Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Апошні званок у чацвертай Школе
Навіна арганізацыі ад 5 снежня 2017 года
Навучэнцы чацвертай па ліку Школы бёрдвочара, напярэдадні паспяхова справіўшыся са складаным тэстам, выехалі ў суботу “ў поле”. А дакладней, у мінскі Лошыцкі парк і ў вёску Новы Двор, дзе яны назіралі за птушкамі.
Нягледзячы на, здавалася б, нептушыную палавіну году, “улоў” быў багаты: аж 25 відаў. Сярод іх – сярэдні дзяцел, амялушка, дубанос, зелянушка, паўзунок звычайны, чачотка звычайная. Бачылі ў горадзе канюка-мышалова, які звычайна урбанізаваных мясцінаў пазбягае. Пачулі вясновую песню крапіўніка, якога яшчэ называюць валавокай. Так-так, нягледзячы на пачатак зімы, крапіўнік спяваў вясновую песню – хай сабе ціхенька, але ўпэўнена. Ці не можа забыцца на вясну, ці яе прыспешвае?
Школа бёрдвочара яднае вельмі розных людзей. Камусьці з вучняў усяго 12 гадоў, а камусьці за 60, хтосьці па прафесіі праграміст, а нехта скульптар. Але ва ўсіх так ці іначай у нейкі момант прачнулася цікаўнасць да птушак, гэтага нібыта паралельнага свету, які мы зазвычай назіраем мімаходзь. Але варта ўгледзецца, і вам адкрыецца ўся яго разнастайнасць!
Карына Крывенка падзялілася з намі ўражаннямі ад наведвання Школы: “У меня давно был интерес к птицам, и наконец я созрела. Случайно увидела объявление о наборе в Школе бёрдвотчера и решила, что надо записаться.В Школе было здорово, мне на 100 % понравилось, и я с удовольствием пойду на следующий курс для продолжающих”.
Выкладчык Школы Сямён Левы расказаў, што апошні набор навучэнцаў паспеў пазнаёміцца са 140 відамі птушак, і каля 40 відаў паназіраць у палях. Проста паспрабуй ўспомніць і пералічыць знаёмых птушак, і ты адчуеш, якое гэта багацце – ведаць і пазнаваць такую колькасць розных відаў.
Хаця насамрэч гэта толькі база. Мэтай усіх чатырох Школ бёрдвочара было даць навічкам разуменне бёрдвочынгу (назірання за птушкамі) і базавыя веды пра самыя распаўсюджаныя віды.
Праграму большасць вучняў засвойвае выдатна (15 з 18 атрымалі сертыфікат з адзнакай), таму не дзіва, што ўва многіх выпускнікоў з’явілася жаданне працягнуць навучанне на новым узроўні. Ім цікава навучыцца адрозніваць птушак не толькі па выглядзе, але і па галасах. Таму Водна-балотны цэнтр АПБ плануе правесці набор у Школу для “прасунутых”.
Нам прыемна, што шмат выпускнікоў наведваюць нашыя мерапрыемствы, робяцца валанцёрамі. Гэтым яны не толькі павышаюць свой досвед, але і дапамагаюць птушкам.
Як паведаміла дырэктар Водна-балотнага цэнтру АПБ Кацярына Еўсюкова, ужо на гэтым тыдні будзе абвешчана пра набор у Школу бёрдвочара для прасунутых. Сачыце за навінамі!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: