Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Далучайся да «перапісу» вадаплаўных птушак!
Навіна арганізацыі ад 29 снежня 2017 года
У студзені пройдуць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы нам “перапісаць” кожную качку Бацькаўшчыны! Запісвайся на ўлікі!
Навошта?
Дзякуючы супольнаму зімоваму ўліку мы зможам ацаніць колькі і якіх відаў водна-балотных птушак зімуюць у Беларусі.
Сабраная інфармацыя важная і ў межах нашай краіны, і на сусветным узроўні. Міжнародныя ўлікі водна-балотных птушак пачаліся больш за паўстагоддзя таму. Гэта дае арнітолагам ва ўсім свеце інфармацыю пра амаль 900 іх відаў і дапамагае лепш планаваць дзеянні па іх захаванні.
А яшчэ ўлік птушак — цікавы занятак, багаты на незвычайныя сустрэчы. Ты можаш пабачыць птушак, якія звычайна ў нас не зімуюць, а некаторыя і ўвогуле амаль да нас не залятаюць. У 2017 годзе назіральнікі, што ўлічвалі птушак, пабачылі на зімоўцы чомгу, белалобую гусь, чаротніцу, вялікага баклана, пастушка, качку-свіцьву і качку-шылахвостку… Самай незвычайнай стала сустрэча з нырком-маранкай у Мінску: гэтая паўночная птушка да нас далятае даволі рэдка.
Калі адбудзецца “птушыны перапіс”?
Акцыя па ўліку водных і каляводных птушак, якія засталіся зімаваць у Беларусі, будзе праходзіць на працягу ўсяго студзеня. Для ўліку вельмі зручныя марозныя дні, бо птушкі будуць гуртавацца на адкрытых, не зацягнутых лёдам участках вадаёмаў. Усе як на далоні!
Найлепш пачынаць улік праз 3-4 гадзіны пасля ўзыходу сонца, а заканчваць прыблізна а 15-й гадзіне.
Увага! У сувязі з цёплай зімой асноўныя дні ўліку памяняліся.
Падрыхтуйся да самых актыўных дзён уліковай кампаніі: 19, 20 і 21 студзеня. Нам важна, каб у гэтыя дні на ўлікі выйшла як мага больш людзей. Гэта значна павысіць дакладнасць выніку.
Як праводзіць улік?
Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак. Спампуй і карыстайся!
Улік вадаплаўных ідзе па ўсёй Беларусі. Прагуляйся да найбліжэйшага вадаёму, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.
Карыстайся вызначальнікам птушак. Калі усё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org або запампаваць на florafauna.by— спецыялісты дапамогуць вызначыць, што гэта за птушка.
Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.
Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.
Дзе шукаць птушак?
Галоўнае, памятай пра бяспеку і заставайся на беразе!
Мы падрыхтавалі анлайн-табліцу вадаёмаў для правядзення ўліку птушак, сярод якіх ты можаш абраць самы зручны для цябе. Для гэтага трэба пакінуць свой каментар (імя, па жаданні — кантакты) у ячэйцы насупраць абранага вадаёму.
Табліца будзе абнаўляцца цягам акцыі. З яе будзе відаць, якія месцы ўжо маюць улікоўшчыкаў, а якія яшчэ не.
Найперш звяртай увагу на вылучаныя жоўтым колерам вадаёмы: звесткі па іх маюць найбольшую важнасць. Але калі ты хочаш зладзіць “перапіс” у месцы, якога няма ў спісе, — не праблема. Мы можам дадаць яго ў табліцу.
На што яшчэ звяртаць увагу?
Паўторныя ўлікі на адным і тым жа вадаёме даюць карысныя звесткі. Іх варта праводзіць не часцей, чым раз на дэкаду.
Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.
Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання.
Хочаш пазнаёміць з птушкамі іншых?
Ты можаш далучыць да ўліку сваіх сяброў, суседзяў і проста ўсіх ахвочых.
Калі ты хочаш пабыць для іх птушыным экскурсаводам, паведамі пра гэта нам па тэлефонах (+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87 або праз электронную пошту info@ptushki.org.
З вашай згоды мы размесцім вашыя кантакты на нашым сайце і ў анлайн-табліцы па ўліку, каб ахвочыя з вамі маглі звязацца і запісацца на экскурсію.
Куды дасылаць анкеты?
Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 18 лютага 2018 года:
Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.
Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: