Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Пушчанскія зубры на самым вялікім графіці ў свеце
Навіна арганізацыі ад 2 кастрычніка 2016 года
Як ліса рыхтуе сані летам і як белавежскі зубр натхніў бразільскага мастака на самае вялікае графіці ў свеце?Як ліса рыхтуе сані летам і як белавежскі зубр натхніў бразільскага мастака на самае вялікае графіці ў свеце? Чарговы агляд "Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы".
Ліса вынюхвае апошнія цёплыя мястэчкі і адначасова пазіруе для "Канала дзікай прыроды". Дарэчы, заўважылі, што ў рудой ужо не аблезлы хвост, як быў вясной? А ўсё таму, што ў сярэдзіне лета скончылася сезонная лінька, адразу пасля якой пачынае адрастаць зімовы мех, у які яна цалкам "апранаецца" да снежня. Вось ужо хто сапраўды пачынае "рыхтаваць сані летам"!
Рэдкі дзённы здымак янотападобнага сабакі, які выйшаў папазіраваць на сонца для "Канала дзікай прыроды". Наогул, гэты звярок актыўны пераважна ноччу, калі выходзіць на паляванне. Янотападобны сабака — гэта тыповы збіральнік, які абследуе разнастайныя зацішныя месцы ў пошуках ежы. Нягледзячы на кароткія лапы, за адно паляванне ў цёплую пару года можа прайсці 7-10 км . Трэба і нам браць прыклад з звера-пешахода, калі збярэмся па пакупкі 🙂
Звяры пакуль фатаграфуюцца толькі для"Канала дзікай прыроды", затое зусім хутка на вул. Кастрычніцкай з'явіцца вялікі "звярыны" малюнак ад бразільскага мастака Рамона Марцінса.
У Мінску праходзіць фестываль Vulica Brasil — беларускія і бразільскія мастакі размалёўваюць сцены сталічных будынкаў. І гэты самы Рамон Марцінс вырашыў намаляваць самае вялікае графіці ў свеце, якое, калі ўсё атрымаецца, яшчэ і зарэгіструюць у Кнізе рэкордаў Гінеса. На ім будуць звяры, таму што мастак любіць жывёл. Ужо намаляваныя высакародны алень і зубр, якога Рамон ўпершыню ўбачыў у Беларусі. А мы за 36 месяцаў працы канала маглі б заляпіць фатаграфіямі усе мінскія сцены 🙂
Падзяліся артыкулам у сацсетках: