Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Паляванне на птушак увесну лiчу амаральным»
Навіна арганізацыі ад 3 сакавіка 2007 года
Сёньня на вэб-сайце газэты “Звязда” з’явілася інтэрвію сябра АПБ Аляксандра Вінчэўскага карэспандэнту газэты Сяргею Расольку наконт мэтазгоднасьці веснавога паляваньня на птушак. Прапануем яго Вашай увазе.Катэгарычна не згодны!
Сяргей РАСОЛЬКА
Рэха публікацыі
«Паляванне на птушак увесну лiчу амаральным»
У «Звяздзе» за 23 лютага пад рубрыкай «А я лiчу так!» быў змешчаны матэрыял «Забарона веснавога палявання на птушку — абсурд». У iм напярэдаднi чарговага веснавога сезона палявання свой пункт гледжання выказаў кандыдат бiялагiчных навук, загадчык сектара паляўнiцтвазнаўства i рэсурсаў паляўнiчай фаўны Iнстытута заалогii Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Уладзiмiр Тышкевiч. Як вынiкае ўжо з назвы публiкацыi, яна была ў падтрымку правядзення палявання ў сёлетнiм сезоне. Сваю пазiцыю Уладзiмiр Яўгенавiч аргументаваў шэрагам слушных, на яго погляд, прыкладаў — ад лабiравання забароны на паляванне «зялёнымi» да магчымых страт у вынiку такога кроку паляўнiчых гаспадарак i пакрыўджаных беларускiх паляўнiчых.
З процiлеглым меркаваннем у рэдакцыю звярнуўся арнiтолаг Аляксандр ВIНЧЭЎСКI, якi, у сваю чаргу, таксама прывёў шэраг аргументаў на карысць забароны веснавога палявання на птушак.
Яго выступленне актуальнае яшчэ i таму, што, згодна з Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, з 10 сакавiка павiнна (калi не будуць прыняты змяненнi тэрмiнаў або не ўступiць у сiлу забарона) распачацца веснавое паляванне на гусь-белалобую i гусь-гуменнiцу на пралёце, а з 20 сакавiка — на глушца i цецерука на такавiшчах. А з 1 красавiка — i на iншых птушак. Зрэшты, наша размова ў вынiку выйшла за межы выключна «птушынага» пытання.
— «Забарона веснавога палявання на птушку — абсурд», а страляць птушак, якiя перажылi зiму, драпежнiкаў, хваробы падчас iх пералёту да месцаў размнажэння, шлюбных танцаў у час кахання — гэта верх гуманнасцi i перамога здаровага сэнсу? Уся Еўропа, уключаючы Украiну, адмовiлася ад палявання на птушак падчас мiграцыi да месцаў размнажэння i ў гнездавы сезон. У Беларусi ж нават летась, калi Iнстытут заалогii рэкамендаваў забаранiць веснавое паляванне на вадаплаўную птушку, яго не забаранiлi. I не з-за мясцовых паляўнiчых, як гаворыць Уладзiмiр Тышкевiч, а з-за «вялiкiх грошай», якiя вязуць заходнееўрапейскiя паляўнiчыя ва ўнiкальную еўрапейскую краiну, дзе ўвесну можна пастраляць нават у нацыянальных парках, — гаворыць Аляксандр Вiнчэўскi. — Большасць не толькi нашых арнiтолагаў, але i нашых жа паляўнiчых за забарону веснавога палявання ў Беларусi. Колькасць усiх птушак, на якiх дазволена паляванне, знiжаецца. Скажам, па некаторых вiдах яна складае 5—6 тысяч пар. Большасць цяперашнiх паляўнiчых не адрознiвае розныя вiды птушак, i страляе птушак iншых вiдаў, у тым лiку i «чырванакнiжнiкаў», як я сам неаднойчы бачыў. Увесну перад размнажэннем такiя «выпадковыя» страты мацней адбiваюцца на папуляцыях рэдкiх птушак, чым увосень пасля гнездавання.
— Але наш папярэднi суразмоўца пераважна вёў гаворку пра вальдшнэпа, колькасць папуляцыi якога пакуль не выклiкае трывогi…
— Гэта сапраўды так. Ды i палююць на вальдшнэпа пераважна толькi ўвесну, хоць больш лагiчным было б увосень, калi птушка больш тлустая. Але i тут ёсць праблемы. Страляюць i самцоў i самак, хоць да здабычы дазволены толькi першыя, палююць, як правiла, без сабак (трэба заканадаўча забаранiць паляванне на вальдшнэпа без сабак) i ў прыцемках, таму большую частку падранкаў не знаходзяць. А потым гавораць, што гэта такi спосаб зносiнаў з прыродай. У Заходняй Еўропе веснавое паляванне забаронена з 1972 года i — нiчога.
— Канешне, цяпер яны едуць увесну да нас…
— Паверце мне, тысячы людзей у Заходняй Еўропе гатовыя плацiць грошы нават за тое, каб толькi паслухаць, як на такавiшчах спяваюць глушцы i цецерукi, i пафатаграфаваць. Ды i многiя заходнееўрапейскiя паляўнiчыя не адмовiлiся б ад такога тура. Колькi разоў можна прадаць аднаго глушца паляўнiчаму — аднойчы, а паказаць яго можна тысячу разоў! А хто-небудзь спрабаваў запрасiць мiнчан паслухаць вясновую песню глушца? Думаю, ахвотнiкаў было б не менш, чым убачыць Мiрскi замак. Вось i даход для паляўнiчых гаспадарак. I ў гэтым плане яны могуць выступаць нават пэўнай стрымлiваючай сiлай, дапамагаць ахоўваць прыроду, бо, не сакрэт, стары лес, дзе размяшчаюцца такавiшчы, часцяком у нас высякаецца… Мы выступаем катэгарычна супраць палявання на вадаплаўных птушак. Паляванне на вальдшнэпа павiнна праходзiць толькi з сабакам. Глушца i цецерука нельга дазваляць страляць, пакуль самкi не сядуць на гнёзды, гэта значыць да канца красавiка. Разумеем, што забаранiць зусiм веснавое паляванне дзяржава не ў сiлах.
— Аляксандр Яўгенавiч, вядома, што на любы вызначаны лiмiт здабычы спецыялiстамi даецца абгрунтаванне. Калi адысцi ад «птушынай» тэмы, дык наша газета нядаўна пiсала, напрыклад, як па шэрагу прычын у краiне вельмi значна павялiчылася папуляцыя бабра. Нават «чырванакнiжнiца»-рысь была нядаўна дазволена для здабычы з-за таго, што ў некаторых рэгiёнах яе колькасць iстотна ўзрасла. Магчыма, у некаторых выпадках здабыча птушкi цi жывёлы ўсё ж апраўдана?
— Я нядаўна размаўляў са спецыялiстам па бабрах. Напрыклад, у Эстонii няма такой праблемы: мяса бабра iдзе ў рэстараны, попытам карыстаецца яго футра. I прырода пры гэтым не церпiць. Калi гаварыць пра рысь, дык яна была ўнесена ў Чырвоную кнiгу з 1981 года. У 2004 годзе Iнстытут заалогii абгрунтаваў яе ўнясенне ў трэцяе выданне, што ўбачыла свет у 2005 годзе. А праз год той жа Iнстытут заалогii дае дазвол на здабычу рысi, матывуючы гэта яе вялiкай колькасцю! Рысь — жывёла тэрытарыяльная, сумняваюся, што яе папуляцыя магла так iмклiва павялiчыцца ўсяго за некалькi гадоў.
— Давайце зноў вернемся да нашай тэмы. Хутка ў краiне можа пачацца паляванне на пералётных гусей…
— Гэтае паляванне я лiчу цалкам амаральным i прашу вас давесцi маё i не толькi маё меркаванне да грамадскасцi, паляўнiчых. Вясной у Беларусi страляюць гусей, што ляцяць на поўнач, прычым, i самцоў, i самак. А адзiнокая птушка з разбiтай пары ўжо фiзiчна не зможа знайсцi ў гэтым сезоне партнёра i не выведзе птушанят (у гусей вельмi складаная форма пошуку партнёра). Простая арыфметыка: кожная забiтая ўвесну гусь — гэта на шэсць птушак менш увосень. Птушкi падчас палявання на iх не могуць у нашай краiне адпачыць, падсiлкавацца. Ёсць навуковыя даныя, што нават тыя гусi, якiя ўсё ж даляцелi да тундры, часцяком гiнуць на кладцы — ад знясiлення, выклiканага стрэсам. Таму ўсе эколагi, многiя паляўнiчыя выступаюць за забарону веснавога палявання.
— Дзякуй за гутарку.
Крыніца: www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=17&p=6
Здымак з www.newsru.com
Падзяліся артыкулам у сацсетках: