Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Салаўі, наспявайце нам лета!
Навіна арганізацыі ад 24 мая 2017 года
Пачалася штогадовая акцыя АПБ па складанні «Салаўінай карты». Пазначце «сваіх» салаўёў па ўсёй краіне!Пачалася штогадовая акцыя АПБ па складанні "Салаўінай карты". Пазначце "сваіх" салаўёў па ўсёй краіне!
Май і чэрвень – час слухаць спевы птушак! Пачалася самая мілагучная “салаўіная” акцыя АПБ: штогод арнітолагі запрашаюць на экскурсіі на салаўёў, а таксама заклікаюць усіх жадаючых складаць разам “Салаўіную карту”. Удзельнічаць можа кожны!
Што такое “Салаўіная карта”?
“Салаўіная карта” – унікальны праект, дзе кожны жыхар нашай краіны, які цікавіцца прыродай і любіць птушак, можа стаць адным са складальнікаў адмысловай карты.
Як гэта працуе?
Калі вы пачулі спевы салаўя – адзначце месца на карце. Такім чынам мы разам зможам падлічыць птушак! А яшчэ вашыя назіранні – добрая падказка для іншых людзей і адказ на пытанне “куды пайсці паслухаць салаўя?”. Шукаеце салаўінае месца на карце – і наперад правяраць, ці ёсць там птушка.
Якія месцы можна адзначаць?
Не гледзячы на тое, што адразу на старонцы вы бачыце карту Мінска, адзначыць салаўя вы можаце ў любым куточку нашай краіны. Для гэтага трэба знайсці свой горад ці мястэчка і перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе вы чулі салаўя. Такі фармат удзелу дае не толькі магчымасць самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо спяваюць.
Калі можна пачуць салаўя?
Гэтыя птушкі спяваюць на працягу мая і ў пачатку чэрвеня. Адзінкавых асобін можна пачуць да сярэдзіны чэрвеня. Таму спяшайцеся паслухаць гэтых гучных птушачак і адзначыць на карце горада “сваіх” салаўёў! Заходзьце на адмысловую старонку на нашым сайце і дадавайце свае назіранні. Звыш 200 салаўіных кропак з’явіліся па ўсёй Беларусі ў мінулым годзе. Будзьце ўважлівымі – мажліва ваш горад самы салаўіны ў краіне?
Зробім Беларусь салаўінай!
У прадчуванні сустрэчы з салаўём раім выправіцца на пошукі салаўя ў сваім горадзе — ягоную меладычную песню проста пазнаць і амаль немагчыма зблытаць з іншымі птушкамі.
Абавязкова падзяліцеся назіраннем на Салаўінай карце, каб вашыя суседзі таксама маглі патрапіць на салаўіны канцэрт!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: