Свінцовыя кулі забаронены, каб дапамагчы каліфарнійскаму кондару вярнуцца

ад 6 сакавіка 2007 года

Выратаваньне каліфарнійскага кондара (Gymnogyps californianus) — адзін з найбольш вядомых амерыканскіх праектаў па рэінтрадукцыі – атрымаў падтрымку ад ранча плошчай 270 000 акраў (1 акр=0,405 га), на якім дзяржава ажыццяўляе найвялікшую праграму прыватнага паляваньня. Кампанія Tejon Ranch Company, якая працуе супольна з the U.S. Fish & Wildlife Service і таварыствам Audubon California (BirdLife ў Злучаных Штатах) абвесьціла, што яна забараняе выкарыстаньне паляўнічай амуніцыі са свінцом на ранча ў каліфарнійскіх гарах Тэхачапі (Tehachapi Mountains), якое кампанія арэндуе ў дзяржавы. Свінцовыя кулі забаронены, каб дапамагчы каліфарнійскаму кондару вярнуцца

Каліфарнійскі кондар хутка змяншаў сваю колькасьць на працягу ўсяго ХХ ст., і ў 1987 г. кондар зьнік як від птушак у прыродзе – апошнія 6 вольна жывучых асобін былі адлоўлены і зьмешчаны ў адмысловы пітомнік, каб падтрымаць праграму па развядзеньню і рэінтрадукцыі віду. Дасьледнікі зьвязваюць гэткае драматычнае зьнікненьне віду ў дзікай прыродзе з перасьледваньнем людзьмі і атручваньнем свінцом з падліны, якой харчуюцца кондары.

На сёньняшні дзень дзікая папуляцыя каліфарнійскага кондара налічвае 70 рэінтрадукаваных у прыроду птушак.

“Гэтая кампанія прыняла не толькі вельмі слушнае, але і своечасовае рашэньне каб забараніць ужываньне паляўнічымі свінцовай амуніцыі на арэндуемых кампаніяй землях” – сказаў Гленн Олсон ( Glenn Olson ), віцэ-прэзідэнт і выканаўчы дырэктар таварыства Audubon California . “Як найвялікшы прыватны ўладальнік зямлі ў Каліфорніі, кампанія Tejon Ranch і яе рашэньне падкрэсьліваюць, якую вялікую ролю могуць адыгрываць прыватныя землеўладальнікі ў ахове прыроды”.

У той час, як апошнія дасягненьні прагрэсу дапамаглі фактычна вярнуць зьніклы ў прыродзе від, атручваньне кондараў свінцом праз падстрэленых паляўнічымі жывёл, усё яшчэ прадстаўляе вялікую пагрозу для выпушчаных у прыроду птушак. Таму апошняе рашэньне кампаніі Tejon Ranch сапраўды дапаможа каліфарнійскаму кондару, тым больш, што некалі кондары выкарыстоўвалі частку тэрыторыі ранча для пошуку ежы і адпачынку.

З пачаткам паляўнічага сезону ў 2008 г. будзе дазволена паляваць толькі з амуніцыяй, якая не ўтрымлівае свінец.

“Мы праз 170 гадоў кіруем гэтым ранча, і гэта значыць, што мы ўвесь час вучымся лепш падтрымліваць устойлівасьць рэсурсаў на гэтай зямлі. І калі з’яўляецца добрая прапанова, накіраванае на гэта, мы яе ажыццяўляем” – так пракамэнтаваў прынятае рашэньне Робэрт Эй. Стайн ( Robert A . Stine ), прэзідэнт і галоўны менэджэр кампаніі Tejon Ranch .

“Забарона ўжываньня амуніцыі са свінцом на такой вялікай тэрыторыі – гэта рэальны крок наперад у вяртаньні каліфарнійскага кондара /на гэтыя землі/ — сказаў д-р Сцюарт Батчарт ( Dr Stuart Butchart ), каардынатар Сусьветнай відавой праграмы BirdLife International . ”Адначасова гэта добры прыклад таго, што прыватныя землеўладальнікі маюць вялікі патэнцыял каб рэзка павялічыць шанцы на выжываньне відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня”.

Таварыства Audubon California супрацоўнічае з Tejon Ranch Company , the U . S . Fish & Wildlife Service , Каліфарнійскім дэпартамэнтам California Department of Fish & Game і некалькімі паляўнічымі і прыродаахоўнымі арганізацыямі, каб распаўсюдзіць новыя правілы.

05-03-2007

Крыніца: www.birdlife.org

Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)

Здымак US Fish and Wildlife Service



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: