Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
То снег, то не снег. Зіма ў Белавежскай пушчы і ваўкі з ашыйнікамі
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы,Навіна арганізацыі ад 8 лютага 2016 года
Рысяня, мокры воўк і казуля, яка можа паслізнуцца. А яшчэ — гераіні прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы: ваўчыцы ў ашыніках! Цікавы агляд фота — тут.На “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” — цудоўная рысь, здымак якой быў зроблены яшчэ ў снежні. У Мінску снега дачакаліся, а Белавежская пушча, як бачым, у пачатку снежня ўбрана по-асенняму. Але рысь падрыхтаваная да завей: калі параўняць гэтыя здымкі з летнімі, можна заўважыць, што яна стала больш пухнатай. Узімку лапы драпежніцы знізу абрастаюць доўгай поўсцю і становяцца падобнымі на лыжы. Гэта, разам з высокімі нагамі, дапамагае вялікай котке рухацца па рыхлым глыбокім снезе і дазваляе не правальвацца.
Сапраўднай зімы табе, плямістая!
Вам падалося, што гэта дзіця высокароднага аленя? А вось і не: на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” – прыгожая сталая казуля, якая выйшла пагрэцца на рэдкім зімовым сонцы.
Няма снегу, але для казуль гэта плюс. З-за свайго невялікага памеру жывёлам нязручна хадзіць па высокім снежным покрыве (40-50 см і больш). Таму зімой казулі імкнуцца хадзіць па звярыных сцежак або дарогах. Пры глыбокім снезе сутачны кармавы шлях казуль скарачаецца з 1,5-2 да 0,5-1 км. Асабліва небяспечная для казуль ледзяная корка на паверхні снегу, на якой можна паслізнуцца.
Будзьце асцярожнымі, казулі!
Хто такі мокры заглядае ў камеру? Чарговае сэлфі ў модным ч/б фармаце: задуменны воўк на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”!
Узімку даволі часта, а пры глыбокім снезе амаль заўсёды зграі ваўкоў ідуць гужам. Прычым кожная жывёла ідзе літаральна след у след за папярэдняй, ад чаго атрымліваецца ўражанне, што прайшоў толькі адзін звер. Так што нават спецыялісту бывае няпроста даведацца, з якой колькасці ваўкоў складаецца зграя. Навукоўцы спадзяюцца, што пушчу хутка накрые белай коўдрай і яны змогуць правесці улікі шэрых.
На “Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” прыбег кабанчык! Паглядзіце, які вялікі: так ён выглядае з-за таго, што ўзімку пад пругкай, рэдкай шчэццю жывёлы ёсць густы мяккі пушок. А яшчэ гэты здымак паведамляе, што нарэшце 5 студзеня ў запаведным лесе пайшоў снег!
Зімой кабанчыкі з яловага лапніка і іншых галінак ладзяць пышнае логава пад нізкімі кронамі густых елак або ў гушчары маладняка. У якасці логава яны часта выкарыстоўваюць вялікія мурашнікі, якіх у пушчы шмат. Але такі “ложак” прыводзіць да гібелі яго гаспадароў, таму для абароны карысных мурашак іх дамы ў пушчы агароджваюць.
Што за белая пляма на фота? Паглядзіце крыху ўлева… На «Канал дзікай прыроды» упершыню наведалася рысяня! Маленькі выйшаў на паляванне з маці і свеціць вачыма ў цемры пушчы.
Гон у рысі праходзіць звычайна ў лютым-сакавіку. Цяжарнасць цягнецца крыху болей за 2 месяцы. Першы месяц маці корміць малых малаком, а потым пачынае прыносіць мышаў ды зайцаў. Вучыцца паляваць самастойна самка навучыць дзетак пасля дасягнення імі пяцімесячнага ўзросту. Звычайна кацяняты жывуць з маці да лютага, пакуль не наступае час новага гону. Таму малому са здымка скора прыйдзецца выйсці ў свет аднаму.
Не сумуй, рысяня, і пераймай ад маці навуку жыць самастойна!
Унікальны сюжэт тыдня – першыя здымкі ваўчыц у ашыйніках!! Тое, што драпежніцы разам, значыць, што яны з адной зграі! Гэта вельмі важная інфармацыя: калі камера зафіксуе іх з астатняй зграяй, гэта дазволіць зразумець іх сацыяльны статус.
Па дадзеных назіранняў, тэрыторыя іх перамяшчэнняў складае каля 150 км кв. Значная лічба, праўда? Але вось вам факт: самцы бегаюць у 5 разоў далей, то бок на 750 км! Заставайцеся на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы”!
"Шэрае" відэа ваўчыц у ашыйніках! Не турбуйцеся: гэта не бойка, яны гуляюць 🙂 Увогуле, у сацыяльным жыцці ваўка важная роля адводзіцца гульні. Маладыя ваўкі шмат гуляюць, прычым гульні іх адрозніваюцца агрэсіўнасцю, і ў ходзе іх высвятляецца іерархія маладых членаў сям'і. Гульня служыць мэтам прымірэння родзічаў, здымае напружанне, умацоўвае роднасныя сувязі і дазваляе сям'і адчуць сябе адзіным цэлым.
Што ж вырашаюць паміж сабой драпежніцы?
Па “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” працягваюць гуляць ваўкі! Пакуль астатнія жывёлы недзе хаваюцца і не пазіруюць перад аўтаматычнымі камерамі, шэрыя становяцца галоўнымі героямі публікацый. У артыкуле на сайце нацпарка можна нават паглядзець, якую частку пушчы “замацаваў” за сабой кожны драпежнік і як яны перасякаюцца. Цікавы факт: драпежнікі не наведваюцца да Польшчы, а вось да Бярозы бегаюць часцяком.
Чакаем новых фотаздымкаў: што яшчэ адбываецца ў запаведным лесе?
Падзяліся артыкулам у сацсетках: