Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Яшчэ тры Рамсара!
Навіна арганізацыі ад 21 красавіка 2016 года
Заказнікі “Дражбітка-Свіна”, “Іпуць”і балота Дзікое атрымалі міжнародны статус аховы.Заказнікі “Дражбітка-Свіна”, “Іпуць”і балота Дзікое атрымалі міжнародны статус аховы.
Асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі Беларусі (ААПТ) заказнікі “Дражбітка-Свіна”, “Іпуць”і балота Дзікое атрымалі міжнародны статус. Аб гэтым Белапан паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка.
Цяпер 23 беларускія тэрыторыі надзеляны статусам Рамсарскага ўгоддзя. Сярод новай тройкі ўсе, акрамя “Іпуці”, з’яўляюцца Тэрыторыямі, важнымі для птушак (ТВП).
— “Дражбітка-Свіна” – леса-балотны комплекс на поўначы Беларусі. Тэрыторыя каштоўная для такіх рэдкіх відаў птушак, як дубальт і чорны бусел,— адзначае супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. – Што датачыць “Іпуці”, то гэтая тэрыторыя ў Гомельскай вобласці – патэнцыйная ТВП. Мы зрабілі сваю працу і чакаем рашэння экспертаў BirdLifeInternational.Яна асабліва важна для захавання беларускіх папуляцый рыбачкі чорнай і сярэдняга дзятла. Тэрыторыя вылучаецца вялікай колькасцю стараўзроставых ліставых лясоў. Варта сказаць, што сама пойма Іпуці – трансгранічная тэрыторыяз Расіяй. Зараз “Іпуць” лічыцца зонай адчужэння, і таму доступ людзей у гэтае месца абмежаваны. Для птушак і захавання біразнастайнасці гэта хутчэй плюс, чым мінус.
Балота Дзікое – адна з вельмі прыярытэтных у Беларусі тэрыторый. Гэты куток стаў домам адразу для чатырох вельмі рэдкіх відаў птушак: вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук, вяртлявая чаротаўка. Па колькасці апошняй Дзікое займае трэцяе месца ў краіне. А яшчэ – гэта неверагодна прягожыя мясціны: вялікі леса-балотны комплекс здолеў захаваць частку лясоў Белавежскай пушчы ў малапарушаным стане. Некаторыя лясныя астравы на гэтым балоце, як сведчаць арнітолагі, настолькі цяжкадасяжныя, што хопіць пальцаў адной рукі, каб палічыць тых, хто бываў там. Сапраўды “Дзікое”!
У лютым 2016 г. АПБ пісала, што Рамсарскі спіс папоўнілі тры тэрыторыі Беларусі: два месяцы таму міжнародны статус аховы атрымалі водна-балотныя ўгоддзі "Палеская даліна ракі Буг", "Сэрвач" і "Вілейты".
Віншуем усіх, хто прыкладаў намаганні для прасоўвання беларускіх тэрыторый на міжнародны ўзровень! Спадзяемся, мы яшчэ не раз напішам пра цікавыя “птушыныя” знаходкі ў гэтых кутках Беларусі!
Тры тэрыторыі – дакладна не апошнія ластаўкі ў “Рамсарскіх” справах нашай краіны. Спецыялістамі АПБ падрыхтаваны спіс тэрыторый, якія ў будучым таксама маглі бы атрымаць міжнародны статус аховы. Спіс перададзены ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: