Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Усе птушкі кампаніі «Жывая вясна» вярнуліся ў Беларусь! Паспей занесці сваё назіранне да 31 мая!
Навіна арганізацыі ад 23 мая 2016 года
Ад нашай краіны паступіла каля 2000 назіранняў, мы на 3-м месцы. Але ёсць усе шанцы стаць першымі! Спяшайцеся складаць карту вяртання птушак з выраю да 31 мая!“Жывая вясна-2016”: больш за 30 000 чалавек з усёй Еўропы ўжо падзяліліся сваімі назіраннямі, калі і дзе яны пабачылі птушак-вястунак вясны. Ад нашай краіны пакуль паступіла каля 2000 назіранняў, мы на 3-м месцы. Але ў нас ёсць усе шанцы стаць першымі! Спяшайцеся складаць разам з намі карту вясны і вяртання птушак з выраю да 31 мая!
З 1 сакавіка па 31 мая ў АПБ — чарговы сезон міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”, ў якой Беларусь прымае ўдзел кожны год. Чаму варта сустракаць птушак разам з намі і як гэта рабіць?
Што такое “Жывая вясна”?
“Жывая вясна” – міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання мігруючых птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытаніі “якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак?” і “як мы можам дапамагчы?”.
Якія птушкі абраны вястунамі вясны?
Вястунамі “Жывой вясны” абраны пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), звычайная зязюля (обыкновенная кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую мапу, і людзі з розных краін свету разам складаюць анлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму. Кожны дзень назіранняў будзе ўсё больш, і паступова мапа будзе змяняцца. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна!
Як дадаць назіранне?
Заклікаем усіх беларусаў часцей выходзіць на прыроду і прыглядацца да птушак. Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак “Жывой вясны”– зарэгіструйце назіранні. Як гэта зрабіць? Абірайце зручны для сябе варыянт.
Чаму важны ўдзел кожнага?
– Некаторыя людзі дзівяцца: “Як адно маё назіранне можа дапамагчы і на што яно ўплывае"? Але часцяком менавіта назіранні розных не звязаных з арніталогіяй людзей становяцца насамрэч каштоўнай крыніцай інфармацыі па міграцыі птушак і зменам у іх штогадовых падарожжах. Давайце разам назіраць, як пералётныя птушкі вяртаюцца дадому! Далучайцеся і далучайце сяброў! Нават калі вы дагэтуль не захапляліся птушкамі, ніколі не позна пачаць. Дарэчы, вясна для гэтага – самы спрыяльны час, – запрашае супрацоўнік па развіцці АПБ, каардынатар “Жывой вясны” па Беларусі Карына Салавей.
Складанне карты – адна з асноўных актыўнасцяў “Жывой вясны”. Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Вы можаце далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!
У гэтым годзе ў межах “Жывой вясны” пройдзе конкурс фотаздымкаў і малюнкаў. Падрабязнасці шукайце на сайце АПБ www.ptushki.org. Таксама будзе ладзіцца кальцаванне буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон стараюцца падараваць каляровыя кольцы як мага большай колькасці маладых буслянят. Вяртанні калец даюць навукоўцам карысную інфармацыю, дзе зімуюць сімвалы Беларусі і праз якія краіны пралягае іх шлях дадому.
Цікава: колькі пралятаюць вястуны “Жывой вясны”?
Птушкі “Жывой вясны” зімуюць у цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы. Каб вярнуцца ў Беларусь, белыя буслы пралятаюць 8-10 000 кіламетраў, чорныя свіргулі і шчуркі-пчалаедкі – 6-9 000 кіламетраў, вясковыя ластаўкі – 6-10 000 кіламетраў, зязюлі – 5-7 000 кіламетраў.
Сустракайце вясну разам з птушкамі!
Кантактная асоба – Карына Салавей, каардынатар кампаніі “Жывая вясна”, +37529 2648766, springalive@ptushki.org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: