Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Акцыя “Сябры барадатай кугакаўкі”
Навіна арганізацыі ад 7 чэрвеня 2007 года
Трэці год запар адбываецца акцыя па ахове двух найбольшых папуляцый барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa) ў Беларусі. Спонсары акцыі – аматары соў з Нідэрландаў Онно дэ Бруэйн і Алла Квяткоўская-дэ Бруэйн. 2 чэрвеня Целяханскую пушчу наведала чарговая экспедыцыя ў складзе Аляксандра Вінчэўскага (BirdLife International), Генадзя Міндліна (АПБ) і брытанскага калегі Джозефа Стратфорда, які жыве ў Літве. Вясна 2007 года выдалася не найлепшай для грызуноў і адпаведна для іх галоўных аматараў – соваў. У Белавескай пушчы, напрыклад, у гэтым годзе не знойдзена ніводнага гнязда барадатай кугакаўкі.[SCREEN:0] У Целяханах мы праверылі пяць гнёзд, як і я ў весну был і заняты совам і . Гнёзды былі знойдзены мясцовымі жыхарамі: егерамі Аляксандрам Івановым і Віктарам Куратнікам, рабочым лясгасу Сяргеем Янковічам. Толькі ў двух з пяці выпадкаў совы здолелі вырасціць па аднаму птушаняці. У рамках акцыі мясцовыя ахоўнікі прыроды, знойдзеныя якімі гнёзды аказаліся паспяховымі, атрымалі каштоўныя прызы. Птушаняты былі акальцаваны.
Добрыя навіны прыйшлі таксама з Налібокскай пушчы, дзе ў час планавай высечкі вясной было знойдзена гняздо барадатай кугакаўкі. Дзякуючы хуткай рэакцыі ляснічага Ўладзіміра Мароза і яго намесніка Васіля Цітко, намаганням галоўнага ляснічага Навагрудскага лясгаса і сябра АПБ Міхаіла Моцевіча, высечка была спынена і перанесена на час, калі птушаняты ўжо пакінуць гняздо.
Незаконны адстрэл дарослых соў уяўляе галоўную пагрозу для выжывання ключавых папуляцый гэтага рэдкага віду птушак. Мэтай акцыі “Сябры барадатай кугакаўкі” акрамя маніторынгу папуляцый соў з’яўляецца заахвочванне мясцовых жыхароў да аховы ўнікальнай прыроднай спадчыны Беларусі.
Аляксандр Вінчэўскі, АПБ, Мінск. Здымкі аўтара.
Прачытаць ангельскі погляд на сустрэчу і кальцаванне барадатых кугакавак, а таксама некаторыя здымкі з акцыі можна тут:
http://josstratford.co.uk/index.php?option=com_content&task=view&id=57&Itemid=39
Падзяліся артыкулам у сацсетках: