Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Першая рэгістрацыя малога грыцука на Гарадзеншчыне
Навіна арганізацыі ад 16 жніўня 2007 года
13 жніўня 2007г. у групе іншых кулікоў: баталёнаў, чарнышоў і цякуноў на адной з сажалак гарадзкіх ачышчальных збудаванняў у в.Беражаны Гродзенскага раёна сябра АПБ і фотамастак Мікалай Гулінскі адзначыў адзінкавую асобіну малога грыцука (Limosa lapponica). Па чырвона-бурай афарбоўцы нізу цела, галавы і шыі птушкі можна сцвярджаць, што гэта быў самец у летнім уборы.Адлі птушка не падпусціла на адлегласць, з якой можна было б зрабіць фотаздымак. Цікава дадаць, што ні ў папярэдні, ні ў наступны дні малы грыцук не адзначаўся ні на сажалках гарадзкіх ачышчальных збудаванняў, ні на суседніх сажалках ВА “Гродна-Азот”.
Малы грыцук – вельмі рэдка залятаючы ў Беларусь пад час міграцый кулік, які гняздуе ў тундры і на адкрытых таёжных балотах Скандынавіі і Расіі.
У гэтым годзе гэта ўжо трэцяе назіранне віду ў Беларусі. Першае адбылося 17 ліпеня на Тураўскай станцыі кальцавання птушак Інстытуту заалогіі НАН Беларусі (Натальля Карліонава, Павел Пінчук, Аляксандр Рак і Іван Багдановіч), калі і быў закальцаваны першы малы грыцук на тэрыторыі нашай краіны. Апошняе назіранне адбылося ўчора, 15 жніўня, таксама на Тураўскай станцыі кальцавання.
Артыкул з’явіўся дзякуючы Клубу200 АПБ і яго сыстэме распаўсюду інфармацыі пра назіранні рэдкіх відаў птушак на тэрыторыі Беларусі.
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня
16-08-2007
Здымак з www. oceanwanderers. com
Пра даследаванне малых грыцукоў з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў можна прачытаць тут: www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=102
Падзяліся артыкулам у сацсетках: