Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Ліса — Шэрлак Холмс і журавель — настаўнік ёгі
Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы,Навіна арганізацыі ад 11 мая 2016 года
Як жывуць звяры ў Белавежскай пушчы і як вясна крочыць па запаведнай зоне — праз «вочы» аўтаматычных фотакамер! Ад зуброў і ваўкоў — да сініцы і крумкача: тут усе!Як жывуць звяры ў Белавежскай пушчы і як вясна крочыць па запаведнай зоне — праз "вочы" аўтаматычных фотакамер! Ад зуброў і ваўкоў — да сініцы і крумкача: тут усе!
Зубр! На "Канал дзікай прыроды" даўно не прыходзiў волат пушчы. Але як жа не скарыстацца магчымасцю зрабіць вясновае сэлфi?
Нядаўна Мінпрыроды пералічыла беларускіх зуброў і высветліла, што папуляцыя павялічваецца. Па стане на 1 лютага 2016 года, колькасць зуброў на тэрыторыі Беларусі склала 1 тыс. 428 асобін. Гэта на 158 асобін больш, чым ў 2014-м. Адгадайце, дзе жыве большасць з iх? Правільна, у Белавежскай пушчы — яе сваім домам называюць 480 асобін.
А мы нагадваем, што за зубрамі Белавежскай пушчы можна назіраць онлайн!
Хоць за акном па вясне бывае шэра, на "Канале дзікай прыроды" звяры перадаюць нам сонечнае прывітанне. Пакуль рысь ды янотападобныя сабакі проста павольна шпацыруюць, ліса даказвае званне не толькі ўладальніка самага пухнатага хваста, але і выдатнага "нюху"! Рудая драпежніца дапамагла навукоўцам знайсці старажытнае паселішча паблізу Белавежскай пушчы. Чытайце пра мясцовага "Шэрлака Холмса" тут. А за жыццём насельнікаў пушчы працягвайце сачыць на нашым канале!
"Злавіць" хуткага зайца ў аб'ектыў і прафесійнаму фатографу няпроста, а тут ён сам прыскакаў і спыніўся папазіраваць для "Канала дзікай прыроды".
Для дзённага адпачынку русак звычайна выкопвае ў зямлі вялікае паглыбленне — лежню. Калі зайца не падымаюць з лежні, ён яе можа выкарыстоўваць неаднаразова. Цікава, што перш чым легчы, заяц вельмі мудрагеліста падыходзіць да "будаўніцтва" лежні. Робіць буйныя скачкі ў бок ад абранага месца, неаднаразова вяртаецца назад па сваім жа следзе, і, нарэшце, кладзецца галавой у бок заблытаных слядоў. Робіцца гэта для таго, каб незаўважна сысці, пакуль праследавальнік разблытвае "галаваломку". А вы бачылі заечыя лежні?
Дзень птушак на "Канале дзікай прыроды": акрамя пастаянных гасцей, шэрага жураўля і вялікай сініцы, сёння да нас заляцеў крумкач.
Гэтая вялікая, сілуэтам падобная на грака і шэрую варону птушка добра апазнаецца дзякуючы характэрнаму крыку "крук-крук" цi "крум", што i вызначыла беларускую назву вiду. У Беларусі сустракаецца паўсюдна, можа трымацца паблiзу чалавечага жылля, каб харчавацца рэшткамi ежы, i нават у гарадах.
Таксама красавік парадаваў дапытлівым кабанчыкам,
не менш дапытлівым зубром,
мокрай казуляй,
і спяшаючымся ваўком.
І напрыканцы — сеанс ёгі на "Канале дзікай прыроды": чырвонакніжнік амаль застыў у позе воіна! А вы ведаеце, як выглядае поза жураўля? Шэры журавель не толькі развівае фізічныя навыкі, але і імкнецца прытрымлівацца вегетарыянскай дыеты. Журавель — пераважна расліннаедная птушка, есць маладую зеляніну, карэнішчы некаторых балотных раслін, ягады журавін. Увосень на палях яны часта падбіраюць рассыпанае зерне. Але для збалансаванага рацыёна ў невялікай колькасці вясною і летам ядуць таксама жывёльную ежу — буйных насякомых, дробных амфібій, яшчарак.
Што нам будуць "паказываць" у апошні месяц вясны? Яшчэ больш зеляніны, яшчэ больш жывёл! Заставайцеся разам з "Каналам дзікай прыроды з Белавежскай пушчы"!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: