Прыпяць зноў збірае сяброў

ад 15 верасня 2007 года

Калі я атрымаў запрашэнне прыняць удзел у летніку для кіраўнікоў клубаў АПБ “Крылаты дазор” на Прыпяці ў Тураве, дык пагадзіўся без прамаруджвання. Пабываць зноў сярод старых і новых сяброў, на станцыі кальцавання, убачыць новыя віды птушак, палюбавацца Прыпяццю і старажытным Туравам. Што можа быць лепш – каб правесці свой вольны час у пачатку жніўня, калі да школы яшчэ далёка, а душа рвецца ў падарожжы і патрабуе новых уражанняў ад гэтага вельмі нетрывалага і хутка пралятаючага лета. Прыпяць зноў збірае сяброў

Мінулы год пакінуў шмат добрых успамінаў ад Турава і прыпяцкіх краявідаў /гл. расповед Сяргея Клёсава пра падарожжа на ровары ў мінулагоднім “Размаху крылаў” АПБ. –зацем Дз.В./ . На Прыпяці можна бываць шматкротна, і заўсёды адкрыць для сябе шмат новага. Старажытны грэцкі філосаф Геракліт пісаў: “У адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы” – і гэта напоўніцу падыходзіць да Прыпяці. Яна заўжды бывае рознай, нават летам, калі ў ёй не так шмат вады – як тая сапраўдная прыгажуня, якая ўвесь час змяняе сваё ўбранне, каб яшчэ больш захаваць свой таямнічы вобраз.

[SCREEN:0] Прыпяць уражвае не шырокім рэчышчам, а сваёй велізарнай поймай, абмежаванай ад вады пясчанымі ўзгоркамі, на якіх вельмі ўтульна адпачываць пад час водных падарожжаў. Пойма Прыпяці нагадвае джунглі Амазонкі са шматлікімі пратокамі і заблытанымі рукавінамі-меандрамі. Яны хаваюцца сярод хмызняку, але менавіта тут можна сустрэць рэдкі для Беларусі від – кіеўскую крапіву. На сухіх дубах, якія старажытнымі асілкамі стаяць па берагах, кожная галінка нагадвае якую-небудзь жывёлу, а некаторыя галінкі падобныя на птушак, якія гатовы вось-вось узляцець. І на гэткую прыгажосць можна глядзець амаль бясконца!

Праграма летніку была вельмі цікавай і насычанай. У першы дзень мы займаліся тэарэтычнымі пытаннямі і абмяркоўвалі мерапрыемствы школьных клубаў АПБ “Крылаты дазор”, а таксама рыхтавалі прэзентацыі і з захапленнем абаранялі іх. Бліжэй да вечару, узброеныя сякерамі, рыдлёўкамі і іншым працоўным рыштункам, зрабілі невялікае падарожжа на Тураўскае Балонне. Тут мы займаліся карыснай для нашых “меншых сяброў” справай – высякалі і карчавалі хмызнякі, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для гнездавання кулікоў.

На адваротным шляху нас падганялі камары, стомленыя, але задаволеныя, мы вярталіся дадому, а фантастычна-чырвоны захад сонца сваімі касымі промнямі яскрава высвечваў контуры самотных дубоў і таполяў – праводзіў нас па доўгай і прыгожай поплаўнай сцяжынцы.

Але сапраўдную асалоду мы атрымалі на наступны дзень, калі ўдзельнічалі ў вандроўцы па Прыпяці. Сяргей Якаўлевіч, наш капітан з вялікім досведам, кіруючы старэнькім “Віхрам”, упэўнена вёў сваю “шаланду, поўную бёдуотчараў” паўз вузкія і парослыя кустоўем пратокі, каб выйсці на галоўнае рэчышча Прыпяці. Спачатку мы былі трохі спалоханыя крутымі віражамі, якія па-майстэрску закладваў наш капітан, але потым асвоіліся з норавам вялікай і вузкай лодкі.

Для фатографаў надышоў час сапраўдны “момант ісціны”. Шэрыя чаплі, схаваўшыся сярод старых карчоў па берагах ракі, вялікія бакланы, якія застылі на галінах сухіх вербалозаў і дубоў, дзікія качкі і кулікі, якія ўзляталі вялікімі групамі са шматлікіх завадзяў – усе гэтыя прыгожыя краявіды “плылі” разам з намі. А вось і арлан-белахвост плаўна спікіраваў з прысады на ваду і узляцеў ужо са здабычай у кіпцюрах!

Усе мы глядзелі то ў адзін, то ў другі бок, абменьваліся ўражаннямі. Нават тое, што лодка спачатку прапускала струменчыкі вады, не спалохала нас. Нашы дзяўчаты хутка заляпілі цечу звычайнай жуйкай і мы ўпэўненыя ў бяспецы працягвалі водную вандроўку.

Непрыкметна прайшоў чарговы жнівеньскі дзень. Стомленнасць давала пра сябе знаць, і на пры канцы падарожжа шмат хто з нас апусціў галаву і ціхенька драмаў.

Тураў сустрэў нас надыходзячай моцнай навальніцай, але мы паспелі своечасова вярнуцца.

На наступны дзень мы зноў атрымалі магчымасць папоўніць свой асабісты спіс убачаных птушак пад час экскурсіі ўздоўж Прыпяці да суседней вёскі. Сустрэлі некалькі відаў кулікоў, шуляка-галубятніка, вялікага грычуна, шэрую валасяніцу ды іншых птушак. А са станцыі кальцавання назіралі за плаваючай па старыцы андатрай. Хоць жнівень не найлепшы месяц для назіранняў за птушкамі, тым не менш мы ўбачылі іх даволі шмат. Можна ўявіць, што тут робіцца ў траўні ці чэрвені!

[SCREEN:1] Пад вечар наш гід Інэса Зеніна правяла для нас экскурсію па Тураву – аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі. Мы даведаліся пра гісторыю гэтых мясцін, пабывалі на замкавай гары, ля помніка Кірыле Тураўскаму, дакрануліся да знакамітага каменнага крыжа. Калі стаіш на Замкавай гары і глядзіш на прыпяцкія прасторы, якія адкрываюцца навокал, міжволі прыходзіш да высновы, што ў гэтым месцы праяўляецца непарыўная сувязь паміж цудоўнымі краявідамі і мінулай веліччу Тураўскага княства.

Як імгненне праляцелі гэтыя тры дні . Багатыя на падзеі, інфармацыю, роздумы. Нават бытавыя нязручнасці адышлі на другі план. Няўжо для бёдуотчара адсутнасць гарачай вады з крана ці мяккага ложка можа стаць падставай, каб адмовіцца ад цікавых сустрэч з птушкамі?

Кожны вечар мы збіраліся разам, абменьваліся цікавай інфармацыяй, уражаннямі, паказвалі адзін аднаму знятыя за дзень кадры, гарталі вызначальнікі, каб упэўніцца ў вызначэнні таго ці іншага віду птушак. Жарты былі вельмі частымі гасцямі пад час нашых сустрэч. І гэта дапамагала зняць стомленасць. З намі ў летніку былі дзеткі – яны былі часткай нашай супольнасці. Сярод нас панавала атмасфера адкрытасці, дапытлівасці, прага новых уражанняў і адкрыццяў. Таму можна спадзявацца, што для нашых юных калег-бёдуотчараў птушкі будуць не толькі абстрактнымі біялагічнымі відамі, а і нечым большым у іх жыцці.

Ад фізічнай стомленасці нікуды не падзецца – ні маладым, ні сталым. Але пройдзе час, і яна знікне. Але прыемныя ўражанні ад летніка, якія засталіся ў сэрцы – надоўга.

Сяргей Клёсаў, Слонімскае раённае аддзяленне АПБ

Летнік для настаўнікаў-сябраў АПБ “Ад роўнага да роўнага-ІІ” быў арганізаваны дзякуючы падтрымцы Швэдзкага орніталагічнага таварыства SOF і Швэдзкага агенцтва па развіццю міжнароднага супрацоўніцтва SIDA .

На здымку Аляксандра Цвырко (АПБ) — захад сонца на Прыпяці.

Другі артыкул пра гэты летнік гл. тут:

http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=250



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: