Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Навіны з Наваградчыны
Навіна арганізацыі ад 15 студзеня 2007 года
Ужо другі раз Дом-музей А.Міцкевіча, што ў Наваградку, стаў месцам, якое гасцінна прымае ўсіх, хто цікавіцца светам птушак. На гэты раз 26 снежня мінулага года тут адбылася канферэнцыя Навагрудскага рДля адкрыцця канферэнцыі слова было прапанавана госцю з г.Гродна, фотамастаку-анімалісту, ганароваму сябру АПБ Георгію Гулеўскаму. Яго здымкі, а таксама работы іншых гарадзенскіх фотамайстроў, улетку экспанаваліся ў музеі ў рамках фотавыставы “Птушкі вакол нас” і дазволілі навагрудчанам і гасцям горада пазнаёміцца з прыгажосцю нашых птушак.
Таксама прывітала прысутных і дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтру г.Навагрудка Котава О.В.. Своеасаблівае музычнае прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі: сябрам аддзялення, гурткоўцам і супрацоўнікам ЭБЦ, гасцям з Гародні і Мінску, прапанаваў бард Дзмітрый Мароз.
У пачатку канферэнцыі мультымедыйную справаздачу дзейнасці аддзялення ў 2006 годзе прапанавала яго старшыня Аксана Казловіч. На канец 2006 г. аддзяленне налічвае 14 дарослых сябраў і 56 дзетак і падлеткаў. Нягледзячы на маладосць, мы занялі пятае месца сярод дзесяці ўдзельнікаў у конкурсе на лепшае аддзяленне АПБ. Пасля лічбаў і прыкладаў дзейнасці сябраў аддзялення ў 2006г., старшыня расказала аб асноўных накірунках дзейнасці на 2007 год.
Аб родзе Тызенгаўзаў, складаным і цікавым жыццёвым шляху заснавальніка беларускай арніталогіі Канстанціна Тызенгаўза на фоне гістарычных падзей, распавёў старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ Дзмітрый Вінчэўскі.
Пераможцы абласной навукова-практычнай канферэнцыі навуковых аб’яднанняў навучэнцаў біялагічнага профілю ў секцыі “Даследчыкі прыроды” (Флейта Кацярына, гурткоўка з ЭБЦ) і “Юныя эколагі” (Богдан Арцём, Валеўская СШ) у сваіх выступленнях расказалі аб сваіх даследаваннях па выяўленню раслін, занесеных у Чырвоную кнігу РБ, а таксама аб выніках работы па методыцы “Дзікі квадрат” на тэрыторыі Дзяржаўнага ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”.
Супрацоўнік па кампаніях АПБ Руслан Шайкін пазнаёміў прысутных з вынікамі нацыянальнай кампаніі “Кнігаўка – птушка 2006 года”, а таксама з асаблівасцямі біялогіі і паводзін салаў’я, які выбраны птушкай 2007 года.
Пад час канферэнцыі для падлеткаў быў праведзены конкурс на веданне птушак. Госці змаглі пазнаёміцца з выдавецкай дзейнасцю арганізацыі і стаць сябрамі АПБ. Можна было зрабіць ахвяраванне на выраб памятнай шыльды Канстанціну Тызенгаузу, якую АПБ плануе усталяваць на будынку парафіяльнага касцёла ў Жалудку, дзе арнітолаг нарадзіўся 220 год таму. Прадстаўленая Гродзенскім абласным аддзяленнем выстава дзіцячых малюнкаў “Кнігаўка – птушка 2006 года” вельмі зацікавіла прысутных.
Напрыканцы сустрэчы былі ўзнагароджаны пераможцы раённага этапу конкурсу на лепшую выяўленчую работу “Кнігаўка – птушка 2006 года”, а таксама сябры клубаў “Крылаты дазор”, якія працавалі па методыцы “Дзікі квадрат”. Вызначаны лепшы клуб аддзялення — ім стаў “Крылаты дазор” вучняў Налібацкай БШ.
Дзякуем усім, хто дапамог у падрыхтоўцы і правядзенні канферэнцыі, і асабліва — Мікалаю
Гайбе (дырэктару Дома-музея Адама Міцкевіча).
Белуш Наталля, сябра АПБ, Наваградак
Падзяліся артыкулам у сацсетках: