Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Першыя беларускія поплаўныя луні акальцаваныя каляровымі кольцамі
Навіна арганізацыі ад 16 ліпеня 2007 года
Беларусь далучылася да міжнароднай схемы кальцавання поплаўных лунёў (Circus pygargus) каляровымі кольцамі. Каляровыя пластыкавыя кольцы, абавязкова ў дадатак да металічных, даюць магчымасць здалёк прачытаць пазнакі, а таксама па камбінацыі колеру кальца і надпісу адпаведна вызначыць, у якой краіне і калі была акальцавана птушка. Зразумела, што з адпаведнай оптыкай гэта магчыма зрабіць на яшчэ жывой птушцы. А калі надпіс адпаведна вялікі – даведацца і аб сустрэчы канкрэтнай птушкі. Усё гэта вельмі важна не толькі каб больш даведацца аб тэрмінах і шляхах міграцый канкрэтных папуляцый, але і аб іншых момантах жыцця птушак: прыхільнасці іх дадзенай тэрыторыі, часе пачатку гнездавання (= дарослага жыцця), прыхільнасці тых самых птушак да тых самых ці розных гнездавых біятопаў і г.д. З гэтага году з’явілася магчымасць атрымаць больш дадзеных і пра жыццё беларускіх поплаўных лунёў.[SCREEN:0] Дзякуючы Працоўнай групе па поплаўнаму луню (Нідэрланды) Stichting Werkgroep Grauwe Kiekendief ( www. grauwekiekendief. nl ), Беларусь атрымала не толькі камбінацыю з чорнага кальца і белага надпісу на ім (гл. здымак) , але і першыя сто каляровых плястыкавых кольцаў! У мінулым годзе да дадзенай схемы ўпершыню далучылася Польшча (аранжавыя кольцы з чорным надпісам),а ў гэтым, акрамя Беларусі, — Славакія.
A крамя тэхнічнай дапамогі, прадстаўнікі Stichting Werkgroep Grauwe Kiekendief : Ben Koks , Aletta Buskool , Erik Visser дапамаглі злапаць дарослую самку поплаўнага луня і першае каляровае кальцо 12 ліпеня атрымала менавіта яна (гл. верхні здымак). На сённяшні дзень каляровымі кольцамі акальцавана яшчэ чатыры птушаняты поплаўных лунёў рознага ўзросту. [SCREEN:1]
Поплаўныя луні – пакуль яшчэ даволі звычайныя жыхары адкрытых краявідаў Беларусі. Аднак з-за таго, што большая частка такіх біятопаў была ператворана чалавекам ў сельскагаспадарчыя палеткі, і з-за таго, што луні гняздуюць на зямлі пераважна ў пасевах шматгадовых траў, люцэрне, азімых зерневых і рапсе, шмат гнёздаў гіне пад час сенакосу (пра дапамогу птушкам у гэтым годзе гл. www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=177 ), а потым і пад час уборкі.
[SCREEN:2] У сярэднім за 10 гадоў (1993-2002) даследаванняў аўтара ў Гродзенскім раёне, ад розных сельгасаперацый загінула больш за палову птушанят! У асобныя гады з вельмі раннім пачаткам уборкі зерневых, напрыклад, такім як гэты (уборка пачалася на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне ўжо 10 ліпеня), ніводнае птушаня лунёў яшчэ не ўмее лятаць і амаль усе яны загінуць у жатках камбайнаў…
Але птушкам можна дапамагчы! Дзеля гэтага трэба заставіць няўбраны кавалак зерневых вакол гнязда лунёў (прыкладна 5Х5 м), папярэдне сабраўшы птушанят, таму што з прыкладна 2х тыднёвага ўзроста яны ўжо хаваюцца ў расліннасці ў наваколлі гнязда. Зразумела, што не ўсе выратаваныя такім чынам птушаняты дажывуць да часу адлёту на зімоўку ў Афрыку (таму што акрамя сельгасмашын у лунёў яшчэ шмат ворагаў – напрыклад, бадзяжныя сабакі і лісы), але даць луням дадатковы шанец мы проста абавязаны.
Шчыра дзякую сябрам АПБ з Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ: Тацяне Смыкоўскай, Юрыю Лукашэнку, Алене Вінчэўскай, Дзьмітрыю Ракіцкаму, Яўгену Сліжу, Георгію Гулеўскаму за дапамогу ў полі, а таксама сябрам АПБ з Заходне-Палескага аддзялення АПБ Івану Багдановічу і Аляксандру Сербуну за тэхнічную дапамогу – без гэтых людзей кальцаванне поплаўных лунёў каляровымі кольцамі не было б магчымым.
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня
Здымкі аўтара, на верхнім – Бэн Кокс з першым у Беларусі акальцаваным каляровым кальцом поплаўным лунём.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: