Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Бёрдвотчынг на травеньскія: што, дзе, і з чаго пачаць?
Навіна арганізацыі ад 6 мая 2016 года
А вы ведаеце, што людзі гатовыя плаціць больш за тысячу еўра, каб прыехаць да нас і паглядзець на птушак? Так што калі сёлета маеце некалькі вольных дзён — далучайцеся да птушкавання і назірайце бясплатна!А вы ведаеце, што людзі гатовыя плаціць больш за тысячу еўра, каб прыехаць да нас і паглядзець на птушак? Так што калі сёлета маеце некалькі вольных дзён — далучайцеся да птушкавання і назірайце бясплатна!
Што за птушкаванне?
Бёрдвотчынг, ці птушкаванне, дасяжны чалавеку не ў залежнасці ад месца жыхарства. Нават у вялікім горадзе разнастайнасць птушак захапляе. Гэта далёка не толькі галубы, вароны, шпакі ды вераб’і. А ўсяго па краіне можна назіраць больш за 300 відаў! Гэты занятак настолькі цікавы, што можа ператварыцца ў сталае хоббі, бо азарт натхняе ехаць за тысячы кіламетраў, каб пабачыць пэўны від.
Такая забава дазволіць вам больш рухацца, бываць на вольным паветры, развіваць уважлівасць, канцэнтрацыю і шмат чаго іншага. А яшчэ гэта сувязь з чароўным светам прыроды і выдатнае сямейнае хоббі.
Дзе паглядзець на птушак?
У Менску ёсць некалькі самых папулярных месцаў для назірання за птушкамі. Так, толькі ў Батанічным садзе і Парку Чалюскінцаў можна ў розныя сезоны пабачыць больш за 60 відаў. У Лябяжым сустракаюцца чырвонакніжнікі, а ў Драздах добра назіраць за вадаплаўнымі.
Для тых, хто хоча большага паглыблення ў прыроду, можна параіць пабываць у Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы.
Што для гэтага трэба?
Калі вы пакуль не надта добра разбіраецеся ў птушках і можаце хіба што адрозніць сароку ад шэрай вароны, то вам дапаможа палявы вызначальнік — невялікая кніга з рознай інфармацыяй пра птушак. У нас самы папулярны папяровы варыянт “Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік” (прадаецца ў ЛогвінаЎ,). Сёння ЕПАМ распрацоўвае мабільны дадатак для Беларусі, а пакуль можаце скарыстацца ЭкоГид: Птицы и Голоса ці CollinsBirdGuide. Багата карыснай інфармацыі ёсць і на адпаведных сайтах.
Варта надзець зручны абутак: трэкінгавыя боты – ідэальна, красоўкі – прымальна. Зручней будзе ў адзенні з доўгімі рукавамі, а нагавіцы павінны хутка сохнуць. Калі хочаце назіраць за птушкамі з акна – можна ўсталяваць зімой кармушку, а летам – паілку (толькі не забывайцеся іх даглядаць).
Акрамя вызначальніка і бінокля (не трэба вайсковы, пачніце з простага) не будзе залішнім нататнік – калі вы спрабуеце апісаць птушку, вы разглядаеце яе больш уважліва. Калі атрымаецца зрабіць цікавы здымак, ім можна падзяліцца з Birding Belarus ці на Angry birdwatchers. Таксама вітаюцца назіранні на сайце www.florafauna.by.
Яшчэ ў Беларусі есць цудоўная асобная інэт-прастора для аматараў назіранняў за птушкамі "Птушкі штодня" . Тут вы знойдзіце ўсё — ад парадаў, дзе і як пачаць займацца птушкаваннем, да — дзе знайсці кампанію і куды рвануць за рэдкім відам, які завітаў у Беларусь. Цікавыя артыкулы з адмысловымі навінамі са ўсяго свету! Гэта платформа- выдатная магчымасць атрымаць карысную параду ад дасведчаных бердвотчараў, арнітолагаў ды знайсці сяброў-аднадумцаў.
Як гэта рабіць?
Птушак можна назіраць у розных “рэжымах”. Можна проста ўзяць бінокль, вызначальнік і адправіцца на шпацыр.
Больш сталыя назіральнікі вядуць дзённікі, дзеляцца назіраннямі, удзельнічаюць у розных акцыях кшталту Жывая вясна, Салаўіныя вечары. Для тых, каму трэба больш драйву, штогод праходзіць чэмпіянат па фотабёрдзінгу лакальны і міжнародны, а для дзетак ёсць Юны арнітолаг. Каб больш камунікаваць з аднадумцамі, можна далучыцца да Клубу 200.
Калі вы адразу не пабачыце шмат відаў птушак, не варта адчайвацца, бо ўважлівасць прыходзіць з досведам. Для больш інтэнсіўнай вучобы можна завітацьна курсы ці летнікі АПБ, а таксама ў Музей прыроды і экалогіі ў Менску.
І напрыканцы, вось выдатны фільмы для натхнення заняцца птушкаваннем – Вялікі год і A Birderʼs Guide to Everything.
Пачніце — і не зможаце спыніцца!
Марыя Грыц
Падзяліся артыкулам у сацсетках: