Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Пабачыў першага бусла? Паведамі! «Жывая вясна-2017» пачалася!
Навіна арганізацыі ад 1 сакавіка 2017 года
З 1 сакавіка па 31 траўня кожны жадаючы можа зарэгістраваць «сваю» першую птушку «Жывой вясны» на сайце springalive.net і прыняць удзел у конкурсах кампаніі. Ствары мапу сусветных птушыных назіранняў разам з намі!У Беларусь ужо прыляцелі першыя кнігаўкі, жураўлі і палявыя жаўрукі. Зусім хутка будзем вітаць і птушак "Жывой вясны"! Дарэчы існуе прыкмета, калі пабачыш першага бусла ў палёце — год пройдзе паспяхова, калі пабачыш на зямлі ці ў гняздзе — рыхтуйся да нейкіх праблем. Добрая падстава ўважліва сачыць за вясеннім небам!
1 сакавіка АПБ распачынае чарговы сезон міжнароднай кампаніі, у якой Беларусь прымае ўдзел кожны год. Чаму варта сустракаць птушак разам з намі і як гэта рабіць?
Што такое «Жывая вясна»?
«Жывая вясна» – міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання мігруючых птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытаніі «якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак?» і «як мы можам дапамагчы?».
Якія птушкі абраны вястунамі вясны?
Вястунамі «Жывой вясны» абраны пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка. Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую мапу, і людзі з розных краін свету разам складаюць анлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму. Кожны дзень назіранняў будзе ўсё больш, і паступова колер мапы будзе змяняцца. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна!
Як дадаць назіранне?
Заклікаем усіх беларусаў часцей выходзіць на прыроду і прыглядацца да птушак. Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак «Жывой вясны»– зарэгіструйце назіранні. Як гэта зрабіць? Абірайце зручны для сябе варыянт:
Важная заўвага! Зарэгістраваць трэба вашую першую сустрэчу птушак "Жывой вясны" ў пэўным месцы, але вы можаце падзяліцца сваёй першай сустрэчай у кожнай вобласці нашай краіны, у якія здарыцца завітаць на працягу вясны.
Што новага ў гэтым годзе?
– У гэтым годзе міжнародная кампанія праходзіць пад слоганам "Не забірайце птушанят дадому!" Гэтая праблема актуальная не толькі ў нашай краіне. Досыць складана прайсці міма маленькага пухнатага птушаняткі — неадменна ўзнікае нясцерпнае жаданне яго "выратаваць"! Вельмі важна стрымацца і ацаніць сітуацыю, толькі ў рэдкіх выпадках птушцы-падлетку насамрэч патрэбна дапамога. Як варта сабе паводзіць пры сустрэчах з птушанятамі — будзем не раз вяртацца да гэтых пытанняў разам з "Жывой вясной-2017"! – дзеліцца каардынатар кампаніі па Беларусі Карына Салавей.
Таксама ў межах кампаніі адбудуцца конкурсы малюнкаў і фотаздымкаў (умовы можна спампаваць ніжэй), пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, адмысловыя святы і гульні ў школах.
Што датычыцца прыродаахоўных мерапрыемстваў, у гэтым годзе працягнецца праца па кальцаванні буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон стараюцца падараваць каляровыя кольцы як мага большай колькасці маладых буслянят.Вяртанні калец даюць навукоўцам карысную інфармацыю, дзе зімуюць сімвалы Беларусі і праз якія краіны пралягае іх шлях дадому. Усіх жыхароў краіны мы заклікаем рабіць домікі для птушак, асабліва вітаюцца сінічнікі, як іх правільна зрабіць і развесіць чытайце тут. Вельмі каштоўнымі рэгістрацыямі на сайце будуць паведамленні пра шчурак-пчалаедак — гэта від з Чырвонай кнігі Беларусі. Калі месца гнездавання на пэўнай тэрыторыі пацвердзіцца, спецыялісты па прыродаахоўных пытаннях АПБ будуць спрыяць перадачы гэтых месцаў пад ахову.
Сустрэнем вясну разам з птушкамі!
Кантактная асоба – Карына Салавей, каардынатар кампаніі «Жывая вясна», +375 29 2648766, springalive@ptushki.org
Даведка «Жывой вясны»:
Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект. Потым далучылася і Сярэдняя Азія. З 2010 года «Жывая вясна» пайшла ў Афрыку: з верасня жыхары гэтага кантынента назіраюць, як абраныя пяць відаў птушак ляцяць на зімоўку ў іх краіны. У мінулым годзе ў кампаніі паўдзельнічалі больш за 70 000 чалавек. Звыш 4 000 назіранняў было і ад Беларусі. Дзякуючы вашаму актыўнаму ўдзелу наша краіна апынулася на на 4-м месцы сярод 55 краін-удзельніц.
Умовы конкурсаў кампаніі "Жывая вясна-2017"
Метадычныя распрацоўкі для правядзення кампаніі "Жывая вясна-2017"
Падзяліся артыкулам у сацсетках: