Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Стала вядома месца пахавання заснавальніка беларускай орніталогіі Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853)
Навіна арганізацыі ад 31 жніўня 2007 года
З жыццём і дзейнасцю славутага заолага і заснавальніка беларускай орніталогіі графа Канстанціна Тызенгаўза дагэтуль звязаны шматлікія пытанні, на якія не заўсёды атрымліваецца знайсці адказы. Адным з такіх пытанняў было месца, дзе пахаваны наш славуты зямляк. Справа ў тым, што ва ўсіх даступных нам літаратурных крыніцах як месца апошняга спачынку Канстанціна Тызенгаўза згадваўся фамільны склеп пад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў м.Жалудок (Шчучынскі р-н на Гарадзеншчыне). Аднак, пад час наведвання намі касцёла і фамільнага склепу Тызенгаўзаў пад ім у сакавіку 2006г выявілася, што там ёсць пахаванні брата, бацькі, продкаў і іншых сваякоў орнітолага. Адлі рэштак Канстанціна там няма.Вядома, што з 1815г. да сваёй смерці ў 1853г. Канстанцін з сям’ёй жыў і працаваў ва ўласным палацы ў м.Паставы, што на Віцебшчыне. Аднак і там не атрымалася знайсці яго магілу.
З развіццём Сеціва ўсё больш і больш інфармацыі робіцца даступнай, нават не выходзячы з дому. Праглядаючы спасылкі са згадкамі пра заснавальніка беларускай орніталогіі, я знайшоў артыкул пастаўскага краязнаўцы Ігара Пракаповіча, які змешчаны на сайце газэты “Туризм и отдых” ( http:// www. tio. by/ cgi- bin/ newspaper. cgi? t= text& id=2039 ) .
Апавядае Ігар Пракаповіч пра ўдзел пастаўцаў ў чэрвені гэтага году ў навуковай канферэнцыі ў г.Рокішкіс (былое мястэчка Ракішкі, Літва) і свае ўражанні ад гэтых мясцінаў.
[SCREEN:0] Як вядома, бацька Канстанціна Ігнацы Тызенгаўз, між іншым уладальнік Ракішак, прыкладна на пачатку ХІХст. пабудаваў тут аднапавярховы палац у клясычным стылі, падобны на будынак палацу Тызенгаўзаў у Паставах.
[SCREEN:1] Пасля вяртання дамоў абодвух сыноў графа Ігнацыя з войска Вялікага Княства Літоўскага, удзельнікі якога (як і іншыя хаўруснікі Напалеона) былі амніставаны Аляксандрам І у жніўні 1814г., граф падзяліў сваю вялікую маёмасць на тры часткі. Старэйшы сын Адольф Рудольф атрымаў мястэчка Жалудок і навакольныя фальваркі, а Канстанцін — графства Паставы з навакольнымі землямі і фальваркамі. Сам жа застаўся гаспадаром шматлікіх пазасталых мястэчак і зямель, улучна з Ракішкамі. Магчыма таму і вымушаны быў Канстанцін Тызенгаўз ператварыць 2 флігелі Пастаўскага палаца, будаўніцтва якога было толькі распачата пры Антоніі Тызенгаўзе, ў сапраўдны палац і размясціць там свой знакаміты орніталягічны музэй, бо Ракішскі палац належаў да самай смерці ў 1822г. яго бацьку?
Нават пасля смерці брата Адольфа Рудольфа ў 1830г. і да падзелу агульнай маёмасці ў 1843г. паміж Канстанцінам і новымі сем’ямі трох дачок старэйшага брата, Ракішкі знаходзіліся пад супольным кіраваннем. Пасля гэтага, графства Ракішкі і навакольныя землі і фальваркі апынуліся ва ўласнасці Канстанціна і яго сям’і.
Менавіта тут, ужо пасля смерці бацькі – Канстанціна Тызенгаўза, як піша Ігар Пракаповіч, яго сын, граф Рэйнольд Тызенгаўз вызначыў месца для пабудовы касцёла. “ Храм нібы працягваў сядзібна-паркавы ансамбль, знаходзячыся на адной восі з парадным фасадам палаца на адлегласці аднаго кіламетра. Будаўніцтва касцёла Св. Матфея пачалося ў 1868 годзе па праекту Фрыдрыха Густава фон Шахта, а закончылася толькі ў 1888 годзе. Узводзілі храм сілезскія майстры-муляры, унутранае аздабленне прадстаўлена мастацкімі творамі, якія зроблены ў самых вядомых майстэрнях Еўропы. Комплекс неагатычнага касцёла з асобнай вежай і капэлай – адзін з адметнейшых помнікаў культавага дойлідства Літвы. …
Граф Рэйнольд, будуючы храм, парупіўся і пра Тызенгаўзаў. Абапал алтара пастаўлены скульптуры першага і апошняга з іх роду – Энгэльбрэхта і самаго Рэйнольда. У падзямеллі касцёла зроблена крыпта, дзе перапахаваны першыя ўладальнікі Рокішак Крошынскія і іх спадкаемцы Тызенгаўзы, у тым ліку Канстанцін і Рэйнольд. “
Такім чынам, загадку месца знаходжання парэшткаў заснавальніка беларускай орніталогіі Канстанціна Тызенгаўза можна лічыць вырашанай.
Аднак, як гэта звычайна бывае, адказ на адно пытанне выклікае некалькі дадатковых.
А менавіта: калі і чаму адбылося перазахаванне, бо той факт, што Канстанцін Тызенгаўз быў пахаваны ў Жалудку, не выклікае сумневаў. Ці адбылося яно яшчэ пры жыцці Рэйнольда, (бо памёр ён у 1881г. — яшчэ пад час будавання касцёлу), ці ўжо пасля яго смерці і заканчэння пабудовы?
Спадзяюся, што адказы на гэтыя ды іншыя пытанні таксама дапаможа знайсці Сеціва.
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня
На здымку — неагатычны касцёл Св. Матфея ў г.Рокішкіс (Літва), пад якім у крыпце пахаваны Канстанцін Тызенгаўз.
Партрэт К.Тызенгаўза з літаграфіі Ю.Крыгубера прыведзены з кнігі В.В.Гарбачовай "Удзельнікі паўстання 1830-1831гг. на Беларусі: бібліяграфічны слоўнік." Мн.-2006.
Артыкул пра гісторыю роду Тызенгаўзаў, а таксама пра жыццё і дзейнасць Канстанціна Тызенгаўза можна зпампаваць тут:
www. portal . grsu . by / portal / downloads / REFERATS / BIO / full — story . doc
Паглядзець на здымкі мясцін, звязаных з імем нашага знакамітага земляка, можна тут:
http://ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=25
Падзяліся артыкулам у сацсетках: