Навуковае мысьленьне Ліннэя. Да 300годззя з дня народзінаў.

ад 22 ліпеня 2007 года

Працягваем нагадваць пра спадчыну вялікага біёлага, 300годдзе якога адзначаюць па ўсім Сьвеце ў гэтым годзе. Ліннэй моцна любіў прыроду і на працягу ўсяго жыцьця захаваў пачуцьцё зьдзіўленьня і захапленьня да жывых істотаў. Яго рэлігійнасьць схіліла яго да “прыроднай тэалёгіі” (natural theology) – стылю мысьленьня, запачаткаванага ў біблейныя часы і асабліва папулярнага напрыканцы XVII- пачатку XVIII ст.. Дзеля таго, што Бог стварыў сусьвет, магчыма зразумець Божы замысел праз вывучэньне яго стварэньняў. Сам Ліннэй пісаў ва ўступе да апошняга выданьня Systema Naturae: “Creationis telluris est gloria Dei ex opere Naturae per Hominem solum.” – “Стварэньне Зямлі ёсьць славай Божай, што бачна з працаў Прыроды хаця ж бы на прыкладзе Чалавека”. Вывучэньне прыроды павінна было дапамагчы ў разуменьні першаснага парадку Божага стварэньня, і было задачай натуралістаў сканструяваць “натуральную клясыфікацыю”, якая павінна была адлюстроўваць гэты Парадак у Сусьвеце. Навуковае мысьленьне Ліннэя. Да 300годззя з дня народзінаў.

Тым не менш, таксаномія расьлін Ліннэя была заснавана толькі на колькасьці і разьмяшчэньні рэпрадуктыўных органаў. Прыналежнасьць расьліны да таго ці іншага клясу вызначалі тычынкі (мужчынскія органы), а атрад – песьцікі (жаночыя органы). З-за гэтага адбывалася ненатуральнае аб’яднаньне далёкіх адзін ад адной груп расьлін. Усе расьліны дзяліліся на 24 класы. Напрыклад, Ліннэеўскі клас Monoecia , атрад Monadelphia ўключаў у сябе расьліны як з асобнымі мужчынскімі і жаночымі “кветкамі” на той жа расьліне і шматлікія мужчынскія органы, сабраныя разам ( Monadelphia ). У гэты атрад уваходзілі хвойныя, такія як сосны, піхты і кіпарысы (адрозьненьні паміж сапраўднымі кветкамі і і голанасеннымі не былі канчаткова зразумелыя), але таксама ўключаў і некалькі расьлін з сапраўднымі кветкамі – напрыклад, касторавы боб. “Расьліны” без яўных органаў размнажэньня аб’ядноўваліся ў клас Cryptogamia , які ўключаў вадаросты, лішайнікі і іншыя брыафіты, а таксама папараці. Ліннэй вольна дапускаў такую штучную клясыфікацыю, не беручы пад увагу ўсе магчымыя адрозьненьні арганізмаў. Аднак як шмат іншых натуралістаў у яго час, ў прыватнасьці Эразмус Дарвін ( Erasmus Darwin ), Ліннэй надаваў вялікую ўвагу менавіта полаваму размнажэньню расьлін і адрозьненьням у іх органах размнажэньня, якое толькі перад гэтым было адкрыта наноў. Ён праводзіў паралелі паміж расьлінамі і полавым жыцьцём людзей.

Так, клас 2 (адзін песьцік і дзьве тычынкі) апісваўся наступным чынам: “Агульная жонка дзьвюх мужоў”, для класа 4 (адзін песьцік і чатыры тычынкі) каментар быў падобны: “Агульная жонка чатырох мужоў”, клас 19 (калі тычынкі зрасьліся ў агульную трубку) атрымаў наступную характарыстыку “Мужы ўступілі ў зьвяз праз свае полавыя органы”. А клас 23 (дзе былі аб’яднаныя расьліны са зьмяшанымі – і аднаполавымі, і двуполавымі кветкамі) быў апісаны наступным сказам: “ Мужы, жонкі і неабвянчаныя сужыцелі ў асобных нумарах для новапабраных шлюбам”… ((Куаммен, 2007). На малюнку – эмблема 300-годдзя Ліннэя, за аснову ўзяты малюнак з яго кнігі Classes plantarum .

Клясыфікацыя паводле толькі адрозьненьняў у органах размнажэньня была ў яго часы вельмі супярэчлівай. І хаця была параўнальна простай для вывучэньня і карыстаньня, часта не давала добрых вынікаў. Некаторыя крытыкі таксама атакавалі яе з-за “сэксуальнай асновы”: адзін з такіх апанэнтаў Ліннэя, батанік Йоханн Сігэсбэк ( Johann Siegesbeck ) называў яго клясыфікацыю “гідкая разбэшчанасьць”. Аднак Ліннэй не заставіў такі “аргумэнт у навуковай спрэчцы” без адказу: ён назваў маленькае, бескарыснае пустазельле “ў гонар” калегі – Siegesbeckia .

Пазьней для клясыфікацыі ў большай ступені сталі выкарыстоўваць падыход Джона Рэя ( John Ray ‘ s ): адрозьненьні і падабенства розных частак арганізмаў на ўсіх стадыях разьвіцьця. Таму што, напрыклад, Ліннэй апісаў маладых птушак шуляка-галубятніка з цёмнымі прадольнымі плямкамі на грудзях і жываце як Falco gentil і s , дарослых жа – з папярэчнымі рыскамі – як другі від Falco palumbarius . (Карташев, 1974). Што ж засталося з сыстэмы, прапанаванай Ліннэем? Мэтад гіерархічнай клясыфікацыі і бінамінальная намэнклятура.

[SCREEN:0] Для Ліннэя віды арганізмаў сапраўды існавалі як адзінкі, якія можна было па нейкіх агульных прыкметах аб’ядноўваць у больш высокія катэгорыі – роды ( genera – адзінкавы лік, або множны лік genus ). Само па сабе гэта не было чымсьці новым. Ад Арыстотэля біёлагі карысталіся гэтым тэрмінам для групы падобных арганізмаў, а потым сталі адрозьніваць асаблівасьці “відавога” ўзроўню — differentio specifica . Аднак погляды на аб’яднаньне розных арганізмаў у род адрозьніваліся. Адвольна выбіраліся зьнешнія крытэрыі, па якіх, напрыклад, разам аб’ядноўваліся ўсе свойскія жывёлы або водныя зьвяры. Інавацыяй Ліннэя была магчымасьць выдзяляць таксоны больш высокага за род рангу, якія таксама выдзяляліся на аснове нейкіх падобных рысаў. У яго арыгінальнай сыстэме роды аб’ядноўваліся ў атрады, атрады ў клясы, а апошнія ў царствы. Такім чынам у царства Жывёл Animalia уваходзіў кляс Хрыбетных Vertebrata , у яго – атрад Прыматы Primates , у атрад – род Чалавек Homo , які ўтрымліваў від Чалавек дзённы Homo diurnis . Упершыню чалавек быў клясыфікаваны як жывёла! Нават у наш час не ўсе згодныя з такой клясыфікацыяй, а што казаць пра часы Ліннэя?

Да Ліннэя практыка найменьня відаў значна адрозьнівалася і залежала, галоўным чынам, ад дасьледчыка. Многія давалі відам доўгія, нязручныя для карыстаньня назвы на лаціне ў залежнасьці ад свайго ўласнага падыходу. Праблемай было і параўнаньне таго самага віду двума дасьледчыкамі з-за таго, што агульнапрынятых назваў не існавала. Напрыклад, розныя батанікі называлі адзін з відаў шыпшыны Rosa sylvestris inodora seu canina і Rosa sylvestris alba cum rubore , folio glabro . Патрэба ў адзінай сыстэме найменьняў усё больш і больш станавілася неабходнай яшчэ і таму, што пачалі наплываць вялікія колькасьці яшчэ не вядомых эўрапейскім навукоўцам арганізмаў з Азіі, Афрыкі і абодвух Амерык.

Пасьля спробаў з рознымі варыянтамі, Ліннэй засяродзіў свой выбар на простай сыстэме: адно слова для назвы роду і адно – для назвы непасрэдна “відавой часткі” назвы. Такім чынам, відавая назва павінна была складацца з двух словаў, г.зн. рабілася “бінамінальнай”. Зразумела, што назва роду не магла паўтарацца, тады як непасрэдна “відавая” частка магла быць аднолькавай для розных відаў у розных радах. Прапанова адразу зрабілася настолькі папулярнай, што пачала паўсюдна выкарыстоўвацца. Прыярытэт назваў для вялікай колькасьці жывёл і расьлін належыць да Ліннэя: ён назваў прыкладна 7700 відаў расьлін і 4400 відаў жывёл (Куаммен, 2007). Самыя старыя навуковыя назвы расьлін, якія выкарыстоўваюцца і дагэтуль, гэта тыя, якія Ліннэй апублікаваў у кнізе Species Plantarum ў 1753г. Што тычыцца самых старых назваў жывёл, якімі карыстаюцца і зараз, іх ЛІннэй апублікаваў у 10-м выданьні 2-х томнай Systema Naturae (1758-59гг.) – першым выданьні, ў якім выкарыстоўваліся толькі бінамінальныя назвы відаў. І хаця Ліннэй не быў першым, хто спрабаваў выкарыстоўваць для найменьня відаў бінамінальныя назвы, ён быў першы, хто пачаў гэта рабіць пастаянна. Таму навуковыя назвы, якія давалі пад час апісаньня відаў расьлін і жывёл іншыя натуралісты “да Ліннэя” звычайна не выкарыстоўваюцца як не адпавядаючыя сучаснай намэнклятуры. У класе Птушкі Aves Ліннэй выдзяляў 6 атрадаў: 1. Accipitres (Драпежныя): драпежныя птушкі, совы, грычуны; 2. Picae (Дзятлавыя): дзятлы, папугаі, крумкачовыя і інш.; 3. Anseres (Водныя): гусі, качкі і інш.; 4. Grallae (Балотныя): кулікі, страусы і інш.; 5. Gallinae (Курыныя): курыныя птушкі; 6. Passeres (Вераб’іныя): вераб’іныя птушкі і галубы.

[SCREEN:1] Выглядае на тое, што сярод усіх груп жывёл. Ліннэй найбольш любіў птушак. Прыкладна ў 1740я гг. ён напісаў трактат, прысьвечаны птушкам Швэцыі пад назвай Methodus avium Sveticarum , які ніколі не быў апублікаваны. Аднак дзякуючы тым падыходам, якія Ліннэй выпрацаваў пад час яго напісаньня, пазьней змаглі з’явіцца яго іншыя працы, прысьвечаныя між іншага, птушкам.

У 1746 г. Ліннэй скончыў агляд усіх груп швэдзкіх жывёл. Кніга атрымала назву Fauna Svecica , і хутка зрабілася незаменнай для ўсіх дасьледчыкаў. Ніколі да гэтага ніхто не апісваў так параўнаўча і дэталёва і адначасова ў так сьціснутым выглядзе лякальную фаўну. Колькасьць апісаных новых для Швэцыі відаў птушак у дзьвюх выданьнях Fauna Svecica не перавысіла 20. У сваёй працы па апісаньню птушак Ліннэй абапіраўся на кнігу Fogelbok (“Кніга пра птушак”) Рудбэка-малодшага ( Rudbeck, Jr. ) , лекцыі якога слухаў у 1728г. Аднак выкарыстаў і дадзеныя іншых даследчыкаў, каб падрабязна апісаць фауну Швэцыі. Гэтая кніга, другое выданьне якой ў 1761г. разышлося таксама хутка, як і першае, прыцягнула шмат людзей у палявыя фаўністычныя дасьледаваньні – найперш, назіраньні птушак. Такім чынам, менавіта Ліннэя можна лічыць заснавальнікам моцных швэдзкіх традыцый у палявой орніталёгіі, якія дагэтуль дазваляюць Швэцыі заставацца на адной з лідзіруючых пазыцый.

У 1757г. Ліннэй публікуе працу Migrationes Avium (“Міграцыі птушак”). Кніга не толькі апісвала шматлікія прыклады міграцыі для швэдзкіх птушак, але і магчымыя прычыны і мэты міграцыі. Таксама ён выказаў вельмі слушную думку аб тым, што навукоўцы павінны вывучаць мігрыруючых птушак у паўднёвых частках Гішпаніі і Італіі, а таксама каля Істанбула. На сёньняшні дзень вядома, што гэтыя тры месцы і ёсьць трыма важнейшымі шляхамі міграцыі эўрапейскіх птушак праз Міжземнае мора. Цікава адзначыць, што яшчэ на пачатку 1750-х гг. (!) Ліннэй праз Lärda tidningar (“Навучальны часопіс”) заклікаў натуралістаў з усёй Швэцыі дасылаць яму дадзеныя аб датах прылётаў розных відаў птушак. Аднак яго заклік застаўся фактычна без адэкватнага адказу…

У Fundamenta Ornithologica (“Асновы орніталёгіі”, 1765) Ліннэй пачаў з кароткага агляду орніталягічнай літаратуры, потым перайшоў да задач палявой орніталёгіі па наступных разьдзелах: сыстэматыка, выбар птушкамі месцапражываньняў, міграцыі, сыстэмы размнажэньня, яйкі і вывадкі, дагляд за птушанятамі і харчаваньне птушак. Таксама ён падрабязна расьпісаў, як павінен выглядаць відавы нарыс і даў вызначэньні паняцьцям “атрад” і “сямейства”. Далей ён коратка падкрэсьліў вялікую ролю птушак у прыродзе, а таксама ў жыцьці чалавека.

У маладыя гады Ліннэй верыў у тое, што віды не толькі рэальна існуюць, але і нязьменныя. У адной са сваіх прац ён пісаў, што “ Unitas in omni specie ordinem ducit ” – “ Нязьменнасьць відаў ёсьць умовай для існаваньня парадку /ў прыродзе/”. Але праз нейкі час ён убачыў, як розныя віды расьлін могуць утвараць гібрыды паміж сабой, якія выглядаюць як новыя віды. Таму ён пакінуў канцэпцыю пра нязьменнасьць і неварыябельнасьць відаў і лічыў, што некаторыя – магчыма большасьць – відаў у адным родзе маглі ўзьнікнуць ужо пасьля стварэньня сусьвету праз гібрыдызацыю. Пад час яго спробаў вырошчваць паўднёвыя расьліны ў Швэцыі, Ліннэй таксама тэарэтычна дапускаў магчымасьць зьменаў праз акліматызацыю. Амаль пад канец свайго жыцьця Ліннэй знайшоў выпадкі гібрыдызацыі паміж рознымі радамі расьлін, і таму сцьвярджаў, што, магчыма, новыя роды таксама маглі ўзьнікнуць праз гібрыдызацыю.

Ці быў ён эвалюцыяністам? Праўда тое, што ён заставіў свае ранейшыя ўяўленьні пра нязьменнасьць відаў, і думаў, што праз гібрыдызацыю з’яўляюцца новыя віды расьлін, а ў некаторых выпадках – і жывёл. Па Ліннэю, працэс узьнікненьня новых відаў не быў не скончаны і неабмежаваны. Як бы ні было, новыя віды маглі ўзьнікнуць толькі ад першапачатковых відаў= primae speciei , арыгінальных відаў з Райскага саду, дзе яны былі часткай плану Творцы і, патэнцыяльна, існавалі заўсёды. Аднак Ліннэй адзначаў барацьбу за выжываньне – аднойчы ён назваў Прыроду “ плахай мясьніка ” і “ вайной усіх супраць усіх ”. Тым не менш, ён лічыў барацьбу і канкурэнцыю неабходнымі, каб падтрымліваць балянс у прыродзе – частку Першаснага Парадку. Канцэпцыя няскончанай эвалюцыі, якая ўвесь час працягваецца, якая не абавязкова адбываецца паводле Першаснага Плану і не мае перадвызначанай мэты, не была канцэпцыяй Ліннэя і, хутчэй за ўсё, прывяла б яго ў шокавы стан.

Гіерархічная клясыфікацыя і бінамінальная намэнклятура, якую прыдумаў і пачаў выкарыстоўваць Ліннэй, хоць і са значнымі зьменамі, працягвае выкарыстоўвацца амаль 250 год. Яго працы вывучалі шматлікія пакаленьні натуралістаў. Так, напрыклад, у першых для тэрыторыі сёньняшніх Беларусі, Літвы і Ўкраіны (былога ВКЛ) школьных падручніках батанікі і заалёгіі, выдадзеных нашым земляком праф. Станіславам Баніфацыем Юндзіллам каля 200 гадоў таму, выкарыстоўваецца менавіта клясыфікацыя Ліннэя.

Пошукі “натуральнай сыстэмы” клясыфікацыі працягваюцца і ў нашы дні. Аднак цяпер сыстэматыкі пытаюцца адкрыць і выкарыстаць як яе аснову эвалюцыйныя ўзаемасувязі таксонаў.

падрыхтаваў © Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)

Паводле артыкулаў з www. ucmp. berkeley. edu/ history/ linnaeus. html , www.linnaeus .uu.se/online/history/ornitolog.html

і з выкарыстаньнем:

Карташёв Н.Н. Систематика птиц. М., «Высш. Школа», 1974 – 342 с.

Куаммен Д. Страсть к порядку. National Geographic Россия. 6-2007, с. 74-89

Працяг артыкула, прысьвечанага аўтабіяграфіі Ліннэя, які можна знайсьці тут: www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=166



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: