На 44% зьменшылася колькасьць птушак на сельгастэрыторыях Заходняй Эўропы

ад 7 чэрвеня 2007 года

Новае дасьледаваньне паказала, што за апошнія 25 год птушкі, якія жывуць на сельскагаспадарчых тэрыторыях у Заходняй Эўропе, зьменшылі сваю колькасьць амаль на 50%. Гэты небясьпечны трэнд ёсьць вынікам інтэнсыфікацыі сельскай гаспадаркі ў Эўразьвязе і праблема можа быць вырашана толькі хуткімі рэформамі. Вынікі, абвешчаныя сёньня, аб’ядноўваюць найбольш верагодныя ў сваёй галіне індыкатары стану біяразнастайнасьці, атрыманыя дзякуючы Панэўрапейскай схеме маніторынгу звычайных відаў птушак (the Pan-European Common Bird Monitoring Scheme (PECBMS) – партнэрству вядучых навукоўцаў з Эўрапейскай Рады па ўліках птушак (the European Bird Census Council), BirdLife International, Каралеўскага таварыства па ахове птушак (the RSPB (BirdLife у Вялікабрытаніі) і Statistics Netherlands. На 44% зьменшылася колькасьць птушак на сельгастэрыторыях Заходняй Эўропы

Дадзеныя, якія зьбіраліся пад час апошніх 25 год дасьледаваньняў у 20 эўрапейскіх краінах, пацвярджаюць працягласьць зьмяншэньня колькасьці птушак, якая адбывалася ўвесь гэты час. У Заходняй Эўропе з 1980 па 2005 гг. зьмяншэньне колькасьці звычайных відаў птушак сельскагаспадарчых біятопаў у сярэднім адбылося на 44% — найбольш значнае падзеньне сярод розных катэгорый птушак, за якімі вёўся маніторынг.

“Птушкі могуць быць жыцьцёваважным баромэтрам зьменаў у навакольным асяроддзі – іх зьмяншэньне ёсьць ясным сьведчаньне дэградацыі навакольля, якое адбылося па ўсёй Эўропе на сельгастэрыторыях” – сказаў д-р Рычард Грэгары ( Dr Richard Gregory ), Старшыня Эўрапейскай Рады па ўліках птушак і кіраўнік аддзелу маніторынгу і індыкатараў RSPB . “Дадзеныя крычаць нам: многія звычайныя віды птушак, якія жывуць на сельгаспалетках або суіснуюць з імі нейкім чынам – знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай”.

Такіе віды, як палявы жаўрук ( Alauda arvensis ) , малы грычун ( Lanius collurio ) , гуменная стрынатка ( Miliaria calandra ) , кнігаўка ( Vanellus vanellus ) і палявы верабей ( Passer montanus ) з’яўляюцца “найгоршымі” прыкладамі ў доўгім сьпісе відаў птушак, якія жывуць у сельгасландшафтах і зьмяншаюць сваю колькасьць.

Арганізацыі па ахове птушак, якія ўдзельнічалі ў гэтых доўгачасовых дасьледаваньнях, заклікаюць да правядзеньня рэформы Агульнай сельскагаспадарчай палітыкі ( the Common Agricultural Policy ( CAP )): сыстэмы субсыдыі і праграм у краінах Эўрапейскага Зьвязу, якая прывяла да значнай інтэнсыфікацыі сельскай гаспадаркі ў краінах-чальцах ЭЗ. І хаця дзякуючы правядзеньню некаторых пасьпяховых зьменаў атрымалася запаволіць непажаданыя зьмены, CAP усё яшчэ застаецца галоўнай прычынай зьнікненьняў птушак сельгасбіятопаў і агульных зьменаў у горшы бок у навакольным асяроддзі заходне- і цэнтральнаэўрапейскіх краін.

“Гэтыя вынікі паказваюць, як хутка неабходна правесьці агульную рэформу CAP ’у, каб мэтава падтрымаць сыстэмы сельскагаспадараньня з захаваньнем высокай прыроднай каштоўнасьці ( high nature value farming systems ) і месцаў Natura 2000, дзе вядзецца ўстойлівая сельская гаспадарка. А таксама фэрмэраў, якія зьмяняюць у лепшы для навакольнага асяроддзя бок свае гаспадаркі” – сказаў Арыэль Бруннэр ( Ariel Brunner ), супрацоўнік BirdLife па пытаньнях сельскай гаспадаркі ў краінах ЭЗ.

Найбольш небясьпечныя тэндэнцыі былі адзначаны ў краінах — “новых” чальцах Эўразьвязу, ў якіх усё яшчэ жывуць найбольшыя па памерах папуляцыі птушак адкрытых сельгасландшафтаў. Дасьледаваньне паказала, што ў гэтых краінах адбываецца люстэркавае зьмяншэньне колькасьці такіх відаў птушак, якія ўжо раней значна зьменшылі сваю колькасьць у “старых” краінах ЭЗ. Гэта дае падставы непакоіцца, што пашырэньне Эўразьвязу можа стаць прычынай яшчэ горшых зьменаў у навакольным асяроддзі Эўропы.

Вынікі працы таксама паказваюць зьмяншэньне папуляцый лясных відаў птушак: у Заходняй Эўропе за час з 1980 па 2005г. іх колькасьць зьменшылася ў сярэднім на 9%.

Навукоўцы падкрэсьліваюць, што хуткасьць, з якой лясныя экасыстэмы рэагуюць на зьмены ў кіраваньні лясной гаспадаркай значна больш павольная, чым у адкрытых ландшафтах. Менавіта таму гэтыя лічбы павінны сур’ёзна непакоіць. Дасьледчыкі заклікаюць да працягу далейшых прац над выяўленьнем асноўных нэгатыўных фактараў, асабліва ў карыстаньні лясамі. Найгоршыя зьмены ў папуляцыях лясных птушак адзначаны ў барэальных лясах краін Паўночнай Эўропы, і менавіта там адбываецца вельмі інтэнсіўнае выкарыстаньне лясных экасыстэм.

"Мы маем дадзеныя і веды, як дапамагчы птушкам сельскагаспадарчых і лясных экасыстэм. Але мы павінны неадкладна паглядзець глыбей у прычыны, якія стаяць за гэтымі нэгатыўнымі зьменамі. І выпрацаваць эфэктыўную палітыку, каб далейшыя нэгатыўныя наступствы не адбываліся.” – падкрэсьліў д-р Грэгары.

07-06-2007

Крыніца: www. birdlife. org

Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)

На здымку Дзьмітрыя Вінчэўскага: палявы жаўрук – адзін з некалькі відаў птушак, якія за апошнія дзесяцігоддзі значна зьменшылі сваю колькасьць у краінах Заходняй Эўропы.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: