Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
16 верасня — Ноч кажаноў!
Навіна арганізацыі ад 11 верасня 2016 года
Як 16 верасня забраць з сабой з мерапрыемства свайго уласнага «кажана»?Як 16 верасня забраць з сабой з мерапрыемства свайго уласнага "кажана"?
Верасень — час не толькi праводзiць птушак у вырай, але i час святкаваць Ноч кажаноў! У мiнулым годзе АПБ запрашала вас на лекцыю i ў парк Горкага шукаць кажаноў. У гэтым годзе мы змянiлi фармат i прапануем правесцi пятнiцу творча!
Прысвечаная кажанам праграма пройдзе ў дворыку Нацыянальнага гiстарычнага музея (Мiнск, вул. К. Маркса, 12) з 17 да 21 гадзіны. Уваход вольны. Цягам вечара вы даведаецеся, хто такіе кажаны, якія віды жывуць у Беларусі, што ім пагражае. Мы раскажам, што рабіць, калі кажан раптам стаў вашым суседам, і што агульнага паміж кажанамі і дэльфінамі. І яшчэ шмат цікавага! А дзеці і дарослыя змогуць зрабіць свайго ўласнага "кажана" і забраць дадому як сувенір. Таксама АПБ прапануе вам інфармацыйныя матэрыялы, каб далей несці веды пра кажаноў сваім сябрам і знаёмым.
— Кажаны – не птушкі, але патрабуюць не меншай увагі і аховы. Адна з праблемаў датычыцца дрэннага “іміджу” кажаноў, пры сутыкненні з чалавекам кажана рэдка чакае цёплае стаўленне… Важна з маленства ўсведамляць, тлумачыць дзеткам, што гэта не жудасныя істоты з фільмаў жахаў, а паўнапраўныя гаспадары горада і гэтага свету, якіх варта паважаць і шанаваць. На нашым мерапрыемстве будзе магчымасць развеяць стэрыатыпы аб гэтых жывёлах як дзеткам, так і дарослым, даведацца аб іх шмат новага, а таксама зразумець, як сябе правільна паводзіць пры сустрэчы – часам кажаны выпадкова завітваюць у кватэры. Новыя веды і свой уласны сувенірны кажанчык чакаюць вас! — запрашае спецыялiст па кампанiях i акцыях АПБ Карына Салавей.
Да сустрэчы!
Мерапрыемства праходзіць у межах 20-й Міжнароднай ночы кажаноў, якую адзначаюць у Еўропе, Азіі, Афрыцы, ЗША і на Бліжнім Усходзе. Напрыканцы жніўня-пачатку верасня ў розных краінах свету адбываецца шмат мерапрыемстваў, дзе людзі могуць больш даведацца пра кажаноў, ях асаблівасці і іх важную ролю ў прыродзе. А таксама пра тое, якім чынам іх захоўваць. Міжнародная ноч кажаноў праходзіць пад эгідай Пагаднення аб захаванні папуляцый еўрапейскіх кажаноў (EUROBATS).
Даведка:
Падзяліся артыкулам у сацсетках: