Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Карл Ліннэй (1707-1778). Да 300-годдзя з дня народзінаў
Навіна арганізацыі ад 9 чэрвеня 2007 года
Карл Ліннэй (Carl Linnaeus), вядомы таксама як Карл фон Ліннэ (Carl von Linné) або Каролюс Ліннэўс (Carolus Linnaeus) лічыцца заснавальнікам Таксаноміі. Яго сыстэма найменьня, ранжыраваньня і клясыфікацыі арганізмаў дагэтуль выкарыстоўваецца (хоць і са значнымі зьменамі). Яго ідэі па клясыфікацыі аказалі значны ўплыў на пакаленьні біёлягаў – як яго сучасьнікаў, так і тых, хто жыў пасьля яго. Нават на тых, хто не прымаў яго зыходныя філязофскія і тэалягічныя ўстаноўкі.Карл нарадзіўся 23 траўня 1707г. ў мястэчку Råshult, у паўднёвай швэдзкай правінцыі Småland у сям’і мясцовага лютэранскага пастара Нільса Ліннэя (Nils Linnaeus) і Крысьціны Бродэрсоні (Christina Brodersonia). Праз 2 гады пасьля народзінаў Карла, сям’я перабралася ў недалёкі Stenbrohult, дзе яго бацька атрымаў месца лютэранскага пастара ў мясцовым касьцёле пасьля сьмерці свайго цесьця. Тут у Ліннэяў нарадзіліся яшчэ тры дачкі і сын. Акрамя таго, што ён быў добрым пастарам, Нільс быў батанікам-аматарам і выдатным агароднікам. Яго энтузіязм у гэтай справе літаральна “заразіў” малога Карла, які зь дзяцінства стаў цікавіцца расьлінамі, асабліва ж захапляўся іх назвамі. У 5 гадоў Карл атрымаў пад уласны дагляд невялікі гародзік. У 1717г. дзесяцігадовы Карл пайшоў у школу ў Växjö. Яго бацькі рана вырашылі, што іх старэйшы сын павінен стаць, як і бацька, пастарам. Але Карл ня быў выдатным вучнем – замест заняткаў ён лічыў за лепшае праводзіць час на прыродзе, за што яго празвалі “маленькім батанікам”. Таму настаўнікі адгаворвалі бацьку ад яго ідэі наконт пераемніка, і пасьля парады настаўніка натуральнай гісторыі д-ра Йохана Стэнсана Ротмана (Dr. Rothman), Карл атрымаў дазвол вывучаць мэдыцыну.
У 1727г. Карл пачаў вучыцца на мэдычным факультэце унівэрсытэту Лунд. Менавіта там ён упершыню змог цалкам прысьвяціць свой час вывучэньню мэдыцыны і натуральнай гісторыі. У адной са сваіх аўтабіяграфій ён пісаў, што адчуў, якім прыемным і цікавым можа быць навучаньне, і якім яно раней прыемным не было. У Лундзкім унівэрсытэце Карл правёў адзін год, калі, зноў па парадзе д-ра Ротмана, перабраўся ва унівэрсытэт Ўппсалы – на той час самую прэстыжную навучальную ўстанову Швэцыі.
З 1728г. Карл навучаецца там, таксама на мэдычным факультэце. У той час батаніка была часткай навучаньня мэдыцыне, і кожны доктар павінен быў ведаць, як атрымаць лекі з расьлін і супраць якіх хвароб іх належыць выкарыстоўваць. Тым не менш, мэдычная частка была занядбана Ліннэем, бо большасьць часу ён прысьвячаў зборам і вывучэньню расьлін. Менавіта ў Уппсале ён знаходзіць сваіх першых уплывовых сяброў. У Батанічным садзе Ўппсалы Карл знаёміцца з дэканам Олафам Цэльсіюсам (Olof Celsius), які вельмі цікавіўся батанікай. Менавіта Цэльсіюс першы фінансава дапамог Карлу, і студэнт жыў у доме свайго “спонсара” да таго часу, пакуль не перабраўся да праф. Олафа Рудбэка (Olof Rudbeck fil. ), дзе стаў настаўнікам трох яго сыноў.
Праф. Рудбэк не толькі апекаваўся Карлам, фактычна зрабіўшы магчымай яго вучобу, але і стараўся забясьпечыць яго будучыню: калі прафэсар быў вымушаны пакінуць сваю пасаду з-за дасягненьня ўзросту, ён прапанаваў Карлу чытаць лекцыі па батаніцы ў батанічным садзе замест сябе. Як батанічны дэманстратар, Ліннэй замяніў некаторыя расьліны на выглядаючыя лепш, а таксама пасадзіў новыя, рэдкія віды. Ён таксама пачаў выкладаць батанічную тэорыю, што было нечым зусім новым. Карл увесь час узбагачаў курс новымі думкамі, і нарэшце выдаў яго асобнай кнігай Philosophia botanica ў 1751г.
Аднак Ліннэй заставаўся на пасадзе батанічнага дэманстратара зусім нядоўга. У 1731г. ён вярнуўся да бацькоў у Småland.
Падарожжы ў Лапляндыю і Даларну.
Пасьля зьвяртаньня ў Каралеўскае навуковае таварыства ў Ўппсале, Карл атрымаў грант на навуковае падарожжа ў Лапляндыю (Lappland) на поўначы Швэцыі. Ён доўгі час выношваў жаданьне наведаць гэты рэгіён. З 12 траўня да 10 кастрычніка 1732г. – на працягу амаль 5 месяцаў — Ліннэй самотна дасьледаваў поўнач Швэцыі.
[SCREEN:0]
Гісторыя пра яго падарожжа прыцягнула вялікую ўвагу. І не толькі ў Уппсале, але нават і за межамі краіны. Ён не толькі зрабіў назіраньні пра прыроду краю, але таксама цікавіўся культурай яго насельнікаў – саамаў. Аднак яго галоўныя намаганьні датычыліся батанічных апісаньняў. У кнізе Flora Lapponica ён апісаў расьліннасьць гэтай малавядомай часткі Швэцыі.
Пасьля падарожжа Карл застаўся без сродкаў да існаваньня, бо частку расходаў прыйшлося ўзяць на сябе. Каб паправіць сваё фінансавае становішча, ён стаў даваць лекцыі па аналізу рудаў і мінэралаў, якія добра вывучыў пад час падарожжа ў Лапляндыю. Увосень 1733г., калі ён накапіў дастаткова грошай, Карл перабраўся ў Фалун у правінцыі Даларна, каб больш дакладна вывучаць мінэралёгію.
Пад час свайго побыту ў Фалуне Ліннэй быў запрошаны мясцовым губэрнатарам Nils Reuterholm’ам зрабіць дасьледчую экспэдыцыю па правінцыі. Чакалася, што будзе зроблена апісаньне па такому ж плану, як у Лапляндыі. На гэты раз Карл атрымаў дастаткова грошай, і некалькі студэнтаў далучыліся да яго як валянтэры. Пад час паездак па правінцыі падрабязна занатоўвалася інфармацыя як прыроднага, так і этнаграфічнага характару. Для таго, каб скончыць справаздачу пра праведзеныя назіраньні — Iter Dalecarlicum, Карл застаўся ў Фалуне на яшчэ нейкі час. Там ён і пазнаёміўся з сям’ёй Морэўс (Moræus). Глава сям’і – Йохан Морэўс, быў урачом. У лютым 1735г. Ліннэй прапанаваў сваю руку і сэрца дачцэ доктара Морэўса – Сары Элізабэт (Sara Elisabeth Moræa). Але як умову будучага вясельля доктар Морэўс прапанаваў Карлу найперш атрымаць ступень доктара мэдыцыны, каб мець мажлівасьць фінансава забясьпечыць сям’ю.
Паездка за мяжу.
Бацька аднаго з сяброў Ліннэя паабяцаў Карлу выплаціць яму гадавое ўзнагароджваньне, калі ён пагодзіцца ўзяць яго сына з сабой у замежнае падарожжа і будзе даглядаць яго. Карл пагадзіўся, і яны з Клаэсам Солбэргам (Claes Sohlberg) 20 лютага 1735г. выехалі з Швэцыі. 5 траўня яны дабраліся да Хардэрвійка (Harderwijk) ў Нідэрляндах. Мясцовы унівэрсытэт быў вядомы правядзеньнем хуткіх іспытаў. І сапраўды, ўжо 9 траўня, — менш чым праз тыдзень пасьля прыезду! — Ліннэй абараніў доктарскую працу і атрымаў ступень доктара мэдыцыны (MD). Праца яго тычылася малярыі – захворваньне ён зьвязаў з колькасьцю гліны ў вадзе.
Цяпер Карл мог вярнуцца ў Швэцыю, але з-за прынятай умовы, быў вымушаны паехаць разам з Клаэсам у Лейдэн. Там Ліннэй пазнаёміўся з некалькімі багатымі асобамі, якія цікавіліся батанікай і пачалі яго фінансава падтрымліваць. Лейданскі сэнатар, д-р Йохан Фрэдріх Грановіус (Dr. Johan Fredrich Gronovius) аплаціў першае выданьне (1735г.) клясыфікацыі жывых істотаў, якое напісаў Ліннэй — Systema naturae.
Пакінуўшы Лэйдэн, Ліннэй перабраўся ў Амстэрдам, дзе між іншым здолеў апублікаваць дзьве наступныя свае кнігі: Bibliotheca Botanica і Fundamenta Botanica. Рэпутацыя ведаў і кампэтэнцыі Ліннэя ў батаніцы хутка распаўсюдзілася па Нідэрляндах. Увосень 1735г., дырэктар Галяндзкай Усходне-Індыйскай кампаніі (Dutch East India Company) і банкір, маёр Джордж Кліффард (Georg Clifford) запрасіў маладога навукоўца працаваць у свой прыватны батанічны сад. Ліннэй пагадзіўся і карысна правёў час – ён не толькі падарожнічаў па розных батанічных садах Галяндыі, набываючы расьліны для свайго працадаўцы, але і выдаў яшчэ дзьве кнігі: Genera plantarum і Flora Lapponica.
На грошы Кліффарда Ліннэй з’ездзіў у Англію, каб набыць расьліны і там. У Оксфардзе ён наведаў кіраўніка Шэрардзкага батанічнага саду праф. Йогана Йакаба Дылленіўса (Johan Jacob Dillenius). Дылленіўс першы выступіў з крытыкай новай кнігі Ліннэя Genera plantarum, заявіўшы, што сваёй працай той “кідае ўсю батаніку ў бязладдзе”. Разам яны дэталёва спраўдзілі кветкі шматлікіх расьлін і Ліннэй даказаў, што прапанаваная ім новая сыстэма родаў (genera=род) насамрэч вельмі зручная ў карыстаньні. Яны рассталіся сапраўднымі сябрамі, і Ліннэй вярнуўся ў Нідэрлянды.
У 1737г. Ліннэй апублікаваў чарговую кнігу, над якой ён працаваў пад час сваёй працы ў Кліффарда — Hortus Cliffortianus. У гэты ж час з вялікім задавальненьнем пішацца яшчэ адна кніга — Critica Botanica. З-за перагрузак пад час інтэнсіўнай працы, Карл захварэў, і не гледзячы на выдатныя ўмовы жыцьця, ён усё больш і больш сумуе па Радзіме. 7 кастрычніка 1737г. Ліннэй пакінуў Кліффарда і паехаў у Парыж.
Па дарозе ён заехаў у Лейдэн, каб наведаць сваіх сяброў: праф. Адрыана ван Ройэна (Adriaan van Royen ) і Боэрхавэ. Першы з іх змог угаварыць Ліннэя затрымацца ў Лeйдэне на шэсьць месяцаў, каб упарадкаваць яго сад. За гэты час дасьледчык напісаў чарговую кнігу — Hortus Leydenensis, апублікаваў сваю працу Classes plantarum і пяцітомнік Ichthyologica свайго трагічна [SCREEN:0]памерлага сябра Петр’і Артэд’іі (Petri Artedii’s). Пасьля яшчэ аднаго перыяду хвароб, Ліннэй працягнуў сваё падарожжа.
У Парыжы Ліннэй наведаў праф. Антона дэ Жуссі (Anton de Jussieu), які паказаў яму парыскія гербарыі і Батанічны сад. Француская Акадэмія навук прыняла Ліннэя ў свае карэспандэнты. Праз месяц ён нарэшце трымаў курс без пасрэдна дадому. 28 чэрвеня 1738г. ён дасягнуў Гельсінгборга на швэдзкім узбярэжжы. Пасьля кароткага візыту да бацькоў, Карл нарэшце сустрэўся з Сарай Лізай. Яны змаглі афіцыйна заручыцца. Хутка яны пераехалі ў Стакгольм, мяркуючы, што там Карлу будзе лягчэй знайсьці працу ўрача.
Доктар у Стакгольме.
Аднак з самага пачатку ў Стакгольме ён сустрэўся з нечаканымі перашкодамі ў сваім працаўладкаваньні. У адной з аўтабіяграфій ён пісаў: ”Стакгольм сустрэў Ліннэя ў месяцы верасьні 1738 як чужынца; Ліннэй меў намер запрацоўваць на жыцьцё тут як доктар, але з-за таго, што ніхто яго не ведаў, ніхто не захацеў даверыць сваё каштоўнае жыцьцё ў рукі недасьведчанага доктара, нават /жыцьцё/ свайго сабакі, такім чынам ён часта не атрымліваў падтрымку ў краіне. Ён, каго паўсюдна за мяжой ўганароўвалі як Princeps Botanicorum (Заснавальніка Батанікі), быў у роднай старонцы як Кліміўс, які вяртаецца з падземнага сьвету, таму калі б Ліннэй ня быў закаханым, ён бы безумоўна пакінуў бы Швэцыю.”
Аднак хутка ў жыцьці Карла з’явілася сьветлая паласа. Дзякуючы сваёй здольнасьці рабіць добрае ўражаньне на ўплывовых асобаў, ён блізка пазнаёміўся з палявым маршалам графам Карлам Густавам Тэссінам (Carl Gustav Tessin). Апошні арганізаваў працаўладкаваньне Ліннэя ў “Каледж Бэргс” ("Bergs Collegio"). Праца прадугледжвала выкладаньне батанікі летам і мінэралёгіі ўзімку. Тэссін таксама папрасіў свайго сябра адмірала Тэадора Анкаркрона (Ankarkrona) знайсьці для Карла працу ўрача ў Адміралцействе. Як мэдык, Ліннэй спецыялізаваўся на лячэньні сыфілісу.
Пад час свайго побыту ў Стакгольме Ліннэй стаў адным з заснавальнікаў Швэдзкай Акадэміі навук. Першае паседжаньне Акадэміі адбылося ў траўні 1739г., і батанік быў абраны першым Старшынёй (Praeses) Акадэміі.
Фінансавае становішча Карла паправілася так значна, што ён атрымаў афіцыйную згоду бацькоў Сары Лізы на жаніцьбу. Вясельле адбылося ў фальварку Сведэн Марэяў у Фалуне 26 чэрвеня 1739г. А ўжо ў студзені 1741г. у Карла і Сары Лізы нарадзіўся першынец, якога таксама назвалі Карлам (Carl), а потым і іншыя дзеці.
Прафэсар ва ўнівэрсытэце Ўппсалы.
Увесну 1740г. памёр праф. Олаф Рудбэк з унівэрсытэту Уппсалы. Пасьля абмеркаваньняў магчымых наступцаў, на яго месца быў запрошаны, да расчараваньня Ліннэя, не ён, а Нільс Розэн (Nils Rosén). Аднак Ліннэю зноў пашанцавала, і пасьля адстаўкі па ўзросьце іншага праф. мэдыцыны, Ларса Робэрга (Lars Roberg), Карл змог заняць яго месца ва ўнівэрсытэце Ўппсалы. Адбылося гэта 5 траўня 1741 года. Ліннэй і Розэн змаглі памяняцца абавязкамі: першы стаў адказваць за Батанічны сад і выкладаньне курсаў батанікі і натуральнай гісторыі, другі ж адказваў за анатомію, фізіялёгію і іншыя “чыста мэдычныя” курсы.
У 1742г. Ліннэй распачаў грунтоўную рэканструкцыю ўнівэрсытэцкага Батанічнага саду: была пабудавана аранжарэя, плошча саду значна павялічылася. Ён атрымліваў насеньне ад сяброў з усёй Эўропы. Шмат расьлін з мэдычнымі ўласьцівасьцямі і “эканамічным значэньнем” вырошчвалі ў батанічным садзе ў гэты час. Ліннэй быў адным з тых, хто хацеў зрабіць эканоміку Швэцыі менш залежнай ад замежнага гандлю. Адным з вынікаў дасягненьня такой незалежнасьці была б або акліматызацыя патрэбных расьлін, або знаходжаньне адпаведных заменьнікаў сярод айчынных. У 1762г. ён атрымаў жывую расьліну чаю ад капітана Швэдзкай Ост-Індзкай кампаніі Карла Густава Экеберга (C. G. Ekeberg), і праз 3 гады летам 1765г. яна ўпершыню заквітнела. Аднак спробы вырошчваць какаву, каву, бананы, рыс, тутавае дрэва ў халодным швэдзкім клімаце скончыліся няўдачай. Не вельмі ўдала скончыліся спробы знайсьці і магчымыя адпаведнікі сярод швэдзкіх расьлін.
[SCREEN:2] Ліннэй працягваў працаваць над сваёй “Сыстэмай Прыроды” (=Systema Naturae), якая з часам ператварылася з невялікага памфлета ў шматттомную працу — яго канцэпцыя мянялася, і ўсё больш і больш розных відаў расьлін і жывёл ён атрымліваў з розных канцоў Зямлі, якіх трэба было адпаведна клясыфікаваць. У 1744г. Ліннэй быў абраны сакратаром Каралеўскага Швэдзкага таварыства Навук ў Уппсале. Летам 1745г. выйшлі з друку дзьве наступныя яго кнігі — Flora Suecica і Fauna Suecica. Акрамя гэтага, Ліннэй зрабіў рэарганізацыю ўнівэрсытэцкага батанічнага саду, дзе разьмясьціў расьліны паводле створанай ім клясыфікацыі.
[SCREEN:1] За сваё жыцьцё Ліннэй зрабіў на замову Ўраду некалькі падарожжаў.
У 1747г. Ліннэй быў прызначаны каралём старэйшым доктарам (Archiater), што было прызнаньнем яго заслуг. У гэты ж год, як першы швэд, ён быў прыняты ў сябры Акадэміі навук у Бэрліне. Пазьней ён быў сябрам многіх замежных Акадэмій, між іншым у Расіі, Францыі і ў Філядэльфіі. У 1749г. Ліннэй быў прызначаны рэктарам унівэрсытэту ў Уппсале.
У 1753г. Ліннэй скончыў працу над двухтомным выданьнем Species plantarum.
Пад час прафэсарства Ліннэя ўзровень выкладаньня прыродазнаўчых навук ва ўнівэрсытэце Уппсалы значна падняўся. Ён быў цалкам захопленым сваёй справай настаўнікам і ніколі не забываў свае абавязкі. На яго лекцыі хадзілі не толькі будучыя мэдыкі, але і студэнты іншых спэцыяльнасьцяў. Больш за тое, студэнты з розных краін Эўропы прыязжалі ў Уппсалу, каб мець магчымасьць стаць яго вучнямі. Сам Ліннэй так успамінаў пра гэты пэрыяд свайго жыцьця: “ …як ніводнае іншае каралеўства ў Эўропе Батаніка можа быць названа самым квітнеючым, калі ён штогод летам пачынаў займацца зьбіраньнем гербарыяў, ён меў сотні слухачоў, якія зьбіралі травы і жамяру, ладзілі назіраньні, адстрэльвалі птушак, на працягу хвілін рабілі запісы, і калі яны ад 7 зранку да 9 увечары па серадам і суботам мелі Батаніку, яны вярталіся ў горад з Кветкамі ў капелюшох, з барабанамі і горнамі, ідучы за сваім правадыром у Сад праз увесь горад. І некалькі – як іншаземцаў, так і джэнтэльмэнаў са Стакгольму – удзельнічалі ў экскурсіях Ліннэя”.
Ён заўсёды меў што распавесьці пра кожны від расьлін ці жывёл, які яны сустракалі пад час экскурсій. Гэта магло быць нешта пра асаблівасьці экалёгіі, фізіялёгіі ці ўжываньня. Ён часта дадаваў кароткія анэкдоты і сьмешныя эпізоды.
Сярод вялікай колькасьці студэнтаў, якія заўсёды круціліся вакол славутага батаніка, была невялікая групка вучняў, прагных да навучаньня, з вялікай цікаўнасьцю да вывучэньня прыроды, якіх называлі “пасьлядоўнікамі Ліннэя”. Ліннэй заўсёды меў час і ўвагу для іх. Некалькі найбольш бедных студэнтаў бясплатна жылі і харчаваліся ў яго доме – гэтак сама, як некалі ён атрымліваў дапамогу ад Цэльсіўса, Рудбэка, Грановіўса і Боэрхавэ. Многія з яго “пасьлядоўнікаў”, або “апосталаў” – як іх называў сам Ліннэй, вандравалі па ўсёй Зямлі, каб вывучаць і апісваць флору і фаўну ў духу свайго настаўніка. 19 яго студэнтаў далучыліся да розных гандлёвых і геаграфічных экспэдыцый. Адзін з яго найбольш знакамітых вучняў, Даніэль Соландэр (Daniel Solander), быў натуралістам на караблі капітана Джэймса Кука пад час яго першай кругасьветнай выправы. Менавіта ён прывёз першыя калекцыі расьлін з Аўстраліі і Паўднёвай часткі Ціхаакіянскага рэгіёну. Другі студэнт – Андэрс Спаррман (Anders Sparrman) – быў батанікам пад час другой кругасьветнай выправы Кука. Яшчэ адзін “апостал”, Пер Кальм (Pehr Kalm), пад час трохгадовай вандроўкі па Паўночнай Амэрыцы вывучаў мясцовыя расьліны. Карл Пітэр Тунберг (Carl Peter Thunberg), быў першым эўрапейскім натуралістам, які наведаў у ХVIII ст. Японію; ён не толькі вывучаў флору гэтай краіны, але і спрабаваў навучыць заходнім мэтадам лекаваньня японскіх мэдыкаў. Іншыя “апосталы” Ліннэя вандравалі ў Паўднёвую Амерыку, Паўночна-Усходнюю Азію, на Сярэдні Ўсход, у Афрыку. Некаторыя з іх загінулі пад час падарожжаў.
Шляхецтва.
[SCREEN:3] У 1753г., ва ўзросьце 46 год, Ліннэй быў прыняты швэдзкім каралём Адольфам Фрэдэрікам (Adolph Fredrik) у рыцары ордэну Nordstjärneordern – як першы ў гісторыі цывільны швэд. У 1761г. ён быў уганарованы наданьнем яму шляхецтва і новага прозьвішча — von Linné. Сам батанік зрабіў шкіц будучага герба для носьбітаў шляхецкага прозьвішча фон Ліннэ. Для гербавага шчыта ён прапанаваў кампазыцыю з трох колераў прыроды: чорнага, зялёнага і чырвонага. Над гэтымі колерамі ён разьмясьціў яйка, і ў клейнод над прылбіцай – квітнеючую расьліну — паўночную ліннею (Linnaea borealis). Каралеўскі герольд Даніэль Т’ілас (Daniel Tilas) спачатку адкінуў прапанаваную батанікам кампазыцыю будучага герба. Аднак праз нейкі час, з невялікімі зьменамі, яна была прынята.
Жыцьцё на фэрмах.
З часам Ліннэй пачаў лічыць паветра Ўппсалы нездаровым і горад зашмат шумным для жыцьця. Дзеля гэтага ў 1758г. ў 15 км ад гораду ён купіў дзьве фэрмы: Hammarby і Sävja. Праз год купіў яшчэ адну – суседнюю Edeby. На месцы невялікага будынку ў Hammarby у 1762г. быў збудаваны нашмат большы дом.
[SCREEN:4] Кожнае лета ўся сям’я праводзіла ў Hammarby. Тут Ліннэй вырошчваў расьліны, якія не расьлі на надзвычай багатай глебе ў Батанічным садзе ў Уппсале. Пасьля вялікага пажару, які адбыўся ў Уппсале ў 1766г., батанік пачаў хвалявацца пра свае калекцыі. І на яго загад на пагорку за домам у Hammarby быў пабудаваны невялікі будынак музэю для іх.
[SCREEN:5] Калі Ліннэй афіцыйна адыйшоў ад спраў ва ўнівэрсытэце ў 1763г., яго сын, таксама Карл, атрымаў тытул прафэсара. Аднак у выкладаньні батанікі нічога не зьмянілася. Ліннэй-старэйшы працягваў працаваць, як і раней. У 1770-я гг. здароўе знакамітага батаніка пачало паступова пагаршацца, і ў 1777г. ён ужо не мог працаваць. Сын узяў на сябе яго абавязкі, аднак яшчэ больш за год не атрымліваў ніякай зарплаты, пакуль Ліннэй-старэйшы не адыйшоў у лепшы сьвет 10 студзеня 1778г.
Жыцьцё калекцый
Не гледзячы на шматлікія спробы захаваць калекцыі знакамітага заснавальніка таксаноміі ў Швэцыі, яго гербарый быў прададзены ў Лондан сэру Джэймсу Эдварду Сміту ( Sir James Edward Smith ) амаль адразу пасьля сьмерці яго пераемніка, Карла-малодшага, у 1783г.. Грошы атрымалі яго сёстры і маці. Таксама былі прададзены бібліятэка, манускрыпты і іншыя калекцыі Ліннэя-старэйшага. Каб захаваць іх, сэр Сміт заснаваў адмысловае таварыства Linnean Society of London .
Аднак частка Ліннэеўскага гербарыю ўсё ж засталася на радзіме – яна была закладзена дзеля атрыманьня грошай пад пакупку фэрмаў, і пасьля выплаты апошняй часткі была прапанавана на продаж Каралеўскай Швэдзкай Акадэміі навук, дзе і засталася. Акрамя таго, так званы " Herbarium parvum ", які складаўся з раньніх збораў Карла-малодшага і дублікатаў расьлін з вялікага Ліннэеўскага гербарыя, зараз знаходзіцца ў Linnean herbarium у Швэдзкім музэі натуральнай гісторыі ў Стакгольме.
Паводле артыкулу Louise Petrusson з www2.nrm.se/fbo/hist/linnaeus/linnaeus.html.en і артыкулаў з www. ucmp. berkeley. edu/ history/ linnaeus. html
, www.linnaeus.nu/doktor.htm
http://www.linnaeus.uu.se/online/life/7_2.html
падрыхтаваў © Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
Падзяліся артыкулам у сацсетках: