Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Хто перапудзіў аленя?
Навіна арганізацыі ад 4 сакавіка 2016 года
Радуемся вясне і яшчэ раз азірнемся на люты ў Белавежскай пушчы дзякуючы «Каналу дзікай прыроды»!Радуемся вясне і яшчэ раз азірнемся на люты ў Белавежскай пушчы дзякуючы "Каналу дзікай прыроды"!
Ад каго ўцякае кабанчык? Ці ён, наадварот, спяшаецца хутчэй апынуцца на «Канале дзікай прыроды»? Па фота здаецца, што дзік лёгка пераадольвае снежныя перашкоды, але на самой справе снег — вялікая праблема для гэтага віду. Высокае снежнае покрыва можа прыводзіць да гібелі маладняку, выконваючы такім чынам ролю натуральнага рэгулятара колькасці. Дарэчы, зімой кабанчыкі перасоўваюцца менш: калі за летнія суткі яны могуць прайсці ад 4 да 8 кіламетраў, то ўзімку, у залежнасці ад колькасці снегу, ад пары сотняў метраў да 3 — 5 км. Вось такая снежная навука.
Рэдкі госць на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы»! Да нас завітаў малады лось. Пра ўзрост мяркуем па рагах — яны маленькія і вельмі слабыя. Увогуле, маладыя самцы на першым годзе жыцця бязрогія. Рогі ў выглядзе “пруткоў”, што мы бачым на фота, з'яўляюцца толькі на другі год.
Для лася, вядома, снег не праблема: доўгія ногі дазваляюць яму не звяртаць увагі на гурбы.
Па «Канале дзікай прыроды» праносіцца высакародны алень! Куды бяжыць быстраногі звер?
Звычайна алені перасоўваюцца па лесе павольна, але з перапуду пераходзяць на імклівы бег, з дзіўнай лёгкасцю пераадольваючы вельмі высокія перашкоды. Самцы ўкладваюць галінастыя рогі на спіну і лёгка праскокваюць праз гушчар. Спадзяемся, што гэты алень бяжыць не ад спалоху, а імчыцца насустрач новаму. Бо штогод у лютым — сакавіку алені мяняюць рогі, а новыя рогі пачынаюць расці адразу ж пасля скідання старых. Прычым растуць так хутка, што да пачатку жніўня яны зноў цалкам развітыя. Няхай новыя будуць яшчэ лепей!
Вось ужо хто любіць пакрасавацца перад камерамі! На «Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы» прыйшоў воўк. Праўда, гэты нам незнаёмы, ён без ашыйніка. Каго шукае драпежнік?
Напэўна, і воўк ведае, што ў лютым — Дзень усіх закаханых. Пошук партнёра ў гэтых жывёл пачынаецца якраз у лютым. У пар, якія захаваліся, ён праходзіць спакойна. Затое ля свабодных самак збіраецца па некалькі самцоў і ў жорсткай барацьбе вырашаецца пытанне, каму з iх дастанецца “каханая”. Калі пашанцуе, то назаўжды: ваўкі верныя жывёлы і захоўваюць пару на ўсё жыццё.
На «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы» барсук — госць рэдкі, а тым больш зімой. Але люты ў новым годзе настолькі цёплы, што паласаты звер вырашыў не чакаць вясны і вылезці з нары крыху раней.
Дарэчы, канец лютага-пачатак сакавiка – гэта час, калi самка нараджае маленькіх барсучанят. Барсукі жывуць парамі, якія ўтвараюць да восені, але спарванне адбываецца з сакавіка па жнівень. У развіцці аплодненага яйка назіраецца латэнтная стадыя, у сувязі з чым цяжарнасць доўжыцца ад 270 да 376 дзён! Будзем чакаць малых!
Самы папулярны наведвальнiк «Канала дзікай прыроды» — прыгожая рысь. Як і ў большасці драпежнікаў, гон у рысі адбываецца ў лютым-сакавіку. Праз 2 месяцы з'яўляюцца 2-4 рысяняты. Нарадзіўшыся ў траўні, малыя знаходзяцца пад апекай маці да лютага, тобок да новага пошуку партнёра. Самец трымаецца з вывадкам з вясны да пачатку восені і, магчыма, у нейкай меры прымае ўдзел у выхаванні патомства.
Дзе яшчэ можна сустрэць знаёмага ваўка, акрамя «Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы»? Шэры госць мэтанакіравана крочыць насустрач вясне!
Шмат хто ведае, што ваўкі верныя і “сямейныя” жывёлы. Цяпер у ваўкоў гон — перыяд пошуку партнёра. У пар, якія знайшлі сабе “каханага” у мінулым годзе, ён праходзіць спакойна. Затое ля халастых самак збіраецца па некалькі самцоў і ў жорсткай і нават смяротнай барацьбе вырашаецца пытанне, каму з іх быць у пары з самкай.
Ліса ў промнях сонца на “Канале дзікай прыроды” — працягваем наш “казачны” агляд. Ліса і воўк — самыя папулярныя персанажы казак. І нездарма іх малююць сябрамі, бо і ў жыцці некаторыя асаблівасці экалогіі гэтых звяроў падобныя. Напрыклад, гон ў іх праходзіць у адзін і той жа час. Гэтак жа, як і ваўкі, лісіцы ўтвараюць пары, але не такія пастаянныя і трывалыя, мабыць, не болей як на адзін сезон. Самцы таксама жорстка б'юцца з-за самак. Але на фота ўсё спакойна, і ліса, падаецца, задаволеная.
Чакаем новых фотаздымкаў, вясенніх і зяленых! Заставайцеся на нашым "Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы": унікальныя фотаздымкі штонядзелю у нашых сацыяльных сетках ВКонтакте і Facebook і штомесяц на сайце АПБ!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: