Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
На Століншчыне адзначана жоўтая чапля.
Навіна арганізацыі ад 16 мая 2007 года
16 траўня 2007г. ўдзельнікі міжнароднага студэнцкага палявога летніка, арганізаванага АПБ і Швэдзкім орніталягічным таварыствам SOF, на працягу некалькіх секундаў назіралі ў Столінскім раёне жоўтую чаплю (Ardeola ralloides). Літаральна праз 2-3 хвіліны пасьля пачатку воднай экскурсіі па Прыпяці ад насоснай станцыі ў в.Альшаны (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) птушка праляцела на адлегласьці некалькіх метраў ад экскурсійнага баркасу над густымі зарaсьнікамі вярбы. Чаплю адначасова ўбачылі 18 чалавек.Гэта другое назіранне віда ў Беларусі. Першае адбылося 20 траўня 2001г. ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобл. на рацэ Днепр. Тады адна птушка назіралася каля 20 хвілін сябрамі АПБ Паўлам Пінчуком і Валерам Дамброўскім.
Жоўтыя чаплі гняздуюць у Афрыцы, Паўднёвай Эўропе і Паўднёва-Заходняй Азіі. Найбольш блізкія да тэрыторыі Беларусі месцы гнездаваньня адзначаны ва Ўкраіне ў нізоўях Днястру, Дняпру і Дуная. Для віду характэрныя дальнія залёты ў розных кірунках пад час вясновай і восеньскай міграцыі — нават ў Ісландыю, Англію, Швэцыю і Фінляндыю.
Фота з www.Netfugl.dk
Падзяліся артыкулам у сацсетках: