Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сябра АПБ нумар 7000!
Навіна арганізацыі ад 18 верасня 2017 года
Усё больш людзей у вялікай сям’і АПБ: каму дастаўся ганаровы нумар сябра № 7000?Усё больш людзей у вялікай сям'і АПБ: каму дастаўся ганаровы нумар сябра № 7000?
Наш восеньскі “ураджай” – гэта сябра арганізыцыі пад нумарам 7 000! Пад такой лічбай да АПБ далучылася Галіна Паўлыга: вось дык пашчасціла! Як месца працы Галіна пазначыла “Завадскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях г. Минска”. Мы звязаліся з сябрам №7000, каб спытаць, чаму яна вырашыла далучыцца да АПБ. Размова выдалася цікавай.
— Насамрэч я даўно хацела далучыцца да “Аховы птушак”! Ужо можа год пяць, ці нават болей… Але нешта рукі не даходзілі. І вось вырашыла: трэба зараз! І, бачыце, абрала такі час, што стала нумарам 7 000, — смяецца Галіна.
Але што стала нагодай для супрацоўніцы МНС стаць сябрам прыродаахоўнай арганізацыі і аплаціць сяброўскі ўзнос? Насамрэч у дзяўчыны біялагічная адукацыя. Больш таго – яна выпускніца 2012 года па спецыяльнасці “арніталогія”. Таму птушкі для яе – даўнія знаёмыя.
— Так сталася, што па спецыяльнасці я не працую, і маё жыццё не звязана з птушкамі. Але мне яны падабаюцца. Асабліва – шэры жураўль. Вельмі грацыёзная і незвычайная для Беларусі птушка. І мне хочацца дапамагаць у справе аховы птушак. Сваім сяброўскім узносам. Таксама хачу дапамагаць і валанцёрскі. Апошняе мерапрыемтсва АПБ, якое я наведала, гэта “Ноч кажаноў” у дворыку музея. Мне вельмі спадабалася. Цікавая інфармацыя, добры фармат. Хочацца больш такіх мерапрыемстваў на працягу года!
Вітаем Галіну ў “птушынай” сям’і і запрашаем далучацца да АПБ тых, хто таксама даўно хацеў, але “рукі не даходзілі”! Сяброўства ў арганізацыі для вас – гэта магчымасць сваім узносам дапамагаць дзікай прыродзе Беларусі, а для нас – магчымасць звяртацца да іншых ад імя тысяч нашых сябраў. Больш, больш сябраў АПБ!
Даведка:
Падзяліся артыкулам у сацсетках: