Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Аналіз фактаў паказвае: Птушыны грып "не пераносіцца, а прадаецца"
Навіна арганізацыі ад 31 сакавіка 2007 года
Крытычны параўнаўчы агляд навуковай літаратуры, прысьвечанай распаўсюджаньню высока патагеннага птушынага грыпу (Highly Pathogenic Avian Influenza=HPAI) штама H5N з’явіўся ў часопісе Ibis [1] Брытанскага орніталягічнага зьвязу (British Ornithologists Union). Галоўная выснова гэтага артыкулу – гандаль свойскай птушкай і прадуктамі птушкаводзтва хутчэй, чым міграцыі дзікіх птушак — галоўны мэханізм глябальнага пашырэньня патагеннага вірусу птушынага грыпу. Агляд паказвае, што мігрыруючыя птушкі шырока і шмат разоў абвінавачваліся ў распаўсюджваньні вірусу і гібелі свойскай птушкі, не гледзячы на тое, што прычынай было перамяшчэньне жывых хатніх птушак і прадуктаў птушкаводзтва, такіх, як птушынае мяса.Аўтары артыкулу, французкія эколягі Michel Gauthier — Clerc , Camille Lebarbenchon і Frederic Thomas з дасьледчага цэнтру па ахове Міжземнаморскіх забалочаных тэрыторый Station Biologique de la Tour du Valat і лябараторыі генэтыкі і эвалюцыі інфэкцыйных хвароб GEMI ( G é n é tique et Evolution des Maladies Infectieuses ), папярэджваюць, што няправільна скіраваны акцэнт на небясьпеку кантактаў дзікіх птушак і свойскай птушкі, якая ўтрымліваецца не ў вальерах, павінен быць літаральна перавернуты і скіраваны на небясьпеку інтэнсіўнага разьвядзеньня і ўтрыманьня птушак у вялікай колькасьці ў закрытых памяшканьнях, што значна павялічвае рызыку іх захворваньня.
Дзікія птушкі ўяўляюць пастаянную крыніцу фрагмэнтаў генаў нізка патагеннага птушынага грыпу, якія часам могуць перадавацца свойскім птушкам. Але Gauthier — Clerc з сааўтарамі піша, што ў які штам далей паступова зможа ператварыцца вірус, залежыць ад практыкі ўтрыманьня гэтай свойскай птушкі.
“Калі шчыльнасьць утрымліваемых птушак не высокая, вельмі вірулентны штам, які адказвае за высока імаверную гібель птушак, можа зьнікнуць з-за немагчымасьці хуткай перадачы яго здаровым птушкам да таго моманту, пакуль заражаныя асобнікі памруць. У Азіі шчыльнасьць утрыманьня свойскай птушкі вельмі высокая. Гэтыя экалягічныя ўмовы дапамагаюць захоўваньню і хуткай перадачы вельмі вірулентных штамаў віруса.”
Прычына HPAI – штам H 5 N 1 — быў адкрыты ў 1996г. ў свойскіх гусей у паўднёва-кітайскай правінцыі Гуандонг ( Guangdong ), і быў распаўсюджаны праз перамяшчэньні гусей і іншай свойскай птушкі, уключаючы свойскіх качак, якія могуць пераносіць вірус без сымптомаў захворваньня. “Дзякуючы гандлю, гэта дало магчымасьць вірусу распаўсюдзіцца на даволі вялікай тэрыторыі без яго выяўленьня”. Галоўная эпізаотыя (так называецца эпідэмія ў жывёл) “пачалася паміж сьнежнем 2003 і студзенем 2004 сярод куранят, якія менш адпорныя за свойскіх качак, з захворваньнямі, якія адзначаліся амаль адначасова ў васьмі краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі…Геаграфічнае пашырэньне і эвалюцыя вірусу з 1996г., хутчэй за ўсё, адбываліся без якой бы то ні было сувязі з дзікімі птушкамі”.
На пачатку 2005г. распаўсюджаньне вірусу ўсё яшчэ было абмежавана краінамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Выпадкі захворваньняў адзначаліся ад Інданэзіі да Кітаю, уключаючы Камбоджу, Таіланд і Віетнам. Адзіныя дзікія птушкі, знойдзеныя заражанымі вірусам, былі ахвяры віруса, які цыркуляваў сярод свойскай птушкі: вераб’і, сарокі, чаплі і драпежныя птушкі, якія харчаваліся вакол птушкафэрмаў. “Мігрыруючыя птушкі не ведаюць межаў, а вірус заставаўся абмежаваным да Кітаю і паўднёвага Ўсходу Азіі некалькі год” – адзначаюць аўтары.
Потым, вясною 2005г., дзікія птушкі былі знойдзены памерлымі ад вірусу на возеры Quinghaihu ў цэнтры Кітаю. Гэта былі горныя гусі Anser indicus , якія зімуюць ў Індыі, Бангладэшы, Нэпале і Пакістане з кастрычніка і адлятаюць далей на поўнач з канца сакавіка.“Калі б горныя гусі прынесьлі вірус на возера Quinghaihu пад час веснавой міграцыі, неабходна пастуліраваць, што яны кантактавалі з вірусам у 2004г. ў Кітаі і таму вельмі імаверна, што яны маглі заразіць птушак у Індыі пад час восені або зімы 2004/05 гг. Але больш верагодным уяўляецца тое, што гэтыя мігрыруючыя птушкі сталі ахвярай штаму H 5 N 1, калі прыляцелі на свае месцы гнездаваньня, а апошнія ўжо былі інфіцыраваны вірусам”.
Прыкладна праз год, у траўні 2006г., выявілася, што другія горныя гусі штучна разводзіліся каля возера, і гэта умацоўвае гіпотэзу, што менавіта птушкі з фэрмы былі крыніцай заражэньня дзікіх суродзічаў.
Калі б водна-балотныя мігрыруючыя птушкі былі ключавым распаўсюднікам вірусу штаму H 5 N 1, пад час веснавой міграцыі ў 2004 і 2005гг. ён бы з’явіўся ў Сібіры, дзе павінен быў заразіць гняздуючых птушак, якія зімуюць у Індыі, Пакістане, Бангладэшы, на Сярэднім Усходзе, Усходняй Афрыцы, Аўстраліі і Новай Зэляндыі. Такім чынам, чарговая хваля хваробы павінна была пачацца шырокім фронтам ад Эўропы да Цэнтральнай Азіі ўжо вясною 2006г.”
Замест гэтага вірус пачаў сваю экспансію на захад праз Усходнюю Азію ад Навасібірска ў ліпені 2005г. – ў час, калі водна-балотныя птушкі ліняюць і не могуць лятаць. Шлях пашырэньня вірусу быў адпаведным з галоўнымі шляхамі гандлю – такімі, як Транс-Сыбірская чыгунка, якая праходзіць праз краіны, дзе было зарэгістравана найбольш сьмяротных выпадкаў сярод свойскай птушкі і дзе на мяжы адсутнічае пастаянны строгі кантроль, а вэтэрынарныя службы слаба разьвіты.
Да пачатку студзеня 2006г. не было адзначана ні воднага выпадку захворваньня птушыным грыпам на Індыйскім субкантынэнце, на Сярэднім Усходзе, у Афрыцы, Амэрыцы ці Аўстраліі – у час, калі зімовая міграцыя на поўдзень была скончаная, а частка відаў ужо рыхтавалася да адваротных пералётаў на месцы гнездаваньня.
У пачатку 2006г. сэрыя гібелі дзікіх птушак была зарэгістравана на Захадзе і Поўначы Эўропы. Птушкі гэтыя былі галоўным чынам вадаплаваючымі, асабліва шмат загінула лебедзяў, якія былі вымушаны пераляцець са сваіх звычайных месцаў зімоўкі далей на захад з-за экстрэмальна халоднага надвор’я ва Ўсходняй Эўропе. І гэтыя сьмяротныя выпадкі ніяк не адпавядалі звычайным шляхам птушыных міграцый ці іх часу. “Цікава адзначыць, што гэтыя выпадкі засталіся лякальнымі і не пачалі распаўсюджвацца як звычайныя эпізаотыі, якія пашыраюцца вакол першых ахвяр” – дадаюць аўтары.
Мігрыруючыя віды, такія як качкі ці кулікі, пралятаюць некалькі сотняў кілямэтраў на працягу аднаго дня. Таму, калі б мігрыруючыя птушкі былі б галоўным чыньнікам распаўсюджаньня патагеннага штаму, вірус распаўсюджваўся б вялікімі скачкамі праз некалькі сотняў ці тысячы кілямэтраў. “Але назіраемае пашырэньне вірусу хутчэй нагадвае паступовае распаўсюджваньне захворваньня ад ізаляваных месцаў хваробы, геаграфічны характар якіх добра адпавядае галоўным шляхам і характару вядзеньня людзкой камэрцыі”.
Калі б мігрыруючыя птушкі былі б галоўным агентам пашырэньня вірусу, мы б маглі назіраць пасьля ліпеня 2005г. шматлікія выпадкі гібелі дзікіх птушак на месцах гнездаваньня і на шляхах міграцыі – з таго часу, калі папуляцыі дзікіх птушак ўпершыню былі адзначаны як захварэўшыя ад патагеннага штаму. “Тым не менш, толькі спарадычныя выпадкі былі адзначаны. Гібель птушак у краінах Заходняй Эўропы пасьля пэрыяду халадоў на Чорным моры паказвае, што вірус можа пашырацца інфіцыраванымі дзікімі птушкамі, якія вандруюць на невялікія адлегласьці, але няма пацьверджаньняў на тое, што гэта магчыма і пад час сэзонных міграцый на доўгія адлегласьці”.
У траўні 2006г. міжнародная канфэрэнцыя ў Рыме адзначыла, што вірус распаўсюджваецца галоўным чынам дзякуючы міжнароднаму гандлю свойскай птушкай і прадуктамі птушкаводзтва – як легальнаму, так і не легальнаму. Але міжнародныя арганізацыі – такія як OIE і FAO (міжнародная арганізацыя па харчаваньню) – працягваюць у сваіх прэс-рэлізах факусіраваць увагу на мігрыруючых птушках.
Так, напрыклад, ня так даўно афіцыйныя дзяржаўныя агенцтвы Вялікабрытаніі распаўсюдзілі інфармацыю, што масавая гібель індычак ад патагеннага штаму птушынага грыпу на птушкафабрыцы Бэрнарда Мэт’юса ( Bernard Matthews ) у графстве Саффолк у Англіі была зьвязана з наземным транспартам, які да гэтага знаходзіўся недалёка ад месцаў гібелі птушак у Венгрыі.
Gauthier — Clerc з сааўтарамі пракамэнтавала гэта ў артыкуле так: “Разумеючы, што адна з галоўных роляў FAO – гэта разьвіцьцё міжнароднага сельскагаспадарчага гандлю, ім было б цяжка прызнаць, што менавіта гэты гандаль адказны за пашырэньне патагеннага штаму H 5 N 1 па ўсяму Сьвету”.
Высновы артыкула гучаць дагэтуль нечакана: “Страх ад перадачы /птушынага грыпу/ дзікімі птушкамі чым хутчэй павінен зьмяніць утрыманьне вялікай колькасьці птушак у адным закрытым месцы, якое павялічвае рызыку захворваньняў, на падтрыманьне сучаснага трэнду па лепшаму дагляду за жывёламі ў напаўвольным іх утрыманьні. Усе сьведчаньні кажуць пра тое, што разьвіцьцё гэткіх трэндаў разам з рутыновым і строгім вэтэрынарным кантролем і кантролем гандлю выглядае на пасьпяховую стратэгію /барацьбы з пашырэньнем птушынага грыпу/.”
[1] Recent expansion of highly pathogenic avian influenza H5N1: a critical review M. GAUTHIER-CLERC, C. LEBARBENCHON & F. THOMAS. Ibis (2007) [citation to appear]
29-03-2007
Крыніца: www. birdlife. org
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
На здымку Tony Martin ’а:
глябалізацыя ператварыла свойскіх кур у самы мігрыруючы від птушак на Зямлі.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: