Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Новы нумар часопіса «Птушкі і мы»: цікавосткі бёрдвочынгу — у любы сезон і ў розных краінах
Навіна арганізацыі ад 29 снежня 2017 года
Чарговы нумар часопіса “Птушкі і мы” хутка апынецца ў паштовых скрынях усіх сябраў АПБ, што аплацілі ўнёскі за 2017 год!
Што іх чакае ў новым нумары?
Галоўная тэма нумару – бёрдвочынг. Гэты занятак імкліва набірае папулярнасць у свеце. Азарт адкрыццяў і радасць, якую ён прыносіць, прываблівае самых розных людзей.
У вялікім інтэрв’ю брытанскі гід па экатурызме Бары Купер расказвае, чаму ён штогоду прыязджае ў Беларусь назіраць за птушкамі. А арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі расказвае пра тое, як бёрдвочынг з’явіўся ў Беларусі, а таксама пра лёсавызначальныя выпадкі, звязаныя з назіраннем за птушкамі.
Расказваем мы і пра зімовы бёрдвочынг. Для многіх птушак выраем служыць нашая Беларусь. Узімку ў нас можна пабачыць, напрыклад, амялушку, снежнага падарожніка ці рагатага жаўрука. А некаторыя нашыя пералётныя птушкі ўсё часцей застаюцца зімаваць на Радзіме.
А тых чытачоў, хто ўсё ж халадоў не любіць і з радасцю адляцеў бы разам з некаторымі птушкамі ў цёплыя краіны, Сяргей Зуёнак перанясе ў Афрыку, каб паназіраць за экзатычнай фаўнай.
А яшчэ мы анансуем ініцыятыву “Будзь здаровы з птушкамі”, якая ахопіць цэлы шэраг беларускіх гарадоў. Школы бёрдвочара, экскурсіі, конкурсы, веламаршруты і многае іншае дазволіць актыўна і з карысцю прабавіць час многім жыхарам Беларусі, а яшчэ – захапіцца назіраннем за птушкамі. За навінамі аб ініцыятыве сачыце на нашым сайце.
Часопіс выйшаў у межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Таксама хочаце чытаць "Птушкі і мы"? Падтрымайце нашую працу і станьце сябрам АПБ ужо цяпер!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: