Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Хіхі вярнуліся дамоў праз 125 гадоў.
Навіна арганізацыі ад 27 лютага 2007 года
Адна з найбольш рэдкіх птушак Новай Зэляндыі – мёдасмактун Notiomystis cincta – сёньня вярнулася на галоўны востраў Новай Зэляндыі ўпершыню за апошнія 125 гадоў. Трыццаць гэтых рэдкіх птушак, якіх абарыгены называюць “Хіхі”, былі выпушчаны ў рэзерваце Waitakere Ranges пасьля таго, як іх прывезьлі з выспаў Tiritira Matangi, — месца, дзе яны былі рэінтрадукаваны раней.Некалі шырока распаўсюджаны на Паўночным востраве і прылягаючых да яго дробных выспах, гэты від мёдасмактуна зьнік тут з-за завезеных на востраў драпежнікаў і зьнішчэньня месцаў пражываньня гэтых птушак. Зараз мёдасмактуны ўпершыню з’явяцца на гэтым востраве, адкуль яны зьніклі яшчэ ў 1880я гады.
Таварыства “Лес і Птушка” ( Forest & Bird ) ( BirdLife ў Новай Зэляндыі) было адной з арганізацый, якія займаліся праграмай рэінтрадукцыі гэтага віду мёдасмактуноў, якая называлася ‘ Ark in the Park ’ (“Каўчэг у парку”).
“Хіхі ўсё яшчэ застаюцца пад пагрозай зьнікненьня, таму заснаваньне дадатковых папуляцый – галоўная мэта гэтага вяртаньня” – так пракамэнтавала праграму Сандра Джэк ( Sandra Jack ) з “Птушкі і лесу”. “Мы спадзяемся, што атрымаецца заснаваць самадастатковую папуляцыю хіхі ў лесе рэзервата Waitakere Ranges , дапамагаючы віду атрымаць доўгачаканы шанец на сапраўднае выжываньне”.
Выпуск птушак, які адбыўся ў лютым, будзе дапоўнены яшчэ адным з 30 хіхі ў красавіку.
Хаця дадатковая ежа і гнездавыя скрыні будуць забяспечаны з самага пачатку, чакаецца, што хіхі змогуць эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя ў гэтым першабытным лесе плошчай 1000 га натуральныя рэсурсы для харчаваньня і гнездаваньня.
Інтэнсіўная падрыхтоўчая праца вялікай колькасьці людзей – галоўным чынам валанцёраў -па адлову і зьнішчэньню у нацыянальным парку Кэскэйд Каурі ( Cascade Kauri Park ) інвазійных відаў: апоссумаў, пацукоў і гарнастаяў, — таксама дапаможа птушкам.
Кожная хіхі мае перадатчык, дзякуючы якому можна будзе эфектыўна адсочваць іх перамяшчэньне на працягу 6 тыдняў пасьля выпуску.
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі
23-02-2007
Крыніца: www.birdlife.org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: