Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
На Гарадзеншчыне адзначаны першыя ў гэтым годзе вясковыя ластаўкі
Навіна арганізацыі ад 13 красавіка 2007 года
Сёньня, у першы сапраўды цёплы дзень пасьля “вяртаньня зімы”, на Гарадзеншчыне ўпершыню ў гэтым годзе для Беларусі адзначылі вясковых ластавак. Над ачышчальнымі сажалкамі ВА “Гродна-Азот” каля вёскі Беражаны (Гродзенскі раён) ганаровы сябра АПБ і фотапаляўнічы Георгій Гулеўскі назіраў 6 птушак. Яны чародкай ляталі адна за адной і пасьпявалі не толькі лапаць у паветры жамяру, але і сьпяваць.У гэты ж дзень другі сябра АПБ з Горадні — Мікалай Гулінскі — таксама ўпершыню ў гэтым годзе адзначыў першую вясковую ластаўку пад мястэчкам Бераставіца.
У мінулым годзе першая вясковая ластаўка была адзначана сябрамі АПБ таксама над ачышчальнымі сажалкамі каля Беражан, але на 2 тыдні раней – ужо 30 сакавіка.
Нагадаем, што вясковыя ластаўкі – другі па чарзе від з “пасланак Вясны”, за прылётам якіх ужо другі год мы назіраем разам з аматарамі прыроды з усёй Эўропы – гл., калі ласка, беларускую старонку на сайце www. springalive . net
Іншыя віды, пра свае першыя назіраньні якіх трэба разьмесьціць інфармацыю на гэтым сайце, гэта белы бусел, зязюля і чорны сьвіргуль. І калі белыя буслы былі ўпершыню ў краіне адзначаны таксама на Гарадзеншчыне ўжо 2 сакавіка і ўжо больш за месяц заняты клопатамі па падаўжэньню роду, вясковыя ластаўкі адзначаны ўпершыню, а зязюлі і сьвіргулі яшчэ не даляцелі да нас.
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня
12-04-2007
На здымку – памятная паштоўка з Горадні з выявай чародкі вясковых ластавак, выдадзеная на пачатку мінулага стагоддзя.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: