Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
16-17 студзеня — акцыя «Птушкі ля кармушкі»!
Навіна арганізацыі ад 13 студзеня 2016 года
Час падтрымаць птушак у марозныя дні! Сябры, рабіце кармушкі і адчыняйце ўласныя птушыныя «сталоўкі»! А 16-17 студзеня падлічым птушак разам!Нарэшце дачакаліся: сапраўдная зіма! Зараз – час падтрымаць птушак у суровыя марозныя дні. Чаму неабходна падкарміць птушак? Па-першае, птушкі адчуваюць недахоп корма з-за снегавога насцілу, па-другое – хуткая страта цяплыні патрабуе больш энергіі, а значыць – больш ежы. У сілах кожнага з нас – падтрымаць птушак: зрабіце простую кармушку! Яна стане паратункам для дзясяткаў вялікіх сініц, вераб’ёў, зелянушак і іншых гасцей! А вы з задавальненнем зможаце назіраць за шумным птушыным сняданкам!
АПБ заклікае падкармліваць птушак на працягу халадоў, а 16 і 17 студзеня прыняць удзел у традыцыйнай акцыі АПБ – "Птушкі ля кармушкі".
Як далучыцца?
16 і/ці 17 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак на вашай кармушцы і дашліце дадзеныя ў АПБ адным з наступных спосабаў:
Дзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі і фотаназіраннямі ў сацыяльных сетках і па электроннай пошце. Хто ведае, можа менавіта ваша назіранне станне сапраўдным птушыным адкрыццём? Самыя цікавыя і адметныя фотаздымкі будуць абавязкова адзначаныя прыемнымі прызамі!
Чым карміць птушак?
Лепшы корм для вераб'іных — насенне сланечніка. Можна зрабіць сумесь "насенне сланечніка, проса і авёс". Але не страшна, калі якога-небудзь з гэтых кампанентаў не хапае. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала. Яго можна нанізаць на цвічкі, забітыя па краях вашай кармушкі, падвешваць у сетачцы або на дроціках прымацаваць да галінак дрэваў. Вераб'і, зелянушкі, попаўзні, чыжы любяць ласавацца арахісам. Памятайце: разнастайнасць корму вабіць мноства птушак да вашай кармушкі!
Сярод удзельнікаў акцыі, якія паведамяць свае лічбы адным з прыведзеных спосабаў, АПБ разыграе 10 значыкаў з птушкамі, якія часцей за іншых наведваюць кармушкі: зелянушка, гіль, палявы і дамавы верабей.
Далучайцеся да назіранняў у Instagram! Зрабіце фота птушак, якія завіталі на вашу кармушку, выкладайце яго ў Instagram і пазначце агульным хэш-тэгам #птушкілякармушкі, па якім мы лёгка знойдзем вас!
Даведка АПБ: "Птушкі ля кармушкі-2015"
17-18 студзеня мінулага года пачаставацца на кармушкі завіталі птушкі 25 відаў. Часцей за іншых бачылі вялікую сініцу (755 асобін), на другім месцы – дамавы верабей (590 асобін), на трэцім – палявы верабей (567 асобін). Таксама было шмат шызых галубоў і зелянушак, прыляталі каўкі і сарокі. Больш за 700 удзельнікаў акцыі «Птушкі ля кармушкі-2015» падкармілі звыш 3000 птушак.
Падрабязней паглядзець, як прайшлі «Птушкі ля кармушкі-2015», можна тут.
Якімі будуць "Птушкі ля кармушкі-2016" — залежыць ад кожнага з нас: далучайцеся! Чакаем вашых назіранняў, сябры, і шчыра жадаем, каб ваша кармушка поўнілася разнастайнымі крылатымі гасцямі!
Карына Салавей, каардынатар акцыі «Птушкі ля кармушкі»
Падзяліся артыкулам у сацсетках: