Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сумны прагноз. Ці зможам выправіць сытуацыю?
Навіна арганізацыі ад 12 чэрвеня 2007 года
Камбінацыя дзеяньня адмоўных фактараў, такіх як зьмены клімату і зьнішчэньне месцапражываньняў будзе сур’ёзна пагражаць ад 400 да 900 відам птушак да 2050 году згодна з дасьледчыкамі, якія праводзілі аналіз глябальных эфэктаў людзкой актыўнасьці на кантынэнтальныя (не марскія) віды птушак. Да канца нашага стагоддзя гэты сьпіс павялічыцца мінімум у два разы. Да катэгорыі пагражаемых дасьледчыкі адносілі віды, арэал якіх зьменшыцца найменей на палову. Яны падкрэсьліваюць, што хаця эфэкты зьменаў клімату вельмі значныя самі па сабе, да іх дадаюцца непасрэдныя зьнішчэньні і дэградацыя экасыстэм: напрыклад, высечка лясоў або іх пераўтварэньне ў сельгаспадарчыя землі.Для аналізу выкарыстоўваліся дадзеныя з Ацэнкі Экасыстэм Новага тысячагоддзя ААН ( the UN ‘ s Millennium Ecosystem Assessment — МЕА), пяцігадовага праекту, які пачаўся ў 2001г. і ў якім прымалі ўдзел больш за 1300 экспэртаў з усяго Сьвету каб атрымаць найбольш дакладную ацэнку стану экасыстэм нашай плянэты, іх ролі і прапанаваць рэкамэндацыі па іх захаваньні.
Каманда выкарыстоўвала палітычныя сцэнары магчымага разьвіцьця, распрацаваныя МЕА, каб ацаніць што можа адбыцца з асноўнымі тыпамі экасыстэм на працягу нашага стагоддзя. “Мы вырашылі – возьмем гэтыя напрацоўкі і проста пастараемся паглядзець, што можа адбыцца з распаўсюджаньнем кантынэнтальных відаў птушак, таму што менавіта для гэтых відаў існуюць вельмі добрыя дадзеныя”. – сказаў праф. Эндрю Добсан ( Andrew Dobson ), спэцыяліст па ахове прыроды з унівэрсытэту Нью Джэрсі. “ Мы меркавалі, што палітыкі будуць паказваць такі ж самы ўзровень здаровага сэнсу, які яны дэманстравалі дагэтуль – ні водны з іх не надае аптымізму”.
Нават па самых аптымістычных ацэнках калі будуць прыняты глябальныя дзеяньні каб запаволіць зьмены клімату і зьнішчэньня трапічных экасыстэм, большасьць з 8 750 кантынэнтальных відаў птушак будзе пад пагрозай зьнішчэньня. "Найбольшы эфэкт у часовым аспэкце зьнікненьняў адбудзецца ў Арктыцы і Антарктыцы” – падкрэсьліў праф. Добсан. “Тут праз глябальнае пацяпленьне адбудуцца найбольш драматычныя кліматычныя зьмены. Але колькасьць відаў птушак зьмяншаецца ад экватару да полюсаў. Таксама павялічваюцца арэалы відаў, якія жывуць бліжэй да полюсаў. Гэта значыць, што арктычныя і антарктычныя віды ў часовым пляне больш адпорныя на зьнікненьне адпаведных месцапражываньняў. У тропіках жа ўсё наадварот. Тут пакуль што эфэкты зьменаў клімату маскіруюцца эфэктамі зьменаў землекарыстаньня”.
З-за таго, што найбольшая разнастайнасьць птушак жыве бліжэй да экватара, менавіта тут яны маюць параўнальна невялікія арэалы. Таму тут высечка нават невялікай просекі можа пагражаць існаваньню не аднаго віду жывёл, у тым ліку і птушак. Усяго ж, плошча арэалаў птушак у сярэднім зьменшыцца ад 21 да 26% да 2050г. і на 29-35% да 2100г.
Дасьледчыкі кажуць, што іх аналіз высьвечвае маштаб магчымай экалягічнай катастрофы. “Толькі хуткае пашырэньне супольнай працы па павелічэньню ахоўваемых тэрыторый у тропіках можа даць надзею зьберагчы сотні відаў ад небясьпекі зьнікненьня” – падсумоўвае каманда дасьледчыкаў у часопісе journal Public Library of Science : Biology .
Трапічныя лясы таксама служаць важным буфэрам, які супрацьстаіць кліматычным зьменам. Таму высечка іх не толькі з’яўляецца непасрэднай прычынай зьмяншэньня біяразнастайнасьці, але таксама дадаткова павялічвае небясьпеку глябальнага пацяпленьня. Таму праф. Добсан прапануе даплачваць краінам з так званага трэцяга сьвету за ахову і зьберажэньне іх трапічных лясоў. “Напэўна, найбольш каштоўныя рэсурсы нашай плянэты – гэта пакуль яшчэ не кранутыя дзікія прыродныя тэрыторыі” – піша прафэсар.
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
Крыніца: www .guardian .co .uk праз рассылку з www. amazonia. org. br
Пра ацэнкі сучаснага становішча птушак падрабязна тут:
www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=143
На малюнку: зьніклыя віды жывёл – колькі і якія віды дадуцца да іх залежыць і ад нас.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: