспрадпрыемстваў Камянецкага раёна. Прадпрыемства “Агра-Зарэчча”, не нарыхтаваўшы дастаткова корму на сваіх асноўных землях, вырашыла дабрацца на левы бераг ракі Лясной, насупраць вёскі Зянькі, на поплаў з высокай травой. Раней у кіламетры ад Зянькоў быў калгасны драўляны мост, які забяспечваў пад’езд да сенакоса. Мост даўно разваліўся, а будаваць новы прадпрыемства “Агра-Зарэчча”, якое стала спадкаемцам калгаса, не спяшалася. У тым ліку і тады, калі змяніла ў 2012 годзе ўласніка, пасля выкупу кантрольнага пакету акцый кампаніяй “ІНКО-ФУД”. Як расказваюць вяскоўцы, новыя гаспадары шукалі розныя шляхі, каб трапіць на іншы бераг. Будаўніцтва новага маста адкінулі адразу як дарагі шлях. Пантонны мост ля вёскі Бабічы таксама не зрабілі. Што рабіць? Лягчэй і танней за ўсё было проста наладзіць пераправу ўброд, не клапоцячыся пра экалагічнасць такога метаду.
Што атмымалася? Цяпер жыхары вёскі назіраюць ля сваіх агародаў такую карціну: разварочаны бераг, змененае русла ракі, для нейкіх мэт у розных месцах зняты верхні слой зямлі, горы глебы, камянёў і прывезенага з камянямі смецця. Пагаспадарылі, адным словам, у водаахоўнай зоне, куды, згодна з заканадаўствам, лішні раз тэхнікай і пад’язджаць нельга.
Нельга было заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца. Неабыякавыя мясцовыя жыхары і захавальнікі ТВП “Рака Лясная” падрыхтавалі лісты-звароты у Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Камянецкі райвыканкам.
Парадавала аператыўнае рашэнне і дзеянні: ААТ “Агра-Зарэчча” атрымала штраф у 20 базавых велічынь за незаконную гаспадарчую дзейнасць у водаахоўнай зоне ракі Лясная. Пра гэта пісьмова паведаміў старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык. У лісце кіраўніка раёна гаворыцца, што “Агра-Зарэчча” сапраўды самавольна правяло працы па будаўніцтве дамбы і раскопцы правага берага ракі Лясной, чым парушыла некалькі артыкулаў Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гаспадарку аштрафавалі і прымусілі вярнуць берагу ракі першапачатковы выгляд.
Ужо праз два дні на беразе навялі адносны парадак. Прынамсі, разгарнулі экскаватарам кучы зямлі і камення. Аднак засталіся насыпаныя для пераезду тэхнікі камяні: можа гаспарка і надалей збіраецца эксплуатаваць незаконны пераезд праз Лясную? Разам з тым Андрэй Пісарык у сваім адказе (дарэчы, са словамі падзякі за актыўную грамадзянскую пазіцыю) зянькоўцам запэўнівае, што ў выпадку правядзення далейшых работ на рацэ без зацверджанай дакументацыі будуць прыняты больш строгія меры.
— Адна з мэтаў Захавальнікаў – кантраляваць сітуацыю ў межах ТВП і сачыць, каб не адбывалася парушэнняў заканадаўства. У дадзеным выпадку мы бачым, як атрыманыя ў межах праекта веды дапамаглі Захавальнікам не разгубіцца і пры сутэкненні з праблемай хутка вырашыць яе. Гэта добры праклад супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі і тэрытарыяльнымі інспекцыямі Мінпрыроды, — адзначае каардынатар праекта “Прырода важная для ўсіх” Вольга Лукшыц. – Каманда, якая працуе вакол гэтай ТВП, складаецца і з пачаткоўцаў, і з больш дасведчаных людзей. Віншую іх! І хай гэтая перамога натхняе іншых Захавальнікаў з розных куткоў Беларусі!
Як бачым, менавіта шляхам узаемадзеяння неабыякавых мясцовых жыхароў і Захавальнікаў можна дабіцца станоўчых вынікаў, а таксама папапярэдзіць правапарушэнні ў будучыні.
Іна Хоміч, Вадзім Пракапчук
Фота Іны Хоміч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: