Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Этанол – новая пагроза бразыльскай саванне
Навіна арганізацыі ад 3 жніўня 2007 года
Ягуары, блакітныя макао і гіганцкія мурашкаеды ўпрыгожваюць краявіды бразільскай "Cerrado" (саванны), апошняй раўніне такога памеру, дзе тэмпература змяняецца ад невыноснага холаду да спякоты, ад якой трэскае глеба. Тут нізкае кустоўе і пашы чаргуюцца з лясамі, ў якіх знаходзіцца самая вялікая біяразнастайнасць з усіх саванных лясоў на Зямлі. Але хутка ўсё гэта можа знікнуць. За апошнія чатыры дзесяцігоддзі больш за палову саванны было трансфармавана пад ранча для развядзення быдла і палі пад вырошчванне соі. Апошнім часам да гэтых асноўных фактараў, якія знішчаюць тутэйшыя краявіды, дадалося вырошчванне цукровага трыснёгу, з якога атрымліваюць бразыльскі этанол."Дэфарэстацыя Cerrado адбываецца хутчэйшымі тэмпамі, чым /дажджавых лясоў/ у Амазоніі” – пракамэнтаваў падзеі Джон Бачэнэн ( John Buchanan ), дырэктар карпаратыўных практык НДА з Conservation International . "Калі тэмпы знішчэнняў захаваюцца, пазасталая на сёння расліннасць саванны знікне да 2030г.”
Карані шырокамаштабнай трансфармацыі месцаабітанняў ляжаць у нядаўна выдадзеным Сэнатам Злучаных Штатаў біле, які абавязвае выкарыстаць у якасьці аўтамабільнага паліва 136 мільёнаў літраў этанолу да 2022г. – гэта ў 6 разоў больш, чым здольныя зараз прадукаваць 116 рафінэрый у ЗША.
Прэзідэнт Джордж Буш, які прапанаваў падобнае павелічэнне выкарыстання этанолу таксама для краін НАФТА (Звязу Амерыканскага гандлю), наведаў Бразылію ў сакавіку і праводзіў перамовы аб прамоцыі прадукцыі гэтага віду паліва ў краінах Лацінскай Амерыкі і на Карыбскіх выспах. Амерыканскія кампаніі і інвестары – ўключаючы Джорджа Сораса і такіх гігантаў аграбізнесу, як Cargill – размячаюць тэрыторыі ў Бразыліі, бо чакаюць нават большага павелічэння адводу зямель пад вырошчванне цукровага трыснягу для біяпаліва.
"Гонка па прадукцыі этанолу ўжо пачалася, і заявы прэзідэнта Буша надалі гэтаму працэсу толькі большую крэдытаздольнасць” – сказаў Рабэрто Радрыгес ( Roberto Rodrigues ), былы міністар сельскай гаспадаркі Бразыліі, які ў снежні мінулага году быў чальцом Міжамерыканскай этанольнай камісіі.
Паводле в.а. міністра навакольнага асяроддзя Жоао Паўла Капобіанка ( Jo ã o Paulo Capobianco ), трэба адрозніваць старыя праблемы выкарыстання Cerrado для сельскай гаспадаркі ад нядаўніх вынікаў развіцця праграмы біяпаліва. "Праблемы Cerrado з’явіліся не ўчора, яны накапліваліся дзесяцігоддзямі, з-за некаторых відаў дзейнасці, якія сапраўды небяспечныя /для саванны/” – падкрэсліў ён. "Дасягнуты кансэнсус, мы праводзім частковы маніторынг сытуацыі, і сапраўды адбываецца вельмі хуткі працэс дэфарэстацыі. Але звязваць яго непасрэдна з прадукцыяй этанолу не правільна, хаця ж бы таму, што цукровы трыснёг вырошчваюць і на месцы былых пашаў”.
Міністар таксама дадаў, што яго міністэрства адслежвае знікненне лясоў у саванне гэтак жа, як гэта робіцца для Амазоніі і дажджавых лясоў Атлантыкі. У гэтым годзе ўпершыню будзе зроблена дэталёвае параўнанне сытуацыі 2002 і 2006гг. Больш за тое, Урад правядзе сэртыфікацыю сацыяльнага і ўздзеяння на навакольнае асяроддзе кампаній, якія вырошчваюць цукровы трыснёг для прадукцыі этанолу.
Sabrina Valle , Ricardo Muniz
01-08-2007
Крыніца: www. estado. com. br праз www. amazonia. org. br
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
Жоўта-блакітныя ара з www. lorolibre. org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: