Дзе жыве самы вялікі жаўрук-смяцюх?

ад 6 чэрвеня 2017 года

Вынікі конкурса “Птушка-арт”, які АПБ ладзіла 5 чэрвеня, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя.

Вынікі конкурса “Птушка-арт”, які АПБ ладзіла 5 чэрвеня, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя. 

Сусветны дзень навакольнага асяроддзя мы адзначылі конкурсам “Птушка-арт”. Прыняць удзел вельмі проста – 5 чэрвеня выйсці на вуліцу, праявіць сваю фантазію на дварэ, задзейнічаць як мага болей чалавек, скласці з усіх удзельнікаў сілуэт птушкі года, а фотаздымак даслаць нам. У конкурсе прынялі ўдзел амаль 600 чалавек, а творчыя работы сапраўды ўражваюць сваей прыгажосцю і маштабамі! 

Бясспрэчным пераможцам сталі дзеці з ДУА “Гімназія № 3 г.Віцебска імя А.С.Пушкіна”. 70 чалавек пад кіраўніцтвам Святланы Шапіра і Людмілы Сомавай склалі жаўрука-смяцюха! Віншуем!

1 месца ў конкурсе "Птушка-арт"

Па колькасці ўдзельнікаў, задзейнічаных у творчым працэсе, перамагае ДУА “СШ №199 г.Мінск”, кіраўнік Ларыса Авер’янава. Больш за 100 чалавек стварылі птушку 2017 года!

Пераможца па колькасці ўдзельнікаў

"Вялікі дзякуй за магчымасць паўдзельнічаць у такім цудоўным  конкурсе-свяце!  Для дзяцей  было сапраўднае адкрыццё: як можна з людзей стварыць птушку? Шмат  ідэй і прапаноў пачула ад сваіх "крылатых". Вырашылі  правесці  гэты конкурс пад дэвізам "Спявай  звонка песню, чубаты жаўрук!". Лета, сонейка, рамонкі  і дзіцячы смех падчас  пастраення-ператварэння ў птушку. Толькі і чулася: “ Я буду дзюбкай! Я — перкамі! А я -вялікі чуб!”. 75 дзетак і 6 настаўнікаў спрабавалі “спяваць”. І нешта атрымалася! Не вельмі падобнае  на галаву спяваючага жаўрука, але нам было весела, радасна і цікава!" – дзеліцца сваімі ўражаннямі кіраўнік клуба АПБ “Крылаты дазор”, Жанна Валетка. 

Малюнак клуба АПБ Крылаты дазор г.Слуцка пад кіраўніцтвам Жанны Валетка

Шчыры дзякуй усім удзельнікам конкурса!

Жаўрук у выкананні СШ №2 г. п. Шаркаўшчына, кіраўнік - А. Пачэпка

“Птушка-арт” – гэта не толькі добрая і вяселая падстава пабавіць час на дварэ, але магчымасць зразумець, што ўсе мы сваімі ўчынкамі складаем адзіны малюнак жыцця наваколля: аб’ядноўвайцеся вакол дзікай прыроды разам з намі, станавіцеся сябрамі АПБ!

Як стаць сябрам АПБ 

Вялікі дзякуй усім удзельнікам конкурса: вашыя работы радуюць і натхняюць! Пераможцы атрымаюць прыемныя падарункі ад АПБ.  Шчыра жадаем паболей гуляць на прыродзе, няхай вашае лета будзе сонечным і птушыным!

Карына Салавей, каардынатарка кампаніі “Жаўрук-смяцюх – птушка 2017 года”, salavei@ptushki.org 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: