Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Дэбют куніцы і казуля-рамантык
Навіна арганізацыі ад 9 снежня 2015 года
Чарговы агляд в Белавежскай пушчы — гэта вялікая сям`я дзікоў, парачка ваўкоў, вечаровы лось, сонечная казуля і дэбют куніцы! Глядзім на жыццё дзікай прыроды разам!
Час дынамічных фота на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы»! Бачыце на здымку чацвёра маладых аленяў? На самой справе іх пяць! Падказка: уважліва палічыце, у каго тут лішняя нага.
Як і кабанчыкі, алені восенню збіраюцца ў статак. І вось які парадокс: з аднаго боку, чым больш жывёл разам – тым больш шуму яны робяць і прыцягваюць драпежнікаў і паляўнічых. З іншага боку, вялікі статак – больш шанцаў абараніцца і выжыць.
Упершыню на «Канале дзікай прыроды» — куніца! Звярок трапляў у аб'ектывы фотапастак і раней, але з-за хуткасці перамяшчэння гэтую шуструю асобу складана зафіксаваць. А тут куніца як быццам адмыслова спынілася і глядзіць у камеру.
Куніца – тыповы лясны жыхар, для якога вельмі важна мёртвая драўніна: узімку звяры начуюць у норах пад каранямі старых дрэў, а ўлетку засяляюць дупла, каб расціць малых. Да таго ж, яны любяць хадзіць па ствалах: для невяліх жывёл паваленыя дрэвы становяцца своеасаблівымі ляснымі аўтабанамі, па якіх зручна бегаць.
Наступным разам таксама прыпыняйцеся ля камер, куніцы!
Лось не “прыходзіў” на “Канал дзікай прыроды” больш за год! А ўсё таму, што камеры стаяць у цэнтральнай частцы Пушчы, а ласям па душы забалочаныя мясціны на яе ўскрайках. Ды й увогуле, па выніках зімовых улікаў, у беларускай частцы пушчы жыве максімум 70 асобінаў лася (для параўнання: колькасць аленяў – больш за 1500!).
Ласі – вынослівыя жывёлы, і вядомы сваімі міграцыямі на доўгія дыстанцыі.Узімку яны звычайна падоўгу стаяць на адным месцы, а ўвосень і ўвесну могуць здзяйсняць вандроўкі нават на сотні кіламетраў.
Да 1980х гадоў, калі на мяжы з Польшчай не было высокага плоту, ласі, як і іншыя звяры, рэгулярна “падарожнічалі” па маршруце “Беларусь-Польшча”. Зараз стварэнне міграцыйных калідораў – адзін з прыярытэтаў новага Плана кіравання нацпаркам “Белавежская пушча”.
Гэтая маладая алянуха дэгустуе траву з выглядам сапраўднага знаўцы! Смачна есцi! Але зіма надыходзіць, і гэта можа быць адзін з апошніх банкетаў са свежай травой, на якім пабываюць алені ў гэтым годзе. Узімку іх асноўная ежа – кара дрэў і кустоў, часам ігліца. А яшчэ ў гэтых высакародных жывёл вельмі развіты нюх, і падснежны корм (напрыклад, лішайнікі) яны могуць унюхаць далёка. Да зімовых сустрэч на «Канале дзікай прыроды!»
З пачатку лета мы не бачылі гэтую рэдкую жыхарку Белавежскай пушчы на «Канале дзікай прыроды». Чаму рысь так доўга не пазіравала перад камерамі?
У траўні або першай палове чэрвеня самка рысі нараджае 2-3, рэдка 4 маленькіх, сляпых і бездапаможных кацянят. Напэўна, маладой маці было не да фатаграфавання. Яшчэ адзін цікавы момант на здымку – месца, дзе стаіць драпежніца. У сухі час рысь аддае перавагу хадзьбе па лесе, а цяпер, з надыходам сезону дажджоў, выбралася на ўзлесак: тут сцяжынкі асушвае сонца. А рысь, як і ўсе коткі, не любіць водныя працэдуры.
У эфіры – сямейная ідылія на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы»! Відаць, кабанчыкі з маці выйшлі на раннюю вячэру, каб паласавацца жалудамі.
Да восені самкі з вывадкам часта аб'ядноўваюцца ў статак: так лягчэй выжыць і абараніцца ад драпежнікаў. Часцей за ўсё ваўкі і рысі – асноўныя ворагі кабана – нападаюць менавіта на маладняк. Малыя ўжо падраслі, што прыкметна па адсутнасці палосак на спіне, але ўсё яшчэ трымаюцца за матчыну спадніцу і ідуць за ёй па пятах: яна дакладна ведае, дзе самыя смачныя жалуды.
Палюбуйцеся на парачку ваўкоў на «Канале дзікай прыроды”! Самец як быццам азіраецца ды чакае на кагосьці. Хто застаўся за кадрам?
Звычайна ваўкі жывуць зграямі, якія складаюцца з мацёрых, пераяркаў (звяры, якія не дасягнулі палавой сталасці) і “прыбылых” (нарадзіліся ў гэтым годзе). Гэтыя драпежнікі суровыя толькі на першы погляд: паглядзіце, якія цёплыя ў іх сувязі, сапраўдная сям’я! Выключэнне – перыяд нараджэння і росту ваўчанят: на гэты час зграі могуць разбівацца.
На тэрыторыі Белавежскай пушчы ў мінулым годзе адзначаны 5 зграй, 2 з іх — трансгранічныя. Бачыце, ваўкі як людзі: нехта зімуе на Радзіме, а частка адпачывае ў іншай краіне. Вяртайцеся, шэрыя!
На "Канале дзікай прыроды" – заліты прамянямі сонца фотаздымак і казуля-рамантык! Вытанчаная жывёла прыпынілася на ўскрайку лесу, каб палюбавацца світаннем.
Казулі – строгія вегетарыянцы: яны ядуць лісце і парасткі дрэў, грыбы, некаторыя лішайнікі і імхі. У лесе ў яе ёсць канкурэнт па здаровым харчаванні – высакародны алень. Гэтая жывёла літаральна «аб'ядае» казулю: зрывае парасткі дрэў і кустоў на вышыні да 1,5 — 2 м. У выніку казулям можа не хапаць. Падзяліцеся, алені!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: