Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Індыйская вялікадзюбая чаротаўка аднойдзена праз 139 гадоў у Таіландзе
Навіна арганізацыі ад 7 сакавіка 2007 года
Арнітолягі ўсяго Сьвету сьвяткуюць з нагоды навіны, што від, які не адзначаўся больш пасьля свайго адкрыцьця ў Індыі ў 1867г., быў зноў адзначаны. Прычым, двойчы! Індыйская вялікадзюбая чаротаўка (Large-billed Reed-warbler) (Acrocephalus orinus) дагэтуль заставалася адной з найменш вядомых птушак на Зямлі. Адзінкавая птушка была закалекціявана ў даліне Сатледж, Хімачал Прадэш, Індыя (Sutlej Valley, Himachal Pradesh) у 1867 годзе, і пасьля гэтага многія навукоўцы ставілі пад сумнеў факт апісаньня менавіта новага віду птушак. Выказваліся меркаваньні, што гэта абератыўная асобіна шырока вядомых відаў чаротавак.Але 27 сакавіка 2006г. арнітоляг Філіп Раўнд ( Philip Round ), асістэнт-прафэсар факультэту біялёгіі Магідольскага ўніверсытэту ( Mahidol University ), кальцаваў птушак, якіх адлоўліваў каля цэнтру па ачыстцы забруджаных водаў недалёка ад Бангкоку, Таіланд. Яго праца праходзіла ў рамках праекту Laem Phak Bia Environmental Research and Development Project , ініцыяванага і падтрыманага каралеўскай сям’ёй Таіланда.
“Хаця ўсе чаротаўкі звычайна выглядаюць аднастайна і збольшага аднолькава, але адна з птушак, якую я злавіў той раніцай, прыцягнула маю ўвагу. Яна была вельмі незвычайнай –у яе была доўгая дзюба і кароткія крылы.” – распавёў Раўнд. “І тады мяне асяніла — гэта можа быць вялікадзюбая чаротаўка! Я анямеў ад гэтай здагадкі, бо гэта было б тое самае, як трымаць жывога дронта. Я ведаў, што мушу мець жалезныя доказы-пацверджаньні наконт відавой прыналежнасьці гэтай птушкі. Я зрабіў шмат фотаздымкаў і асьцярожна закалекціяваў два пяра, каб мець магчымасьць зрабіць аналіз ДНК.”
Раўнд скантактаваўся з праф. Стэффанам Бэнсчам ( Staffan Bensch ) са швэдзкага ўніверсытэту Лунда. Прафэсар да гэтага ўжо спраўдзіў музэйны экзэмпляр і падцвердзіў, што ён належыць асобнаму віду. Таму навуковец меў магчымасьць параўнаць ДНК злоўленай Раўндам птушкі і запэўніў, што яна належыць да таго самага віду, што і адзіны вядомы дагэтуль індыйскі экзэмпляр.
“Гэта пераадкрыцьцё вялікадзюбай чаротаўкі на ўзбярэжжы Ўнутранага заліву Таіланда, якое з’яўляецца ТВП (Тэрыторыяй, важнай для птушак), паказвае вагу забалочаных тэрыторый і тое, якую значную біяразнастайнасьць яны падтрымліваюць” – сказала Крітсана Каэўпланг ( Kritsana Kaewplang ), дырэктар BCST . “Акрамя гэтага, дадзенае адкрыцьцё дэманструе значнасьць руціннага маніторынгу і кальцаваньня мігрыруючых птушак нават у добра даследаваных месцах”.
“Гэтая адметная падзея дае індыйскім арнітолягам дадатковы стымул, каб знайсці вялікадзюбую чаротаўку на тэрыторыі Індыі” – сказаў д-р Асад Рахмані ( Dr Asad Rahmani ), дырэктар Бамбэйскага таварыства натуральнай гісторыі ( the Bombay Natural History Society ). “Як і адкрыцьцё ў Арунахал Прадэш ( Arunachal Pradesh ) у мінулым годзе бугунскай цімеліі ( Bugun Liocichla ), гэта паказвае нам, як многа мы яшчэ можам даведацца пра нашу адметную авіфауну”.
Прадстаўнік BirdLife International д-р Сцюарт Батчэрт ( Dr Stuart Butchart ) так пракамэнтаваў гэты выпадак: “Амаль нічога не вядома пра гэтую загадкавую птушку. Па музэйнаму экзэмпляру, які мае кароткія і акруглыя крылы, мы здагадваліся, што гэты від або аселы, або мігрант на невялікія адлегласьці. Таму з’яўленьне птушкі ў Таіландзе вельмі дзіўнае. Зараз прыярытэт — знайсьці месцы пражываньня асноўнай папуляцыі віду і пастарацца ацаніць існуючыя для чаротавак пагрозы. А калі яны ёсьць, як гэтыя пагрозы зьменшыць.”
Цікава, што як працяг гэтай гісторыі, праз шэсьць месяцаў пасьля пераадкрыцьця чаротаўкі ў Таіляндзе, яшчэ адзін экзэмпляр гэтага віду быў знойдзены ў калекцыі Музэя натуральнай гісторыі ў Трынгу ( the Natural History Museum at Tring ), у Вялікабрытаніі. Адкрыцьцё было зроблена пад час прагляду скурак садовых чаротавак ( Acrocephalus dumetorum ), закалектаваных на працягу ХІХ ст. ў Індыі. Зноў праф. Стэффан Бэнсч падцвердзіў здагадку, зрабіўшы аналіз ДНК.
“Знаходка вялікадзюбай чаротаўкі праз 139 гадоў пасьля яе адкрыцьця была надзвычайнай падзеяй, але знаходка другой праз такі кароткі час пасьля “прыстасаваньня нюху” арнітолягаў – гэта сапраўдны цуд” – сказаў Батчэрт.
Экзэмпляр, знойдзены ў музэі Трынгу, быў забіты ў іншай частцы Індыі, чым першы, і ажывіў дэбаты пра неабходнасьць пошукаў чаротавак.
“Зараз, калі адбыліся гэтыя адкрыцьці, мы можам спадзявацца на тое, што нядоўга засталося чакаць моманту, як нехта адкрые месцы гнездаваньня чаротавак. М’янма або Бангладэш маюць вялікія шанцы. Але від паказаў сваю вялікую здольнасьць рабіць неспадзяванкі, таму мы можам чакаць яшчэ не адзін сюрпрыз” – сказаў Батчэрт.
07-03-2007
Крыніца: www. birdlife. org
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
Здымак Philip Round/The Wetland Trust
Падзяліся артыкулам у сацсетках: