Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Раёны Гомельшчыны абяруць сваіх знакавых птушак
Навіна арганізацыі ад 22 лютага 2018 года
На Гомельшчыне абвясцілі абласную экалагічную акцыю “Абіраем птушку- сімвал раёна!” Яе арганізатары – Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскі дзяржаўны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, Гомельскае рэгіянальнае аддзяленне АПБ.
У Палажэнні пра акцыю гаворыцца: “У Гомельскай вобласці і ў Гомелі 25 раёнаў, і кожны з іх з прыроднага пункту гледжання па-свойму непаўторны. Правядзенне акцыі паспрыяе не толькі дасягненню адукацыйных задач, але і дазволіць кожнаму раёну атрымаць сваё непаўторнае, пазнавальнае аблічча.”
Падрыхтоўка да птушыных выбараў у раёнах будзе сур’ёзная. У яе межах пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў: адукацыйныя заняткі для навучэнцаў, конкурсы малюнкаў і фатаграфіі на тэму “Птушкі ўзімку”, акцыя “Птушкі ля кармушкі”, улікі птушакі, вядома, вылучэнне кандыдатаў на званне крылатых сімвалаў раёнаў.
Да 18 лютага кожны раён вызначыць для сябе трох такіх кандыдатаў, і тады пачнецца “перадвыбарная гонка”. Медыі пазнаёмяць усіх з птушкамі, што прэтэндуюць на званне сімвала раёна. Будуць абвешчаныя конкурсы эсэ і перадвыбарчых плакатаў, прысвечаных крылатым кандыдатам,пройдуць адмысловыя флэш-мобы і фестывалі.
І, нарэшце, самі выбары! Для іх правядзення на сайце райвыканкамаў і раённых газет зладзяць інтэрнэт-галасаванне, а прагаласаваць “ужывую” можна будзе ва ўстановах адукацыі, культуры, на прадпрыемствах і нават у крамах.
Фінал выбараў адбудзецца на экалагічным фестывалі “Дзень Зямлі – 2018”, што пройдзе на Гомельшчыне пры падтрымцы АПБ 30 сакавіка і 1 красавіка 2018 года. На гэтым свяце і стане вядома, якія птушкі зробяцца сімваламі для раёнаў Гомельшчыны.
Нагадаем, што ўпершыню птушка-сімвал раёна была абраная з ініцыятывы мясцовага аддзялення АПБ ў Слуцкім раёне ў 2012 годзе. З таго часу ўжо дзевяць раёнаў абралі сваіх знакавых птушак.
Прыродны сімвал павысіць увагу да наваколля, падкрэсліць адметнасць мясцінаў і прывабіць іншых людзей іх наведаць.
Раёны, што пакуль застаюцца без крылатых сімвалаў, могуць абраць сваю крылатую прадстаўніцу, скарыстаўшыся нашым даведнікам.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: