Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Настаўнікі-сябры АПБ збіраліся ў Тураве
Навіна арганізацыі ад 24 жніўня 2007 года
На працягу амаль пяці дзён настаўнікі і кіраўнікі клубаў АПБ “Крылаты дазор” з усёй Беларусі ўдзельнічалі ў палявым летніку “Ад роўнага да роўнага-ІІ”. Найбольш актыўныя сябры АПБ з Гарадоцкага, Сенненскага, Слонімскага, Шумілінскага, Наваградзкага раёнаў, а таксама са Слоніма, Барысава, Мінску, Шуміліна, Горадні і самога Турава не толькі назіралі за птушкамі ў адным з самых прыгожых куткоў Палесся і Беларусі.Пад час летніку абмяркоўваліся “плюсы” і “мінусы” штогадовых кампаній і акцый АПБ, што трэба заставіць, а што – лепш змяніць у будучыні. Менавіта пад час абмеркавання штогадовай міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”, у якой ўдзельнічае і АПБ, выявілася, што большасць удзельнікаў летніку не да канца зразумела ўмовы занясення дадзеных пра першыя назіранні відаў-прадвеснікаў вясны. Дасылаліся ў сакратарыят ці заносіліся непасрэдна на сайт кампаніі толькі самыя першыя назіранні, зробленыя ў адпаведным рэгіёне. У той час як трэба заносіць першыя назіранні для кожнага ўдзельніка, бо важны ўдзел усіх.
[SCREEN:1] Не гледзячы на не зусім выдатную арганізацыю, атрымалася на працягу некалькіх гадзін папрацаваць на ачыстцы ад хмызняку знакамітай ТВП “Тураўскае Балонне”. Пры гэтым не толькі высякаліся зараснікі вярбы, але і па-магчымасці выкапвалося яе карэнне. З-за таго, што статак коней і свойскага быдла тураўчан значна зменшыўся за апошнія гады, выдатныя пашы на поплаве каля цэнтру горада сталі зарастаць хмызняком. І кулікі, чайкі, качкі і іншыя наземнагняздуючыя птушкі патрабуюць дапамогі. Таму кожны гектар поплаву, які атрымалася зрабіць адпаведным для іх гнездавання ёсць нашым важкім унёскам у ахову прыроды. Пра мясцовуюТВП і яе праблемы можна прачытаць тут:
http://www.ptushki.org//turauskilug
[SCREEN:2] Адзін з дзён быў цалкам прысвечаны воднай экскурсіі па Прыпяці. Не толькі птушкі: чародкі качак, кулікоў, чаек, крычак і адзінкавыя постаці чапляў, бакланаў і арланаў, але і найпрыгажэйшыя месцы гэтай знакамітай ракі і яе затокаў парадавалі ўдзельнікаў выправы.
[SCREEN:3] Адбыўся і візыт на месца знакамітай калоніі бакланаў і чапляў у вусце Лані. На жаль, птушак на ёй па розных прычынах не было (не толькі з-за бойні, якая там адбылася ў пачатку лета (гл.
http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=228 ) , але і таму, што рэшта птушак ужо выляцела з гнёздаў). Аднак атмасфера першатворнай дзікай прыроды з магутнымі дубамі, густымі зараснікамі вярбы, сажалкамі, якія пакрыты як зялёнымі коўдрамі, раскай падтрымлівала заўсёднае ўражанне ўнікальнасці гэтага месца.
[SCREEN:0] Дырэктар Тураўскай станцыі кальцавання Інстытуту заалогіі НАН Беларусі і сябра Цэнтральнага Савету АПБ Павел Пінчук распавёў пра працу станцыі. Жадаючыя змаглі не толькі паназіраць за кальцаваннем розных відаў, але і на працягу летніку самі паўдзельнічаць у выправах за злапанымі ў сеці і лавушкі птушкамі. А пад час бёдуотчынгу па беразе Прыпяці атрымалася бліжэй пазнаёміцца са звычайнымі і рэдкімі відамі, якія насяляюць або мігрыруюць праз гэтыя мясціны. Усе ўдзельнікі павялічылі свае асабістыя спісы відаў, якіх яны назіралі. А размовы з сябрамі Клубу200 АПБ дапамаглі зрабіць будучае сяброўства ў Клубе адным з прыярытэтаў.
Напрыканцы летніку адбылася этнаграфічна-гістарычная экскурсія па старажытнаму Тураву. Сябра АПБ і мясцовы краязнавец Інэса Зеніна так захапляльна і з любоўю распавяла пра найцікавейшыя моманты доўгай і цікавай гісторыі гораду, што мы былі проста вымушаны палюбіць гэтыя мясціны.
Дзякуем усім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні летніку: Швэдзкаму орніталагічнаму таварыству SOF , Швэдзкаму агенцтву па развіццю міжнароднага супрацоўніцтва SIDA , асабіста Сяргею Дарошку і Інэсе Зенінай.
Да новых сустрэч на Тураўшчыне!
Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ). Здымкі аўтара.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: