Хто стане крылатым сімвалам Валожына? Абраны 5 кандыдатаў!

ад 22 лютага 2016 года

Галоўнымі прэтэндэнтамі на птушку-сімвал Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец і глушэц.

Галоўнымі прэтэндэнтамі на птушку-сімвал Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец і глушэц! 

У Валожынскім раёне хутка абяруць птушку-сімвал. Раённыя ўлады падтрымалі ініцыятыву мясцовых актывістаў разам з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Яе спецыялісты разам з мясцовымі актывістамі запрасілі ў Валожын на круглы стол прадстаўнікоў райвыканкама, уладальнікаў аграсядзіб, настаўнікаў біялогіі, работнікаў Мінпрыроды і краязнаўчага музея, дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» і іншых прадстаўнікоў грамадскасці, каб разам абмеркаваць, як абраць птушку раёна.

Супрацоўнікі АПБ прадставілі птушак, дзякуючы якім Налібоцкая пушча арымала статус Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння. Пра кожную птушку былі расказаны цікавыя звесткі. Менавіта з іх планавалася абраць некалькі кандыдатаў для ўсенароднага галасавання. У выніку сустрэчы ўдзельнікі круглага стала абралі пяць птушак-кандыдатак. У асноўным гэта віды з Чырвонай кнігі, жыхары Налібоцкай пушчы. Пасля дыскусій прэтэндэнтамі на птушку-сімвал Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец і глушэц.

Апошні з’явіўся ў канчатковым спісе дзякуючы Васілю Гуркову, дырэктару Налібоцкага заказніка, дзе збіраюцца разводзіць гэтую знікаючую птушку ў адмысловым пітомніку.

Астатніх птушак арнітолагі прапанавалі таксама з абгрунтаваннем. У Валожынскім раёне, да прыкладу, самая вялікая ў Беларусі папуляцыя зімародка. Гэту хуткую птушку нецяжка заўважыць на рэчках пушчы. Малы арлец на Валожыншчыне гняздуе ў пушчы, а палюе на палях, дзе яго таксама можна ўбачыць. Валожынскі раён – якраз тое месца, дзе вы найверагодней можаце пабачыць таксама і чорнага бусла, і беласпіннага дзятла, аматара жукоў, якія жывуць у лісцёвых дрэвах.

Неўзабаве на сайце АПБ распачнецца галасаванне за адну з гэтых птушак. Ад голаса кожнага валожынца залежыць, якім будзе сімвал раёна! 

Пасля таго, як птушку абяруць, у горадзе паставяць скульптуру птушкі, намалююць графіці з яе выявай. Таксама пройдзе шэраг мерапрыемстваў у школах горада, мэтай якіх стане павышэнне дзіцячай зацікаўленасці ў прыродзе і экалогіі рэгіёна. Будуць праводзіцца трэнінгі і майстар-класы з уладальнікамі аграсядзіб. Іх навучаць, як арганізаваць «прыродныя» экскурсііі, раскажуць, якія крылатыя суседзі могуць завітаць на падворкі. А мясцовых рамеснікаў навучаць вырабляць унікальныя сувеніры.

Спецыялісты мяркуюць, што новы сімвал зможа прыцягнуць у раён больш экатурыстаў, бёрдвотчэраў і фатографаў дзікай прыроды. Таксама ёсць надзея, што шэраг запланаваных мерампрыемстваў заахвоціць людзей быць больш актыўнымі ў захаванні біаразнастайнасці нашай краіны.

Сваіх птушак-сімвалаў ужо даволі даўно маюць Слуцкі (салавей) і Міёрскі (журавель) раёны.  АПБ заклікае раённыя ўлады абіраць таксама крылатыя сімвалы для сваіх рэгіёнаў. АПБ можа ў гэтым дапамагчы.

Ініцыятыва «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызма» праходзіць пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

Аўгіня Манцэвіч 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: